Кастусь Акула

(1925-2008)

Кастусь Акула (сапраўднае імя Аляксандр Ігнатавіч Качан) - празаік, паэт, драматург.

Нарадзіўся ў 1925 г. у вёсцы Верацеі Вілейскага павета (цяпер Докшыцкі р-н Віцебскай вобл.). З прыходам бальшавікоў бацька быў рэпрасаваны і загінуў у ГУЛАГу. А.Качан вучыўся спачатку ў польскай, затым у расійскай школах, падчас нямецкай акупацыі скончыў настаўніцкія курсы ў Глыбокім (1942), некаторы час працаваў настаўнікам сямігодкі ў в. Порплішчы. У 1943 г. паступіў у Віленскую беларускую гімназію, а ў 1944 - у афіцэрскую школу Беларускай краёвай абароны (БКА), пераехаў у Мінск, адкуль пачалося выгнанне. Беларускія салдаты БКА апынуліся ў Эльзасе, перайшлі на бок французскага Супраціўлення, затым ваявалі супраць немцаў у Другім польскім корпусе генерала Андэрса 8-й Брытанскай арміі, якая знаходзілася ў Італіі, удзельнічалі ў славутай бітве пры Монтэ-Касына, дзе загінула шмат беларусаў. Аляксандр Качан быў узнагароджаны медалём "За вайну", "Залатой Зоркай Італіі". Скончыў Брытанскую афіцэрскую школу (1946) і ў чыне капрала зноў вярнуўся ў Італію. Пасля вайсковай службы прыехаў у Англію, а ў чэрвені 1947 г. эміграваў у Канаду. Адбыўшы двухгадовы кантракт на сельскагаспадарчых работах, ён пераехаў у Таронта.

Кастусь Акула пайшоў з жыцця на 83-м годзе пасля цяжкай хваробы 29 студзеня 2008 года.

Кастусь Акула з'яўляецца адным з самых актыўных дзеячаў беларускай дыяспары ў далёкім замежжы. Грамадскай працай пачаў займацца яшчэ ў Нямеччыне, працаваў у беларускай газеце "Бацькаўшчына", якая пачала выходзіць у Мюнхене. Там жа пачаў пісаць і друкавацца ў розных беларускіх эмігранцкіх выданнях. У Канадзе шмат часу аддаваў арганізацыі беларускіх суполак, заснаванню царквы ў Таронта, працы ў нядзельных школках, рэдагаванню часопіса "Зважай", супрацоўніцтву з беларусамі ЗША, рускамоўнымі эмігранцкімі часопісамі. К.Акула быў адным з арганізатараў Згуртавання беларусаў Канады і яго першым старшынёй. Наладжваў выпуск штомесячнай газеты "Беларускі эмігрант", праз якую трымалі сувязь з беларусамі, расселенымі па іншых месцах Канады. Нязменны ўдзельнік, ініцыятар нацыянальных святаў, фэстаў, сходак з нагоды тых ці іншых палітычных падзей на Бацькаўшчыне, арганізатар антыкамуністычных акцый як на беларускім, так і на міжнацыянальным франтах.

Аднак самае галоўнае - Кастусь Акула - найперш пісьменнік, талент якога пачаў праяўляцца ў маладыя гады яшчэ на Бацькаўшчыне. Раннія вершы К.Акулы друкаваліся падчас вайны ў мінскай "Беларускай газэце", у "Голасе вёскі" пад псеўданімам Міхась Козыр. Ужо тады ён, прысягнуўшы на вернасць Бацькаўшчыне, заклікаў беларуса змагацца, \"мець гонар палегчы за вольнасць дзяцей"". Вершы праходзілі праз рукі Ф.Аляхновіча, які, пасля неспадзяванага вызвалення з салавецкага ГУЛАГу, жыў у Вільні, падтрымліваў маладога аўтара. Пазней, ужо на эміграцыі, Алесь Качан шмат піша артыкулаў, нарысаў, фельетонаў і змяшчае іх у эмігранцкіх выданнях пад псеўданімам Кастусь Акула, які стаў яго пастаянным прозвішчам. Ён амаль цалкам пераходзіць да жанру прозы, хаця іншы раз з'яўляюцца і вершы, як водгук на востранадзённыя праблемы беларускай рэчаіснасці.