Інфармацыя аб дзейнасці МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” за перыяд з 01.03.2017 г. па 28.02.2018 г.
Дзейнасць МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” ажыццяўлялася ў адпаведнасці са Статутам аб’яднання і на падставе рашэнняў яго кіруючых органаў. Штодзённа ішла бягучая праца Згуртавання, камунікацыя з сябрамі арганізацыі з Беларусі і замежжа. Рэгулярна збіраліся на пасяджэнні Управа і Рады.
Асноўныя арганізацыйныя высілкі цягам першага паўгоддзя 2017 года былі скіраваныя на падрыхтоўку і правядзенне Сёмага з’езда беларусаў свету, які адбыўся ў Мінску 15-16 ліпеня пад тэмай “Беларуская нацыя, беларуская дзяржаўнасць, беларускае замежжа – выклікі сучаснасці і стратэгія развіцця”. Напярэдадні З’езда з ініцыятывы Н.Гардзіенкі ў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры", што ў Палацы Рэспублікі, была адкрыта выстава “Зора і Вітаўт”, прымеркаваная да 90-х угодкаў беларускіх дзеячаў у ЗША Зоры і Вітаўта Кіпеляў.
У Сёмым з’ездзе ўзялі ўдзел 228 дэлегатаў, з якіх 115 дэлегатаў – прадстаўнікі беларускага замежжа з 20 краін. Гасцямі З’езда былі вядомыя беларускія культурныя і грамадскія дзеячы, прадстаўнікі міністэрстваў і Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, вышэйшых навучальных устаноў краіны, праваслаўнай, рыма-каталіцкай, грэка-каталіцкай канфесій, мусульманаў Беларусі. Выступілі кіраўнікі і прадстаўнікі дзяржаўных устаноў: міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макей і намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Васіль Чэрнік.
Вынікам жа двухдзённай працы дэлегатаў Сёмага з’езда стала прыняцце выніковых дакументаў, якія актуалізавалі агульнанацыянальныя пытанні. Пасля З’езда прынятыя дакументы былі размешчаныя на сайце Згуртавання і дасланыя па дзяржаўных установах Беларусі. На падставе гэтых матэрыялаў “Бацькаўшчына” будзе фармуляваць прапановы да дзяржаўных інстытуцый краіны і складаць планы дзейнасці Згуртавання на наступныя чатыры гады.
Былі прынятыя наступныя дакументы:
-
выніковая рэзалюцыя Сёмага з’езда беларусаў свету МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” “Беларуская нацыя, беларуская дзяржаўнасць, беларускае замежжа – выклікі сучаснасці і стратэгія развіцця”;
-
рэзалюцыя “Справа захавання і ўмацавання незалежнасці Беларусі – справа ўсіх беларусаў”;
-
рэзалюцыя “Беларуская мова – аснова беларускай нацыі і падмурак дзяржаўнасці Беларусі”;
-
прапановы да дзяржаўнай стратэгіі “Беларусь – дыяспара” на перыяд да 2025 года;
-
зварот Сёмага з’езда беларусаў свету МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, да Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, да Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь “Аб забеспячэнні прававых, арганізацыйных, фінансавых і іншых умоў для развіцця стратэгічнага супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і беларусаў замежжа”;
Таксама з ініцыятывы дэлегатаў з’езда былі прынятыя: зварот да кіраўніка гарадской акругі Калінінграда “Аб наданні імя Францішка Скарыны вуліцы ў г. Калінінградзе”, зварот да мітрапаліта Кандрусевіча і ўладаў сталіцы аб размяшчэнні парэшткаў княгіні Магдалены Раздзівіл у Чырвоным касцёле ў Мінску, вітанне Сёмага з’езда беларусаў свету МГА “Бацькаўшчына” дэлегатам Шостага з’езда Сусветнага Кангрэса татараў.
У другі дзень З’езда праца ўдзельнікаў была арганізаваная па секцыях: “Беларуская дзяржаўнасць: станаўленне, рэаліі, перспектывы”, “Беларуская дыяспара і Беларусь: стратэгія ўзаемадзеяння ў сучасных умовах” і “Беларуская мова і культура – аснова нацыянальнай дзяржаўнасці”. Праца секцый насіла больш практычны характар у межах акрэсленых тэмаў, а высновы, зробленыя падчас працы секцый, былі ўлічаныя ў выніковай рэзалюцыі.
На З’ездзе адбыліся выбары кіруючых органаў МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”: кіраўніком Згуртавання абраная Алена Макоўская, старшынёй Кантрольна-рэвізійнай камісіі абраны Павел Ляхновіч, а ў склад Вялікай Рады ўвайшло па 50 прадстаўнікоў з Беларусі і суполак беларускага замежжа. На першым пасяджэнні новаабранай Вялікай Рады старшынёй Рады абраная Ніна Шыдлоўская.
