Дзейнасць у 2012 г.

СПРАВАЗДАЧА

аб дзейнасці МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” за 2012 год

У справаздачны перыяд МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” ажыццяўляла дзейнасць у адпаведнасці са Статутам,  рашэннямі V з’езда беларусаў свету і планам дзейнасці на 2012 год, зацверджаным Малой Радай. Рэгулярнае інфармаванне сяброў Згуртавання пра дзейнасць “Бацькаўшчыны” ажыццяўляецца праз штомесячны бюлетэнь “Беларусы ў свеце”, а таксама сайты zbsb.org i budzma.org. Таму ў справаздачы пералічаны толькі найбольш важныя мерапрыемствы Згуртавання.

Адным з важнейшых накірункаў дзейнасці “Бацькаўшчыны” ёсць прадстаўленне і адстойванне інтарэсаў беларускай дыяспары на дзяржаўным узроўні. У гэтым накірунку па-ранейшаму актуальнай застаецца праца дзеля прыняцця Закона “Аб беларусах замежжа”. У 2010-м г. кіраўніцтва “Бацькаўшчыны” было запрошана да ўдзелу ў Рабочай групе па распрацоўцы Закона “Аб беларусах замежжа”. Адбылося два пасяджэнні Рабочай групы, аднак, на жаль, далей справа не пайшла. Болей запрашэнняў на пасяджэнні “Бацькаўшчына” не атрымлівала. Наколькі нам вядома, па выніках тых пасяджэнняў быў распрацаваны праект Закона “Аб беларускіх суайчынніках замежжа”, аднак аб тым, калі ён будзе прыняты, ніякай інфармацыі мы не маем. У сувязі з гэтым, у рамках падрыхтоўкі да Шостага з’езда беларусаў свету “Бацькаўшчына” даслала зварот у адпаведныя дзяржаўныя органы з просьбай паведаміць, калі будзе прыняты Закон “Аб беларусах замежжа”, а таксама, ці была прынятая праграма “Беларусы ў свеце”. Адказ атрыманы ад Палаты прадстаўнікоў, у якім гаворыцца, што абодва гэтыя дакументы яшчэ (!) знаходзяцца ў распрацоўцы.

Выклікае занепакоенасць таксама і праблема з атрыманнем беларускіх візаў некаторымі дзеячамі беларускага замежжа. Так, 20.11. 2012 г. было адмоўлена ў візе сябру Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Яўгену Вапу. Нагадаем, перад гэтым у 23.05.2011 г. памежнікі без тлумачэння прычынаў анулявалі візу Яўгену Вапу пры ўездзе ў Беларусь, а МЗС не палічыў патрэбным патлумачыць “Бацькаўшчыне” прычыну адмовы. У кастрычніку было адмоўлена ў атрыманні беларускай візы сябру Вялікай Рады “Бацькаўшчыны”, старшыні Беларускага культурнага таварыства “Хатка” ў Гданьску Лене Глагоўскай. “Бацькаўшчына” накіравала адпаведны запыт у МЗС. У адказе за подпісам намесніка Міністра замежных спраў А.М. Купчыной гаворыцца, што “Міністэрства замежных спраў разгледзела звароты МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” адносна выдачы ўязных віз грамадзянам Рэспублікі Польшча Я. Вапу і Л. Глагоўскай  і паведамляе аб немагчымасці станоўчага вырашэння гэтага пытання”. Згуртаванне будзе працягваць адстойваць правы сваіх замежных сяброў на ўезд у Беларусь. Доўгі час зацягваецца выдача ўязной візы і старшыні Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведару Нюньку.

У чэрвені кіраўніцтва МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” брала ўдзел у пасяджэнні Кансультатыўнага Савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь. На пасяджэнні “Бацькаўшчына” прапанавала абвесціць 2013 год Годам беларускай дыяспары. Таксама была агучана прапанова: сувязі з правядзеннем Міністэрствам культуры Фестывалю мастацтваў беларускай дыяспары ў 2013 г. максімальна наблізіць да гэтай даты правядзенне VI з’езда беларусаў свету, каб прадстаўнікі беларускай дыяспары маглі трапіць і на з’езд, і на фестываль. Адпаведныя прапановы былі і ў пісьмовым выглядзе дасланы Згуртаваннем у Адміністрацыю Прэзідэнта і Міністэрства культуры.

