Справаздача пра дзейнасць МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” за 2014 г.
У справаздачным перыядзе Згуртаванне дзейнічала ў адпаведнасці са Статутам і на падставе рашэнняў, прынятых на Шостым з’ездзе беларусаў свету. “Бацькаўшчынай” быў рэалізаваны шэраг актыўнасцяў, скіраваных на паглыбленне нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў як у краіне, так і за мяжой. Цягам пазначанага перыяду адбылося 2 пасяджэнні Малой Рады, 4 — Управы. У дадзенай справаздачы будуць адзначаныя самыя важныя мерапрыемствы і крокі Згуртавання за год. Уся дзейнасць ажыццяўлялася за кошт мэтавых ахвяраванняў, бо сяброўскія складкі здаюцца сябрамі “Бацькаўшчыны” нерэгулярна і ў нязначным аб’ёме. Падрабязна пра дзейнасць “Бацькаўшчыны” вядзецца рэгулярнае інфармаванне праз сайты zbsb.org і budzma.by, сацыяльныя сеткі, а таксама праз штомесячны бюлетэнь “Беларусы ў свеце”.
Прыярытэтам у кірунку прадстаўлення інтарэсаў беларусаў замежжа ў Беларусі застаецца праца з дзяржаўнымі органамі па пытаннях беларускай дыяспары.
- Праз 13 гадоў ад першых публічных захадаў Згуртавання, 16 верасня 2014 г., нарэшце прыняты Закон “Аб беларусах замежжа”. Пазітыўна, што закон атрымаў тую назву, якую Згуртаванне прапаноўвала адпачатку, а не размытую “Аб суайчынніках…” Важна, што закон замацоўвае панятак “беларус замежжа” ў фармулёўках, блізкіх да прапанаваных Згуртаваннем. Аднак агулам прыняты Закон носіць дэкларатыўны характар і не агаворвае канкрэтныя крокі і дзеянні дзяржаўных органаў адносна беларускай дыяспары. І хаця Закон прадугледжвае стварэнне кансультатыўных саветаў па справах дыяспары пры абласных выканкамах і пры МЗС, у публічнай прасторы пакуль няма пра гэта інфармацыі, як і пра тое, які лёс чакае Каардынацыйны савет пры Міністэрстве культуры. Усе гэтыя гады Згуртаванне працавала дзеля таго, каб і грамадскасць Беларусі, і дзяржаўныя структуры ўсведамлялі значнасць паслядоўнай супрацы дзяржорганаў Беларусі з беларусамі замежжа. Прыняцце Закона — першы важны крок у гэтым кірунку, але недастатковы. Таму праца “Бацькаўшчыны” будзе скіраваная на фармаванне прапаноў для юрыдычнага замацавання практычных механізмаў супрацы дзяржава — дыяспара.
- 12 верасня кіраўніцтва Згуртавання ўзяло ўдзел у Кансультатыўным савеце па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры Беларусі. Асноўнае пытанне, якое абмяркоўвалася з прапановы міністра культуры Б. Святлова, — далейшы лёс Савета. Бальшыня ўдзельнікаў, у тым ліку кіраўніцтва “Бацькаўшчыны”, выказалася за захаванне савета пры Мінкульце, бо наўрад ці пытаннямі культуры (а гэта наўпрост нацыянальная самаідэнтыфікацыя) будуць займацца такія саветы пры любых іншых дзяржаўных міністэрствах, тым больш што яшчэ незразумела, калі і якім чынам яны будуць фармавацца. Кіраўніцтвам Згуртавання таксама было прапанавана абавязкова стварыць такі савет пры Міністэрстве адукацыі, а падчас фармавання савета пры МЗС (гэты працэс ужо пачаўся) абавязкова запрасіць у яго склад прадстаўнікоў беларускіх арганізацый далёкага замежжа.
