7 лістапада намаганнямі Таварыства беларускай культуры ў Літве адбылося адкрыццё адноўленага помніка на магіле Аляксея Арсеннева – бацькі найвыдатнейшай беларускай паэткі Наталлі Арсенневай. Аўтар і фундатар адноўленай шыльды на помніку – Аляксандр Панцялей. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел: Зянон Пазьняк (яму і Аляксандру Панцялею быў даручаны гонар адкрыць помнік), а. Леванід Акаловіч, які асвяціў помнік, вядомы беларускі мастак Аляксей Марачкін, гісторык, археолаг Генадзь Семянчук і інш.
Прамоўцы спыніліся не толькі на значнасці асобы Наталлі Арсенневай для беларускай культуры, але і адкрылі для многіх і самога Арсеннева, расійскага чыноўніка V рангу, начальніка Віленскай мытнай акругі, сапраўднага штацкага дарадніка. І паводле словаў З. Пазьняка, беларускасць Наталля атрымала менавіта ад свайго бацькі, які быў беларусам. І як падцверджанне – менавіта бацькі аддалі Арсеньеву ў беларускую гімназію, нягледзячы на тое, што ў Вільні было шмат іншых школ розных нацыянальнасцей.
Айцец Леванід Акаловіч распавёў пра свае пошукі радаслоўнай Арсенневых. Яму ўдалося знайсці партрэт Аляксея Арсеннева і іншыя цікавыя дакументы з яго біяграфіі. Такім чынам яшчэ на адзін беларускі знак стала на Еўфрасіннеўскіх могілках і ў Вільні. Памятаючы мінулае, шануючы тых, хто яго ствараў зможам адрадзіць Беларусь і захаваць для будучых пакаленняў.