Інфармацыя аб дзейнасці МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” за перыяд з 01.03.2018 г. па 28.02.2019 г.
Дзейнасць МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” ажыццяўлялася ў адпаведнасці са Статутам аб’яднання і на падставе рашэнняў яго кіруючых органаў. 22 лютага ў Мінску адбылося пасяджэнне Малой Рады “Бацькаўшчыны”, на якім былі зацверджаныя фінансавая справаздача і справаздача аб дзейнасці Згуртавання за 2017 год, а таксама прыняты план працы на 2018 год. 5 снежня адбылося пасяджэнне Малой Рады, падчас якога была зацверджаная справаздача дзейнасці Згуртавання за 2018 год.
Штодзённа ішла бягучая праца Згуртавання, камунікацыя з сябрамі арганізацыі з Беларусі і замежжа. Рэгулярна збіралася на пасяджэнні Управа. Бягучая дзейнасць асвятлялася праз сайты zbsb.org, budzma.by, сацыяльныя сеткі Facebook і “Вконтакте”, а таксама праз штомесячны бюлетэнь “Беларусы ў свеце”.
Як вядома, у 2017 годзе быў праведзены Сёмы з’езд беларусаў свету МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, які вызначыў не толькі стратэгічныя накірункі дзейнасці Згуртавання на 4 гады, але і прыняў шэраг дакументаў, якія тычацца агульнанацыянальных пытанняў і пытанняў узаемадзеяння дыяспары і нашай дзяржавы. У справаздачны перыяд “Бацькаўшчына” працягвала фармуляваць на падставе гэтых дакументаў і накіроўваць у адпаведныя дзяржаўныя органы прапановы і рэкамендацыі.
Так, у сакавіку Згуртаванне ў адказ на адпаведную прапанову ад Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь прааналізавала існуючыя законы “Аб беларусах замежжа”, “Аб грамадзянстве”, “Аб сродках масавай інфармацыі”, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі і Статут Нацыянальнай акадэміі навук, пасля чаго накіравала на адрас Цэнтра ліст “Аб практыцы прымянення Закона “Аб беларусах замежжа” – прапановы па карэкціроўцы” на трынаццаці старонках.
З мэтай павышення ведаў пра дасягненні беларускай дыяспары і фармавання адпаведнага іміджу дыяспары як неад’емнай часткі беларускай нацыі, сябрамі “Бацькаўшчыны” (даследчыкам літаратуры беларускага замежжа Ц. Чарнякевічам пры кансультацыях кандыдата гістарычных навук Н. Гардзіенкі і кандыдата філалагічных навук Л. Баршчэўскага) быў зроблены грунтоўны аналіз школьных падручнікаў “Рэпрэзентацыя дыяспаральнай і міграцыйнай праблематыкі ў сучасным адукацыйным працэсе Беларусі (сярэдняя школа)”. Вынікі і прапановы былі дасланыя ў Міністэрства адукацыі, Нацыянальны інстытут адукацыі, на адрас Старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы, а таксама ў Адміністрацыю прэзідэнта і ў Міністэрства замежных спраў. З адказу, атрыманага ад Міністэрства адукацыі, вынікае, што заўвагі “Бацькаўшчыны” будуць накіраваныя да разгляду рабочым групам па падрыхтоўцы адпаведных падручнікаў.
У верасні кіраўніцтва ЗБС “Бацькаўшчына” – А. Макоўская і Н. Шыдлоўская – удзельнічалі ў чацвёртым штогадовым пасяджэнні Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа, на якім прысутнічалі прадстаўнікі беларускіх суполак з 18-ці краін.
2018 год быў знакавым для “Бацькаўшчыны” – Згуртаванне святкавала 25-годдзе правядзення ў Мінску Першага з’езда беларусаў свету. З гэтай нагоды была арганізаваная шырокая інфармацыйная кампанія: на сайце былі апублікаваныя ўспаміны і гутаркі з арганізатарамі і ўдзельнікамі той вельмі важнай для Згуртавання і ўсяго беларускага народа падзеі. Выпуск № 7 (194) “Беларусаў у свеце” быў цалкам складзены з актуальных матэрыялаў, прысвечаных Першаму з’езду.
“Бацькаўшчына” спрычынілася інфармацыйна і арганізацыйна да адзначэння важных юбілеяў: віншавала суполку “Уздым” (Латвія) з 25-годдзем, літаратурнае аб’яднанне “Белавежа” (Польшча) – з 60-годдзем, Згуртаванне беларусаў Канады – з 70-годдзем. У красавіку “Бацькаўшчына” віншавала з 50-годдзем сябру Рады Алега Рудакова (Расія), у ліпені – з 70-годдзем сябру Рады Захара Шыбеку (Ізраіль), у жніўні – з 65-годдзем сябру Рады Уладзіміра Арлова (Беларусь), у верасні – з 80-годдзем сябру Рады Вячку Целеша (Латвія) і ў снежні – з 90-годдзем Радзіма Гарэцкага (Беларусь), у тым ліку дапамагаючы арганізаваць яго творчую вечарыну ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Мінску.