- На просьбу кіраўніцтва Згуртавання незалежны юрыст ацаніў характар Закона “Аб беларусах замежжа” як агульны, але тым не менш дакумент, які акрэслівае сферу прымянення нормаў. На падставе заключэнняў юрыста распрацаваны праект плана дзейнасці “Бацькаўшчыны” па фармуляванні прапаноў, скіраваных на ўдасканаленне дзяржаўнай палітыкі ў галіне адносін з беларусамі замежжа. Цяпер, калі падзаконныя акты прыводзяцца (а мы спадзяемся, што яны прыводзяцца) у адпаведнасць з Законам “Аб беларусах замежжа” важна агучыць свае прапановы, каб меркаванні суполак беларусаў замежжа былі пачутыя. Першы з гэтых крокаў — галасаванне Вялікай Рады па адпаведных пытаннях, а таксама падрыхтоўка апытальніка, які дапаможа зрабіць маніторынг актуальнага стану і патрэбаў беларусаў замежжа.
Супраца з беларусамі замежжа:
Акрамя штодзённай камунікацыі і інфармацыйна-метадычнай дапамогі, якую Згуртаванне аказвае на просьбы як суполак, так і асобных прадстаўнікоў беларусаў замежжа, “Бацькаўшчына” ажыццявіла наступнае:
- Ужо 14 гадоў “Бацькаўшчына” штомесячна выдае інфармацыйны бюлетэнь “Беларусы ў свеце”, які, па водгуках, стаў унікальнай крыніцай інфармацыі пра жыццё і дзейнасць беларусаў замежжа. Дзякуючы трываламу партнёрству з Беларускім гістарычным таварыствам (Беласток) і непасрэдна з інтэрнэт-бібліятэкай “Камунікат” ад студзеня усе нумары бюлетэня Беларусы ў свеце” можна знайсці на сайце kamunikat.org. 2014 год багаты на юбілеі — і персанальныя, і арганізацый дыяспары. І праз віншаванні і вітанні Згуртаванне імкнецца не абысці ўвагай ніводны з іх (гэта і 20-годдзе Даўгаўпілскага таварыства “Уздым”, і 60 гадоў Англа-Беларускага таварыства, і інш.). Важны для “Бацькаўшчыны” і непасрэдны ўдзел яе прадстаўнікоў у мерапрыемствах суполак з нагоды ўрачыстасцяў. Так, намеснік старшыні Рады Барыс Стук прадстаўляў Згуртаванне падчас вечарыны з нагоды 25-годдзя латышскага “Світанку”, а падарункам для світанкаўцаў ад “Бацькаўшчыны” стаў выступ вядомага беларускага музыкі Змітра Вайцюшкевіча. Асобным святочным момантам было ўручэнне пасведчанняў да Юбілейнага медаля “20 год Першаму з’езду беларусаў свету”. Самі медалі былі ўручаныя прысутным на Шостым з’ездзе беларусаў свету ганаровым сябрам “Бацькаўшчыны”. Сярод світанкаўцаў гэта Вячка Целеш і Таццяна Казак.
- У юбілейнай канферэнцыі з нагоды 25-годдзя Беларуска-эстонскага згуртавання ўзялі ўдзел Старшыня Рады Ніна Шыдлоўская і сябра Рады Наталля Гардзіенка.
- Кіраўнік “Бацькаўшчыны” Алена Макоўская і Старшыня Рады Ніна Шыдлоўская бралі ўдзел у мерапрыемстве з нагоды 25-годдзя Таварыства беларускай культуры ў Літве.
- 19 чэрвеня адбылося ўрачыстае адкрыццё музея-дачы Васіля Быкава, прымеркаванае да 90-годдзя пісьменніка. Намеснік старшыні Рады Беларускага грамадска-культурнага таварыства Аляксандр Станкевіч разам з кіраўніком Санкт-Пецярбургскага аддзялення банка “Адміралцейскі” В. Аляшкевічам прывезлі ў падарунак музею партрэт Васіля Быкава мастака Сяргея Ткачэнкі. Мерапрыемства асвятлялася на сайце Згуртавання і ў бюлетэні.
- 21 чэрвеня сябра Рады Згуртавання Наталля Гардзіенка брала ўдзел у 22-й штогадовай навуковай канферэнцыі “Санкт-Пецярбург і беларуская культура” (адбылася ў Санкт-Пецярбургу).
- Увосень з ініцыятывы Наталлі Гардзіенка Згуртаванне “Бацькаўшчына” разам з Саюзам беларускіх пісьменнікаў заснавала Прэмію імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў за кнігу ў галіне непрыдуманай літаратуры (non-fiction). Цяпер ідзе працэс вылучэння на прэмію. Удзельнічаць у ёй могуць творы як з Беларусі, так і замежжа. Падрабязная інфармацыя пра Прэмію — на сайце zbsb.org.