У красавіку ў “Бацькаўшчыну” па падтрымку звярнуўся старшыня Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага Алег Рудакоў у сувязі з крымінальным пераследам Моладзевага клуба “Крывічы” пры ІТБК і яго самога (падрабязная інфармацыя – у бюлетэні “Беларусы ў свеце” і на сайце zbsb.org). У падтрымку ІТБК і яго старшыні Згуртаванне накіравала зварот у Амбасаду Беларусі ў Расіі, у МЗС РБ, Міністэрства культуры РБ, а таксама пракуратуру Іркуцка. З мэтай прыцягнуць увагу грамадскасці Згуртаванне шырока распаўсюдзіла інфармацыю пра сітуацыю, якая склалася вакол ІТБК, у СМІ. У бюлетэні і на сайце “Бацькаўшчыны” быў змешчаны зварот да грамадскасці Беларусі і суполак беларускай дыяспары з заклікам падтрымаць ІТБК і дасылаць адпаведныя звароты ў яго абарону ў пракуратуру Іркуцка і ў амбасаду  Расіі ў Беларусі. У выніку, як пісаў Алег Рудакоў, маральная перамога атрымана, але справа іркуцкіх беларусаў дагэтуль не закрыта і Таварыства будзе звяртацца ў суд вышэйшай інстанцыі дзеля абароны сваёй дзелавой рэпутацыі.

Кіраўніцтва Згуртавання перыядычна дае інтэрв'ю і каментары ў друкаваных і электронных СМІ, удзельнічае ў радыёпраграмах па дзейнасці "Бацькаўшчыны" і стане беларускай дыяспары. У выступленнях кіраўніцтва “Бацькаўшчыны” заўсёды  ўздымае пытанне аб неабходнасці прыняцця закона аб беларусах замежжа і забеспячэнні належнай рэгулярнай падтрымкі беларускіх суполак замежжа беларускай дзяржавай.  

Арганізацыйная дзейнасць

“Бацькаўшчына” паспяхова прайшла праз працэдуру ўнясення зменаў у статут у сувязі са зменай юрыдычнага адрасу аб’яднання. Міністэрства юстыцыі зарэгістравала новы адрас арганізацыі: г. Мінск, вул. К. Чорнага, 31, 12 Н, п. № 3 (паштовы адрас: 220012, г. Мінск, вул. К. Чорнага, 31-906). Паспяхова прайшла перарэгістрацыю  ва Упраўленні юстыцыі Мінгарвыканкама і рэгіянальная арганізацыя “Бацькаўшчыны” МРА “Шыпшына” (13.09.2012 г.).

Безумоўна, асноўным накірункам у дзейнасці “Бацькаўшчыны” ёсць супраца з беларускімі суполкамі замежжа. Згуртаванне штодзённа падтрымлівае кантакты па электроннай пошце, тэлефоне, імкнецца адказваць на ўсе просьбы і звароты беларусаў замежжа, аказвае кансультацыі і дае неабходныя метадычныя рэкамендацыі беларускім арганізацыям за мяжой.

Сярод іншага, у гэтым накірунку “Бацькаўшчына” аказала падтрымку:

  • Калінінградскаму рэгіянальнаму грамадскаму аб’яднанню “Беларускае таварыства культуры” ў арганізацыі літаратурна-музычнай вечарыны, прысвечанай 130-годдзю Янкі Купалы і Якуба Коласа. Вечарына адбылася 18 лістапада ў Калінінградзе. “Бацькаўшчына” апекавалася арганізацыяй культурнай часткі з беларускага боку, у выніку чаго ў вечарыне ўзялі ўдзел Генадзь Бураўкін, Віталь Рыжкоў, Алесь Камоцкі, гурт “Рэха” (Андрусь Такінданг), а таксама была перададзена сувенірная прадукцыя і кнігі.
  •  Інтэрнэнт-бібліятэцы “Камунікат” у арганізацыі і правядзенні прэзентацыі аўдыёкнігі Ларысы Геніюш «Птушкі без гнёздаў» (6 лістапада, Мінск);
  • Моладзевай асацыяцыі StudAlliance (Літва) у арганізацыі беларускай прысутнасці на Фестывалі “Кірмаш народаў” у Вільні, мэтай якога з’яўляецца культурніцкая, мастацкая, народная прэзентацыя розных краінаў (14-15 верасня, Вільня).