Некаторыя вынікі працы дэлегатаў Сёмага з’езда ёсць ужо сёння. Так, прапановы ў дзяржаўную стратэгію “Беларусь – дыяспары” ў 2017 годзе знайшлі разуменне ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі і былі абмеркаваныя на пасяджэнні Кансультатыўнага савета па справах дыяспары пры МЗС у верасні 2017 года. У Калінінградзе з’явіцца вуліца імя Францішка Скарыны, а парэшткі княгіні Магдалены Раздзівіл перапахаваныя ў Мінску ў лютым 2018 г.
Не зважаючы на загружанасць у сувязі з Сёмым з’ездам беларусаў свету, Згуртаванне працягвала ажыццяўляць і іншую планавую дзейнасць. Штодня абнаўляўся сайт Згуртавання, з’явіліся новыя рубрыкі. Адна з іх – “Грамадскі ўдзел” – акумулюе матэрыялы, што распавядаюць пра адметных асобаў беларускага замежжа. Іншая – “Дыяспара для Беларусі” – своеасаблівая база звестак пра дапамогу, што аказала беларуская дыяспара незалежнай Беларусі з пачатку 1990-х. Інфармацыя збіралася з архіваў, назапашаных “Бацькаўшчынай”, для яе папаўнення і развіцця зроблены адпаведны зварот да беларускай супольнасці за мяжой.
Згуртаванне заўсёды аператыўна рэагуе на праблемы, што ўзнікаюць у беларускіх асяродках за мяжой. Так, прапанова Інстытута нацыянальнай памяці (Варшава) у межах працэсу “дэкамунізацыі” перайменаваць вуліцу і ліцэй імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску-Падляскім выклікала глыбокую заклапочанасць МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” і змусіла накіраваць звароты да Міністэрства замежных справаў Польшчы, у адміністрацыю Падляскага ваяводства і ў Інстытут нацыянальнай памяці ў Варшаве. А сітуацыя вакол надпісу на помніку Т.Касцюшкі ў Швейцарыі змусіла звярнуцца ў МЗС Беларусі і Польшчы.
2017 год быў багаты на знакавыя юбілеі. Так, былі накіраваныя віншаванні ў сувязі з наступнымі юбілеямі: 5-годдзе Згуртавання беларусаў Швейцарыі (засн. у 2012 г.), 20 гадоў – Нарвскаму беларуска-эстонскаму культурна-асветніцкаму згуртаванню "Спадчына" (засн. у 1997 г.), 20 гадоў – Севастопальскаму таварыству беларусаў імя М.Багдановіча “Пагоня” (засн. у 1997 г.), 25 гадоў – Культурна-асветнаму аб’яднанню беларусаў Палтавы “Агніца” (засн. у 1992 г.), 25 гадоў – Калінінградскаму рэгіянальнаму грамадскаму аб’яднанню “Беларускае таварыства культуры” (засн. у 1992 г.), 20 гадоў – Іркуцкаму беларускаму моладзеваму клубу "Крывічы" (засн. у 1997 г.), 20 гадоў – Нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусы Кубані" (засн. у 1997 г.), 20 гадоў – Нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусь" (засн. у 1997 г.), 25 гадоў – Беларускаму Культурнаму Таварыству “Хатка” ў Гданьску (засн. у 1992 г.), 50 гадоў – Беларускаму Інстытуту Навукі і Мастацтва ў Канадзе (засн. у 1967 г.) і інш. Гэтыя падзеі, а таксама юбілеі слынных дзеячаў дыяспары (як 90-годдзе Вітаўта Кіпеля, 85-годдзе Адама Мальдзіса) былі адзначаныя адпаведнымі віншаваннямі і публікацыямі на сайце і ў бюлетэні Згуртавання.
“Бацькаўшчына” таксама рабіла актыўныя крокі дзеля захавання і папулярызацыі замежнай беларускай культурнай спадчыны, папулярызавала кнігі і выданні беларусаў замежжа, іх творчасць і дзейнасць. У межах гэтага кірунку на замову Згуртаваня выйшлі з друку наступныя серыйныя кнігі: В. Кіпель "Беларусы ў ЗША" (2-е выд.); Н. Гардзіенка, Л. Юрэвіч "Хронікі БІНіМу". Згуртаванне “Бацькаўшчына” сумесна з Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва і нью-ёркскім Беларускім інстытутам навукі і мастацтва заснавала новую кніжную падсерыю “Спадчына: агледзіны”. Першай кнігай у ёй стала “Выбранае” Т.Грыба, другой – “Выбранае” У.Самойлы.