- У кастрычніку Старшыня Рады Ніна Шыдлоўская па запрашэнні моладзевай асацыяцыі “StudAlliance” прэзентавала ў Вільні досвед Згуртавання і культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” перад студэнтамі з Беларусі і ЕГУ.
За 2014 г. намаганнямі ЗБС “Бацькаўшчына” выдадзеныя наступныя кнігі:
- Каляровая беларускамоўная “Чытанка для маленькіх”. Кніга багата аздобленая прыгожымі малюнкамі мастачкі Святланы Каньковай-Дударэнкі і выклікала вялікую цікавасць у маленькіх чытачоў. Выданне гэтай кнігі, як і ўсіх іншых, традыцыйна суправаджалася інфармацыйнай кампаніяй: размяшчэннем і дасылкай прэс-рэлізаў, арганізацыяй інтэрв’ю і прэзентацыяй. Сустрэча з мастачкай, выстава паводле кнігі і нават майстар-клас для дзяцей былі арганізаваныя ў адной з дзіцячых бібліятэк Мінска ў сакавіку.
- У снежні пабачыла свет чарговая (23-я) кніга ў серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” — новы том “Рада БНР (1970—1982): Падзеі і дакументы. Гэты том, як і папярэдні, стаў вынікам сумеснай працы гісторыкаў і архівістаў Наталлі Гардзіенкі і Лявона Юрэвіча (ЗША). У выданні сабрана шмат дакументаў, якія раней не друкаваліся, што робіць кнігу цікавай як звычайным чытачам, так і гісторыкам.
Асаблівасць кніжнай серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” — гэта тое, што там выходзяць унікальныя даследаванні гісторыі і жыцця беларускай дыяспары, якія раней нідзе не друкаваліся.
- Спрыяла “Бацькаўшчына” і выданню кнігі Віктара Марціновіча “Мова”, а высокі чытацкі інтарэс падштурхнуў да некалькіх перавыданняў за кароткі час.
Творчыя сустрэчы і прэзентацыі — паспяховы шлях папулярызацыі кніг, а з імі — і беларускай дыяспары, яе гісторыі і дзеячаў.
- 2 жніўня на малой радзіме пісьменніка (в. Лужкі Шаркаўчынскага р-на) пры дапамозе Згуртавання адбылася прэзентацыя кнігі Васіля Стомы “Маё мястэчка”, падчас якой Наталля Гардзіенка распавяла прысутным і пра кнігу, і пра складаны лёс яе аўтара, і пра дзейнасць “Бацькаўшчыны.
- 23 кастрычніка ў Маладзечанскай бібліятэцы “Бацькаўшчына” зладзіла творчую сустрэчу з акадэмікам, пісьменнікам, грамадскім дзеячам і прэзідэнтам Згуртавання у 1993—2001 гг. Радзімам Гарэцкім.
- У кастрычніку ў Мінску і Гродна былі арганізаваны прэзентацыі кнігі “Мова” В. Марціновіча.
- 12 снежня “Бацькаўшчына” арганізавала ў Мінску прэзентацыю кнігі “Ян Ялмужна” з удзелам аўтара — Антона Францішка Брыля.
- Шэраг кніжных прэзентацый і сустрэч з аўтарамі арганізуецца Згуртаваннем у межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”. На жаль, сёння “Бацькаўшчына” не мае магчымасцяў выдаваць шмат беларускіх кніг, але для Згуртавання вельмі важна, каб беларускае слова, беларуская літаратура былі прадстаўленыя не толькі ў Мінску, але і ў рэгіёнах. Таму разам з Саюзам беларускіх пісьменнікаў і выдавецтвам “Кнігазбор” “Бацькаўшчына” актыўна працуе над распаўсюдам беларускай кнігі. Сёння ўсталяваныя кантакты і ідзе трывалая супраца з кнігарнямі Мінска і рэгіянальных цэнтраў, з бібліятэкамі па ўсёй Беларусі.