Таксама “Бацькаўшчынай” рэгулярна перадаюцца кнігі ў суполкі беларускай дыяспары, аказваецца бягучая інфармацыйная і метадычная дапамога.

У межах культурна-асветнай дзейнасці “Бацькаўшчына” значна пашырыла віды сваёй дзейнасці, як і  партнёрства з іншымі арганізацыямі як у Беларусі, так і па-за яе межамі.

У Беларусі сёння вельмі слаба развіта супраца бізнэсу і грамадскіх арганізацый, а калі яна і ёсць, то грамадскія ініцыятывы разглядаюцца як прасіцелі, а не як партнёры. Гэта звязана  з тым, што карпаратыўная філантропія яшчэ не ёсць рысай беларускага бізнэсу. У сувязі з гэтым “Бацькаўшчына” разам з славацкай арганізацыяй “Понціс” правяла круглы стол з шырокім удзелам як бізнэс-арганізацый, так і грамадскіх аб’яднанняў культурнай і сацыяльнай сферы дзейнасці. Круглы стол прэзентаваў лепшы вопыт супрацы, паспрыяў выхаду даведніка для грамадскіх аб’яднанняў з метадычнымі рэкамендацыямі, як наладзіць супрацу з бізнэсам.

Падчас міжнароднай навуковай канферэнцыі  “ХХ Гарэцкія чытанні” 14 траўня 2012 г. была арганізавана аўтограф-сесія з Радзімам Гарэцкім.

У чэрвені кіраўніцтва “Бацькаўшчыны” брала ўдзел у сустрэчы, арганізаванай Таварыствам беларускай мовы, прысвечанай уручэнню прэміі імя Міколы Ганька. Нагадаем, што “Бацькаўшчына” з’яўляецца адным з лаўрэатаў гэтай узнагароды.

У верасні “Бацькаўшчына” падтрымала беларуска-польскі конкурс графічных праектаў “МЫ2012”, арганізаваны Беларускім саюзам дызайнераў і Беларускім саюзам мастакоў. Управа Згуртавання зацвердзіла прызавы фонд для  беларускіх аўтараў,  які  склаў  7 500 000  рублёў. Адмысловая прэмія,  што будзе ўручацца  пераможцам, атрымала назву “Будзьма беларусамі!”.

Разам з Саюзам беларускіх пісьменнікаў і Беларускім Кнігазборам працягваецца праца па стварэнні ў рэгіёнах Беларусі сеткі кніжнага распаўсюду. З траўня ў яе паступіла больш за  660 беларускіх кніг. У межах працы гэтай сеткі па краіне ладзяцца прэзентацыі кніг і сустрэчы з літаратарамі.

Да Згуртавання звярнуўся Веткаўскі музей народнай творчасці з просьбай дапамагчы матэрыяльна музею. МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” звярнулася да сяброў Згуртавання, распавёўшы пра сітуацыю з Веткаўскім музеем. У выніку Веткаўскаму музею Згуртаваннем было пералічана  на рахунак  4 мільёны беларускіх рублёў.

Асобнае месца ў культурна-асветнай дзейнасці “Бацькаўшчыны” займае выданне кніг. З-за фінансавых цяжкасцяў, на жаль, сёлета не атрымалася выдаць усе прадугледжаныя планам кнігі. Аднак праца па пошуку фінансавання пад планаваныя кнігі працягваецца.

У студзені выйшла 20-я кніга серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” – “Шматгалосы эпісталярыум: гісторыя людзей і ідэй на эміграцыі ў ліставанні" Лявона Юрэвіча. Кніга была разасланая па асяродках беларускай дыяспары.

Амаль завершана праца над кнігай Лявона Юрэвіча “Жанры” пад рэдактарствам Наталлі Гардзіенкі. Таксама рыхтуюцца да друку:

  • Перавыданне кнігі А. Грыцкевіча “Старонкі нашай мінуўшчыны”;
  • Перавыданне поўнаколернага ілюстраванага першага раздзелу “Чытанкі для дзіцячага садка” (супольна з Саюзам беларускіх пісьменнікаў);
  • Выданне на беларускай і англійскай мовах кнігі А. Трусава “Невядомая нам краіна” – дзякуючы клопату Ірэны Каляды-Смірновай (ЗША).

Інфармацыйны накірунак.