У партнёрстве з Беларускім інстытутам навукі і мастацтва, ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, выдавецтвам “Лімарыус” быў праведзены другі конкурс на Прэмію імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў у галіне непрыдуманай літаратуры. Яго пераможцам стаў Зміцер Бартосік з кнігай “Быў у пана верабейка гаварушчы…”. Нагадаем, што Прэмія паўстала ў 2015 г. з ініцыятывы Наталлі Гардзіенкі і ў 2017-м годзе ўручалася за кнігі, надрукаваныя ў Беларусі на беларускай мове ў перыяд 2015–2016 гг.
Высілкамі Згуртавання ў супрацы з Буда-Кашалёўскім райвыканкамам, Рагінскім сельскім саветам, Адміністрацыяй Вікулаўскага муніцыпальнага раёна Цюменскай вобласці Расіі і Муніцыпальнай аўтаномнай установай культуры “Цэнтр культуры і дасуга Вікулаўскага раёна” быў здзейснены культурніцкі праект “Вяртанне”, у межах якога нашчадкі беларусаў-самаходаў правялі шэраг мерапрыемстваў на радзіме сваіх продкаў у Буда-Кашалёўскім раёне.
Цягам усяго года актыўна праводзілася акцыя "Пяцісотгоднасць" з нагоды 500-годдзя беларускага кнігадруку, якая ажыццяўлялася Згуртаваннем разам з ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і ўключыла ў сябе цэлы шэраг літаратурных сустрэч па Беларусі, а таксама інтэрв’ю і цікавыя матэрыялы на сайтах арганізацыі.
З мэтай фарміравання прапаноў у школьную праграму адносна культурнага і гістарычнага ўнёску беларускай дыяспары быў праведзены адпаведны аналіз адукацыйных праграм сярэдняй школы. Аўтар даследавання – літаратурны крытык Ціхан Чарнякевіч. Па выніках будуць зроблены звароты да дзяржаўных устаноў Беларусі з мэтай карэкцыі навучальных праграм, найперш па такіх прадметах, як грамадазнаўства, гісторыя і літаратура.
Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” па-ранейшаму каардынуе мерапрыемствы ў межах грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Так, у межах супрацоўніцтва з Цэнтрам даследавання грамадскага кіравання “СІМПА” была праведзена другая сесія Школы мэраў, а таксама 2 майстар-класы (у Мінску і Брэсце) з удзелам аднаго з бургамістраў Польшчы (Злоценец) Кшыштафам Захаржэўскім. Грамадскія актывісты, прадстаўнікі прэсы і дзяржаўных установаў мелі магчымасць пачуць пра вялікія рэформы ў малым горадзе, удзеле грамадзян у фармаванні бюджэту гміны і прыняцці іншых рашэнняў, інавацыях для павышэння празрыстасці і эфектыўнасці работы органаў улады.
Цягам года былі арганізаваныя і праведзеныя публічныя дыскусіі на актуальныя для розных гарадоў Беларусі тэмы, кірмашы праектаў, на якіх было прадстаўлена больш за 60 ідэяў мясцовых жыхароў, былі арганізаваныя прэс-клубы, дзе абмяркоўвалася, як арганізаваць эфектыўнае супрацоўніцтва паміж прэсай і грамадскімі актывістамі, каб не толькі асвятляць падзеі, але і ўплываць на фармаванне стаўлення жыхароў да тых ці іншых актуальных пытанняў мясцовага жыцця.
Супольна з “Беларускай аналітычнай майстэрняй” і Школай маладых менеджараў публічнага адміністравання “Сімпа” дзеля вывучэння, як адбываецца ўзаемадзеянне паміж грамадскімі арганізацыямі і органамі мясцовай улады Беларусі, былі праведзеныя экспертны круглы стол і сацыялагічнае даследаванне. Вынікі з’явяцца ў адкрытым доступе.
Акрамя пералічанага, цягам года ажыццяўлялася супрацоўніцтва з недзяржаўнымі і дзяржаўнымі арганізацыямі і ўстановамі ў Беларусі ў галіне культурніцкай дзейнасці, а сядзіба “Бацькаўшчыны” была традыцыйна адкрытая для ўсіх сяброў Згуртавання. Таму тут цягам года было шмат сустрэч з прадстаўнікамі беларусаў замежжа, з партнёрамі “Бацькаўшчыны”. Як самі сустрэчы, так і гутаркі з гасцямі актыўна асвятляліся на сайце Згуртавання і ў бюлетэні “Беларусы ў свеце”.