- Ужо чатыры гады Згуртаванне разам з Саюзам беларускіх пісьменнікаў выдае кожныя два месяцы інфармацыйны бюлетэнь “Кніганоша” з навінкамі беларускага друку. Бюлетэнь рассылаецца па бібліятэках Беларусі і размяшчаецца на сайтах. У дадатак выдаецца англамоўны штогадовік, які дасылаецца ў замежныя цэнтры і бібліятэкі дзеля прэзентацыі нашай краіны ў свеце і папулярызацыі яе літаратуры.
Сядзіба “Бацькаўшчыны” традыцыйна адкрытая для ўсіх сяброў Згуртавання. Таму тут цягам года было шмат сустрэч з прадстаўнікамі беларусаў замежжа, і кожная з іх — радасная падзея. Як самі сустрэчы, так і гутаркі з гасцямі актыўна асвятляюцца на сайце Згуртавання і ў бюлетэні “Беларусы ў свеце”.
Істотнай і важнай для паглыблення нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў ёсць праца Згуртавання (пачынаючы ад 2008 года) як каардынатара грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”
Менавіта высокія тэмпы асіміляцыі беларусаў замежжа, слабы прыток новых эмігрантаў у асяродкі (людзі працягваюць выязджаць, але толькі невялікая колькасць далучаецца да суполак) прымусілі Згуртаванне звярнуць увагу на стан нацыянальнай ідэнтычнасці ўнутры краіны. Пачалася праца па пошуку аднадумцаў і паплечнікаў, сярод якіх адпачатку ў кампаніі — Саюз беларускіх пісьменнікаў, Таварыства беларускай мовы, Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Агулам жа сёння ў кампаніі каля 50 партнёраў. Трэба адзначыць, што “Бацькаўшчына” не толькі каардынуе кампанію, але і сама рэалізоўвае вялікую колькасць мерапрыемстваў, анлайн- і камунікацыйных праектаў, стварае рэкламна-інфармацыйную прадукцыю.
Падрабязна пра ўсе мерапрыемствы (і партнёрскія, і тыя, што ладзіць непасрэдна “Бацькаўшчына”) інфармуецца праз сайт кампаніі budzma.by. Слоган кампаніі апошнія некалькі гадоў — “Культура паляпшае жыццё!”. Прычым тэрмін “культура” кампанія выкарыстоўвае не ў вузкім значэнні слова (=мастацтва), а імкнецца данесці, што абсалютна ўсе сферы жыццядзейнасці, дзе адбываецца камунікацыя людзей, і складаюць панятак культуры. Таму і мерапрыемствы кампанія ладзіць разнапланавыя.
Варта адзначыць асноўныя і найбольш рэзанансныя сярод тых мерапрыемстваў і кірункаў, што арганізоўвае непасрэдна “Бацькаўшчына”:
- Дыскусійныя (ток-шоў) на актуальную для канкрэтна ўзятага горада/рэгіёна тэматыку і сустрэчы ў фармаце прэзентацый “Кірмаш праектаў” былі праведзеныя ў Мінску і рэгіянальных гарадах Беларусі. Асноўная мэта “Кірмашоў”— актывізацыя людзей да публічнай дзейнасці ў сферы культуры. Для журналістаў былі праведзеныя прэс-клубы ва ўсіх абласных гарадах Беларусі. Культурніцкія журналісты мусяць усведамляць, што яны не проста інфармуюць пра тую ці іншую падзею культурніцкага жыцця, але і фармуюць густ людзей, іх стаўленне да роднай культуры, таму і працаваць мусяць з адпаведнымі падыходамі і адказнасцю.
- Не спыняюцца і літаратурна-музычныя мерапрыемствы. Так, ад студзеня 2014 г. былі праведзена супольна з Саюзам беларускіх пісьменнікаў дзесяткі літаратурных сустрэчаў.
- Супольная акцыя “Будзьма з мовай!” ладзілася ў рэспубліканскім летніку ўжо трэці раз. 18 жніўня ў летніку Беларускай лігі інтэлектуальных каманд пры падтрымцы “Будзьма беларусамі!” прайшоў дзень беларускай мовы, у межах якога адбыліся “Свая гульня” і “Што? Дзе? Калі?” з пытаннямі на беларускай мове на прызы ад кампаніі, выступілі літаратары, а таксама была праведзеная беларускамоўная дыскатэка.