Важным аспектам дзейнасці Згуртавання з’яўляецца інфармаванне сусветнай беларускай супольнасці і сяброў у Беларусі пра дзейнасць беларускіх асяродкаў за мяжой. З гэтай мэтай “Бацькаўшчына” працягвае выпуск штомесячнага бюлетэня “Беларусы ў свеце”, які бясплатна дасылаецца падпісчыкам (арганізацыям і асобам) у 20-ці краінах свету ў папяровым і электронным выглядзе.

Штодзённа аднаўляецца  сайт Згуртавання zbsb.org. Бліжэйшым часам будзе завершана тэсціраванне новага сайту Згуртавання. Ён будзе мець больш прывабны дызайн, і самае галоўнае – уся інфармацыя перанесена на новую, больш сучасную і надзейную тэхналагічную платформу.

Прыемная навіна, што паводле socialbakers сярод усіх старонак Facebook у Беларусі 8 месца – “Бацькаўшчына” , 11 месца – “Будзьма разам”. Гэта вынік плённай працы па напаўненні кантэнтам (дзякуючы Алесі Башарымавай і Таццяне Печанко, Віталю Рыжкову і Алесю Плотку), што дазволіла атрымаць досыць уплывовую па рэаліях Беларусі суполку.

Адбываецца папаўненне новымі матэрыяламі электроннай бібліятэкай дыяспары на сайце Згуртавання, працягваецца супраца з Інтэрнэт-бібліятэкай “Камунікат”.

Раз на два месяцы выходзіць літаратурны бюлетэнь “Кніганоша”, заснаваны ў 2010 г. сумесна з Саюзам беларускіх пісьменнікаў. У бюлетэні можна даведацца пра навінкі беларускамоўнага друку, у тым ліку і пра кнігі, якія выходзяць у серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”. Быў выдадзены інфармацыйны каталог “Кніганоша” на англійскай мове. Ён быў дасланы славянскім аддзелам  бібліятэк  і  цэнтрам  вывучэння славянскіх культур у 30 краін свету. За гэтую дасылку “Бацькаўшчына” і СБП атрымалі падзяку ад Лонданскай Брытанскай бібліятэкі. Зараз завяршаецца праца над другім нумарам англамоўнага каталога, які будзе змяшчаць інфармацыю пра  беларускамоўныя кнігі, што выйшлі ў 2011 г.

Асобным накірункам працы “Бацькаўшчыны” ў застаецца вядзенне грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Кампанія скіравана на паглыбленне нацыянальнай ідэнтычнасці.

Адным з найбольш значных мерапрыемстваў сёлета стала правядзенне Трэцяга фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі “Аднак!”. У гэтым годзе назіралася вялікая цікавасць адмыслоўцаў да фестывалю, на конкурс было пададзена больш за 300 работ.

Прайшло паўтары гады з моманту прэзентацыі анімацыйнага фільма па гісторыі Беларусі “Будзьма беларусамі”. За гэты час фільм атрымаў узнагароды на наступных фестывалях:

  • Фестываль “Аднак!-2011” (гран-пры);
  • Uzupis International Film Festival 2011 (спецыяльная прэмія);
  • One short film fest 2012 (Беларусь) (1-е месца за анімацыю);
  • Фестываль “Белы квадрат-2012” (Беларусь) (1-е месца ў намінацыі “сацыяльнае відэа”);
  • Кіеўскі міжнародны фестываль (золата за анімацыю, бронза за рэжысуру).

Таксама анімацыя брала ўдзел у фестывалях: KROK International Animation festival 2011, Varna International Animation festival 2011, Balkanima International Animation festival 2011, ANIMEST International Animation festival 2011, HIROSHIMA 2012.

Створана чатыры моўныя версіі мультфільма: руская, польская, англійская, шведская.

Надрукавана маляванка для дзетак “Будзьма беларусікамі” паводле анімацыйнага фільма і “Дзённік Усяслава Чарадзея”, які з’яўляўся часткай кампаніі па прасоўванні анімацыйнага фільма.

Тыражом 5000 экземпляраў натхнёнымі мультфільмам сябрамі Згуртавання выдадзены DVD-дыск з анімацыяй, шпалерамі і рынгтонамі з мультфільма і лепшымі медыйнымі праектамі кампаніі “Будзьма беларусамі!” за 4 гады. Дыск распаўсюджваецца на імпрэзах кампаніі ў вёсках і малых населеных пунктах з нізкім пранікненнем інтэрнэту ці яго адсутнасцю.