Згуртаванне заўсёды аператыўна рэагуе на праблемы і прапановы, што ідуць ад беларускіх асяродкаў за мяжой.
Так, з ініцыятывы Маргарыты Пяровай (Санкт-Пецярбург, Расія) у сакавіку ў парку імя Янкі Купалы ў Мінску быў усталяваны памятны знак у гонар Антона і Івана Луцкевічаў, адных з пачынальнікаў беларускай дзяржаўнасці. “Бацькаўшчына” прымала самы актыўны ўдзел рэалізацыі гэтага праекта, накіроўваючы адпаведныя звароты ў Міністэрства культуры, Міністэрства замежных спраў, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, да кіраўніцтва Музея Янкі Купалы, а таксама падтрымліваючы гэтую ініцыятыву інфармацыйна.
У красавіку “Будзьма беларусамі!” накіравала зварот да Архіепіскапа Гомельскага і Жлобінскага з просьбай пасадзейнічаць умацаванню стасункаў паміж беларусамі Рагінскай абшчыны і нашчадкамі перасяленцаў з гэтай вёскі, якія жывуць у Сібіры у межах працягу грамадска-культурніцкага праекта “Вяртанне”, а таксама падтрымаць будаўніцтва праваслаўнай царквы ў аграгарадку Рагінь.
Прадстаўнікі “Бацькаўшчыны” бралі актыўны ўдзел у мерапрыемствах беларусаў замежжа:
-
у верасні кіраўніца Згуртавання А. Макоўская ўдзельнічала ў XIX “Беларускім Трыялогу” ў Крынках (Польшча), які праходзіў пад назвай “Belarusian Outside”;
-
у тым жа месяцы сябра Рады і Управы ЗБС “Бацькаўшчына” Н. Гардзіенка прадстаўляла Згуртаванне на 33-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі ў Нью-Ёрку (ЗША), выступіўшы з дакладам.
“Бацькаўшчына” працягвала рабіць актыўныя крокі дзеля захавання і папулярызацыі замежнай беларускай культурнай спадчыны, папулярызавала кнігі і выданні беларусаў замежжа, іх творчасць і дзейнасць. У межах гэтага кірунку на замову Згуртаваня выйшлі з друку наступныя серыйныя кнігі:
-
Масей Сяднёў “Pro et contra” (серыя “Бібліятэка Бацькаўшчыны”). Кніга ўкладзеная сябрам Рады, архівістам Л. Юрэвічам (ЗША);
-
на падставе эпісталярнага архіву Вітаўта Тумаша і Станіслава Станкевіча, перададзенага Беларускім інстытутам навукі і мастацтва (Нью-Ёрк) у Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, сябры Рады Н. Гардзіенка і Л. Юрэвіч падрыхтавалі кнігу “Як укладалі ‘Спадчыну” (“Бібліятэка Бацькаўшчыны”, падсерыя “Спадчына: агледзіны”). Выданне, прымеркаванае да 135-годдзя ад нараджэння і 75-годдзя смерці Янкі Купалы.
Гэтыя дзьве кнігі былі ў чэрвені прэзентаваныя сябрам Рады Н. Гардзіенка на фестывалі беларускай інтэлектуальнай кнігі “Прадмова” ў Мінску.
-
Тамара Стагановіч-Кольба “Абрэзкі з мінулых гадоў” (серыя “Бібліятэка Бацькаўшчыны”). Падрыхтаваныя да друку гісторыкамі-архівістамі, сябрамі Рады Н. Гардзіенка і Л. Юрэвічам успаміны беларускай мастачкі Тамары Стагановіч-Кольба, якія з’яўляюцца своеасаблівым працягам успамінаў яе бацькоў – Аляксандра і Марыі Стагановічаў.
-
Рыгор Барадулін “Дзённікі і запісы. Выпуск 5. 1989–1991” (серыя “Бібліятэка Бацькаўшчыны”, падсерыя “Людзі Беларусі”). Гэты выпуск, як і папярэднія, плён супольных намаганняў “Бацькаўшчыны” і ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”.
-
Пры спрыянні “Бацькаўшчыны” выйшаў новы зборнік паэзіі старшыні Атаўскага аддзела Згуртавання беларусаў Канады і Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Канадзе, сябра Вялікай Рады “Бацькаўшчыны” П. Мурзёнка “Колеры”.
-
Радзім Гарэцкі “Апантаны Бацькаўшчынай. Жыццёвы меланж-2”. Пазасерыйны зборнік публіцыстычных артыкулаў акадэміка, доктара геолага-мінералагічных навук, сябра Рады і колішняга кіраўніка ЗБС “Бацькаўшчына”.
Выпуск кожнага згаданага выдання суправаджаўся інфармацыйнай падтрымкай праз сайт і сацыяльныя сеткі МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”.