- Да Міжнароднага дня роднай мовы кампанія стварыла серыю паштовак “Не маўчы па-беларуску!”, якія дапамогуць у штодзённай камунікацыі па-беларуску. Паштоўкі сталі таксама пачаткам цэлай камунікацыйнай праграмы, вынікам якой ёсць аднайменны насценны каляндар на 2015 год і прыстасаванні для андроідаў і айфонаў.
- Адным з вынікам шэрагу мерапрыемстваў у Магілёўскай і Віцебскай абласцях стала тое, што мясцовыя адміністрацыі пачалі больш улічваць культурніцкія ініцыятывы грамадзян. Так, 18 кастрычніка ў Магілёве дзякуючы высілкам грамадскіх ініцыятываў прайшоў унікальны фестываль “Дранiк-fest” Такое свята ў Беларусі праходзіла ўпершыню. Паводле прыблізных падлікаў, фестываль наведала каля 5 тысяч чалавек. Таксама адметнасцю ў гэтым годзе стаў і Фестываль беларускай міфалогіі “У госці да Лепельскага Цмока”, які адбыўся 7 верасня ў Лепелі.
- Штогадовы фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі “Аднак!” — эфектыўная пляцоўка для таго, каб нацыянальныя пытанні (найперш мовы як камунікацыйнага інструменту) прасоўваць у бізнес-асяродку. Так, 25 чэрвеня кампанія правяла ўрачыстую цырымонію ўзнагароджання пераможцаў Пятага фестывалю. На конкурсную праграму было пададзена болей за 400 заявак амаль ад 200 удзельнікаў, што дэманструе як устойлівае развіццё беларускамоўнага рэкламнага рынку, так і ўздым цікавасці да ўдзелу ў Фестывалі з боку маладых прафесійных рэкламістаў. Да прыкладу, у 2013 годзе было пададзена 314 заявак ад 105 удзельнікаў, у 2012 годзе — 330 заявак ад 110 удзельнікаў, у 2011 годзе — 272 заяўкі ад 100 удзельнікаў, а ў 2010 годзе — 105 заявак ад 59 удзельнікаў. Напярэдадні Фестывалю былі арганізаваныя майстар-класы, а ў фестывальны дзень — адмысловая адукацыйная праграма. Кампанія “Будзьма!” як арганізатар адзначае ўплыў Фестывалю на рэкламны рынак — сёння беларускамоўная рэклама робіцца адным з трэндаў!
- Важным сродкам папулярызацыі беларускай культуры і ўласна мерапрыемстваў кампаніі “Будзьма беларусамі!” ёсць партал. За акрэслены перыяд аўдыторыя budzma.by вырасла на 30-35%. Зроблены акцэнт на большую перыядычнасць з’яўлення новай інфармацыі і пашырэння іх тэматычнай разнастайнасці. Павялічаная колькасць аўтарскіх калонак і інтэрв’ю з культурнымі героямі Беларусі, гістарычныя, мовазнаўчыя і палемічныя артыкулы. Анлайн-праекты кампаніі:
- Зроблены першы ў Беларусі прафесійны буктрэйлер паводле апавядання Міхася Стральцова “Смаленне вепрука” рэжысёрам Змітром Вайноўскім, у ролях — Альгерд Бахарэвіч і Максім Жбанкоў. Мэта — падтрымка цікавасці да беларускай літаратуры.
- Кампанія працягвае насычаць святочную тэматыку беларускамоўнай прадукцыяй. Так, да дня Святога Валянціна выйшаў шэраг валянцінак па-беларуску. Дызайн паштовак зрабіў мастак Міхал Анемпадыстаў. Разам з музыкам і мастаком Лявонам Вольскім да шэрагу агульных і прафесійных святаў выходзяць анлайн гумарыстычныя паштоўкі.