Сёлета на сайце budzma.org з’явіўся новы раздзел – “Асобы”, што знаёміць у твар з выбітнымі асобамі кампаніі “Будзьма беларусамі!”, якія рухаюць яе наперад і актыўна прапагандуюць беларускую культуру. Фотаздымкі для “Галерэі асобаў” зрабіў вядомы фатограф, амерыканскі беларусафіл Джон Кунстадтэр.

З сакавіка па чэрвень на сайце кампаніі быў рэалізаваны відэапраект “Захапленні”. Гэта серыя незвычайных  рэпартажаў  з  удзелам  самых вядомых беларускіх музыкаў. Выйшла тры дзясяткі унікальных міні-фільмаў.

Атрымала працяг камунікацыйная праграма “Краіна цмокаў”. Гэты праект накіраваны на фармаванне  сучаснага  культурніцкага  коду  і візуальнай  прасторы  Беларусі на падставе нацыянальнага,  беларусацэнтрычнага падыходу. У межах праекту быў створаны турыстычны  сімвал  Беларусі,  распрацаваны  на  падставе  вобразаў старадаўняга  беларускага цмока, створаны адмысловы  відэа-ролік  “Краіна Цмокаў. Малюем разам”. На сайце кампаніі публікуюцца гутаркі з экспертамі-“цмоказнаўцамі” – даследчыкамі, фатографамі, вандроўнікамі, журналістамі. Яны распавядаюць пра мясціны, куды варта ехаць, каб знайсці цмока. Калі ўсе гутаркі будуць апублікаваныя, наведнікі сайту абяруць самыя “цмачыныя” месцы, і яны будуць аб’яднаныя ў адзін турыстычны маршрут.

У лістападзе на сайце budzma.org стартаваў журналісцкі праект “Байцоўскі ген”. Ён знаёміць чытачоў з выбітнымі прадстаўнікамі сучаснага спорту, якія нягледзячы на шматлікія перашкоды паказваюць на радзіме і ў свеце выдатныя вынікі і наяўнасць сапраўднага байцоўскага гену беларусаў.

З 5 снежня на сайце кампаніі пачаўся новы мультымедыйны праект  “Край.by”, у якім шчыра, з гумарам і ў рэжыме тач-скрын актор Павал Харланчук і вірус беларушчыны, які завёўся ў студыйным камп’ютары, расказваюць пра беларускія мясціны. 

Кампанія вядзе актыўную дзейнасць у рэгіёнах Беларусі.  У супрацы з грамадскімі арганізацыямі Беларусі праводзяцца разнастайныя культурніцкія мерапрыемствы – круглыя сталы, семінары, канцэрты, сустрэчы з пісьменнікамі. На сённяшні дзень рэгіянальныя каардынатары кампаніі працуюць у Брэсце, Гродне, Магілёве, Віцебску, Гомелі.

У лістападзе ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” распачата правядзенне рэгіянальных ток-шоў з серыі “Культура паляпшае жыццё” ва ўсіх рэгіёнах краіны. 21 лістапада ў Магілёве абмяркоўвалі тэму “Магілёў – культурная сталіца СНД: ініцыятыва зверху ці знізу”, 23 лістапада – ток-шоў “Грамадства для культуры ці культура для грамадства?” у Брэсце, 4 снежня – ток-шоў “Культурны градус Віцебска: плюс ці мінус?” у Віцебску. Удзельнікі такіх сустрэчаў – рэгіянальныя дзеячы культуры і адукацыі, грамадскія актывісты, бізнэсоўцы і прадстаўнікі дзяржаўных органаў. Падчас імпрэзы абмяркоўваюцца з рэгіянальнага пункту гледжання пытанні: 

- Што ёсць культура ва ўспрыняцца беларускіх рэгіёнаў? Які “рэйтынг” увогуле культура мае ў грамадскай свядомасці?

- Якія існуюць матывы стварэння культурных прадуктаў і як фармуецца культурны густ людзей? Ці магчыма ўплываць на змест і якасць тых культурных з’яў, якія ствараюцца аддзеламі культуры ў рэгіёнах?

- Якія крокі трэба зрабіць, каб прапанаваць і рэалізаваць сваю культурніцкую падзею?

Акрамя вышэйпералічанага, цягам года рэгулярна праходзілі пасяджэнні Управы і Малой Рады “Бацькаўшчыны”. З кастрычніка 2012 года пачалася праца па падрыхтоўцы да Шостага з’езда беларусаў свету.