Працягвалася актыўная праца і ў Беларусі. Так, у чэрвені намеснік старшыні Рады В. Герасімаў прадстаўляў “Бацькаўшчыну” ў журы абвешчанага ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” літаратурнага конкурсу “Экслібрыс”. У лістападзе ён жа прадстаўляў Згуртаванне на адкрыцці помніка Нілу Гілевічу. У снежні Згуртаванне выступіла ў ролі аднога з арганізатараў II Беларуска-нямецкага форуму па наладжванні партнёрстваў. Таксама ў снежні ЗБС “Бацькаўшчына” разам з Таварыствам беларускай мовы імя Францішка Скарыны, Саюзам беларускіх пісьменнікаў, Беларускім добраахвотным таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры, Саюзам беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын, Гістарычнай майстэрняй імя Леаніда Левіна, Беларускім саюзам мастакоў і Беларускім саюзам дызайнераў стварылі Арганізацыйны камітэт па ўсталяванні помніка беларусам – праведнікам народаў свету, людзям, якія ратавалі яўрэяў падчас Халакосту. Прэс-сакратар Згуртавання Сяргей Кандраценка ўдзельнічаў ад “Бацькаўшчыны” ў семінары Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь на тэму “Удзел беларускіх грамадскіх аб’яднанняў у прыцягненні ў Беларусь інвестыцый у чалавечы капітал”.
Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” па-ранейшаму каардынуе мерапрыемствы ў межах грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”. 1 кастрычніка кампанія “Будзьма беларусамі!” адсвяткавала 10-гадовы юбілей. Падзея суправаджалася адмыслова арганізаванай інфармацыйнай кампаніяй. Гэта не засталося без увагі з боку грамадскасці. Шэраг матэрыялаў СМІ быў прысвечаны аналізу дзесяцігадовай дзейнасці Кампаніі і гутаркам з яе каардынатаркамі А. Макоўскай і Н. Шыдлоўскай.
Справаздачы з усіх шматлікіх і разнапланавых мерапрыемстваў Кампаніі, у тым ліку зладжаных у шчыльным супрацоўніцтве з ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і ГА “Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры”, рэгулярна публікуюцца на сайце. Але пра некаторыя з іх варта прыгадаць асобна.
Кампанія “Будзьма беларусамі!” разам з міжнароднай супольнасцю ўзяла актыўны ўдзел у святкаванні Дня роднай мовы, запусціўшы на пачатку года марафон “Тыдзень роднай мовы”.
Важным накірункам дзейнасці кампаніі “Будзьма беларусамі!” ў справаздачны перыяд было правядзенне рэгіянальных мерапрыемстваў у форме публічных сустрэчаў – актуальным для сучаснай Беларусі спосабе заахвочвання людзей у рэгіёнах да актыўнасці, а таксама адзін са спосабаў арганізацыі дыялогу для эфектыўнага вырашэння лакальных праблемаў. У межах гэтай працы адбыліся:
• У Брэсце, Гродна, Магілёве, Барысаве, Лідзе і Маладэчна “Прэс-клубы”, прысвечаныя пошукам шляхоў вырашэння надзённых сацыяльных праблем;
• 8 “Кірмашоў праектаў”, скіраваных на тое, каб паспрыяць мясцовым прадстаўнікам грамадзянскай супольнасці у справе ўдасканалення культурнай прасторы гарадоў і мястэчак (Бабруйск, Баранавічы, Барысаў, Горкі, Маладэчна, Орша, Полацк і Рагачоў);
• 14 дыскусійных “Ток-шоў” (Бабруйск, Барысаў, Браслаў, Валожын, Верхнядзвінск, Горкі, Докшыцы, Іванава, Ліда, Мазыр, Маладэчна, Полацк, Чарэя, Чырвоны Кастрычнік);
• 22 “Ініцыятыўныя клубы”;
• Чацвёртая сесія “Школы мэраў” – навучальнай праграмы, скіраванай на навучанне маладых лідараў лакальных супольнасцяў наладжванню дыялогу з мясцовай уладай, а таксама прысвечанай адвакатаванню, вядзенню публічных дэбатаў і эфектыўнай працы з медыямі (праводзілася супольна з Цэнтрам даследавання грамадскага кіравання “СІМПА”).
На замову кампаніі “Будзьма беларусамі!” і “СІМПА” спецыялісты правялі сацыялагічнае апытанне і фокус-групу на тэму “Узаемадзеянне грамадзянскай супольнасці і дзяржавы на мясцовым узроўні”.
Акрамя пералічанага, цягам года ажыццяўлялася супрацоўніцтва з іншымі недзяржаўнымі і дзяржаўнымі арганізацыямі і ўстановамі ў Беларусі ў галіне культурніцкай дзейнасці, а сядзіба “Бацькаўшчыны” была традыцыйна адкрытая для ўсіх сяброў Згуртавання. Таму тут цягам года было шмат сустрэч з прадстаўнікамі беларусаў замежжа, з партнёрамі “Бацькаўшчыны”. Як самі сустрэчы, так і гутаркі з гасцямі актыўна асвятляліся на сайце Згуртавання і ў бюлетэні “Беларусы ў свеце”.