- Кампанія імкнецца не толькі сама ладзіць якасныя і рэзанансныя мерапрыемствы. Важна ствараць такі “прадукт”, уздымаць такія тэмы, даваць такія прыклады, каб яны натхнялі і падштурхоўвалі іншых. Так, пасля прэзентацыі камунікацыйнай кампаніі “Краіна цмокаў” адбыўся рэбрэндынг баскетбольнага клуба “Мінск-2006” у “Цмокі-Мінск”. А ў гэтым годзе менавіта дзякуючы кампаніі “Будзьма беларусамі!” пачаў працу першы беларускамоўны сайт байцоўскага клуба ў краіне — patriotgym.by. Папулярны ў чытачоў і праект “Байцоўскі ген”, на ўдзел у ім з ахвотаю пагадзілася некалькі беларускіх файтараў сусветнага ўзроўню. Усе гэтыя мерапрыемствы выклікалі станоўчы рэзананс у грамадстве. Так, спорт — важная, перспектыўная частка сучаснай беларускай культуры, і ў гэтай сферы варта працягваць паслядоўную культурніцкую працу.
- Здзейснена некалькі відэапраектаў. Сярод іх “Маналог Майстра”, а таксама супольна з ТБМ — другі сезон “Край|BY”, 12 серый, якія распавядаюць пра ўнікальную тапаніміку беларускіх мястэчак і іх гісторыю.
- Працягвае калонку развагаў на розныя грамадскія і культурніцкія тэмы брытанскі Амбасадар Брус Бакнэл.
- З верасня культурніцкія дайджэсты самых цікавых падзеяў дасылаюцца шырокай аўдыторыі.
Важна адзначыць.
- Усе мерапрыемствы кампаніі асвятляюцца ў прэсе, у тым ліку і рэгіянальнай, і гэта вельмі важна для папулярызацыі ідэй кампаніі. На сёння кампанія з’яўляецца заўважным лідарам меркаванняў сферы культуры, а сайт — унікальнай крыніцай навін падзей культуры ў Мінску і рэгіёнах, якая паступова ператвараецца ў пляцоўку для абмеркавання матэрыялаў палемічнага характару.
- Дзякуючы распрацоўцы адмысловага раздзела, у які ўваходзяць не толькі матэрыялы па выніках правядзення дыскусійных публічных мерапрыемстваў, але і публіцыстычна-метадычная літаратура і відэа на культурніцкую тэматыку, сайт мяркуе стаць важнай крыніцай інфармацыі для культурніцкіх менеджараў, а таксама чыноўнікаў сферы культуры. Гэты раздзел будзе рэгулярна папаўняцца новай аналітычнай і публіцыстычнай літаратурай па культуры, менеджменту, папулярызацыі культурніцкіх мерапрыемстваў. Спадзяемся, што гэтыя напрацоўкі будуць вельмі карыснымі для асяродкаў беларускай дыяспары для арганізацыі і папулярызацыі сваёй дзейнасці.
Асноўныя дасягненні дзейнасці культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” магчыма будзе ацаніць значна пазней, бо праца, звязаная з паглыбленнем нацыянальнай ідэнтычнасці цяжкавымяральная і доўгатэрміновая. Аднак ужо цяпер можна гаварыць, што дзякуючы паслядоўнай працы адбылося:
- замацаванне тэрміну “нацыянальная ідэнтычнасць” у грамадскім дыскурсе;
- стварэнне трэндаў на беларускае, найперш — беларускую мову;
- пашырэнне панятку “культура” як значнага (асноўнага) складніка ў сацыяльных працэсах, як рухавіка развіцця грамадства;
- фармаванне станоўчага стаўлення ў бізнес-асяродку да супрацы з грамадскімі ініцыятывамі па беларускіх культурных праектах.
Рэгулярна і падрабязна пра ўсе ініцыятывы і мерапрыемствы Згуртавання “Бацькаўшчына” паведамляецца на сайтах zbsb.org і budzma.by. І калі поспехі і дасягненні на паверхні, то далёка не заўсёды навідавоку праблемы і складанасці. Так, як не было, так і няма памяшкання для “Беларускага дома”, задуманага “Бацькаўшчынай”. Сяброўскія складкі не сталі рэгулярнай крыніцай для здзяйснення планаў. Не назіраецца і кардынальных зменаў у стаўленні дзяржаўных органаў да папулярызацыі беларускай культуры. Гэта не можа не хваляваць Згуртаванне. Аднак складанасці толькі кансалідуюць, і падчас іх выкрышталізоўваюцца сябры і партнёры. Дзякуючы ім, дзякуючы актыўным сябрам Згуртавання агулам удаецца рабіць вельмі шмат дзеля таго, каб беларушчына жыла як у суполках дыяспары, так і ў самой Беларусі.