Справаздача пра дзейнасць МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” за 2015 г.
У гэтай справаздачы адзначаныя найбольш важныя мерапрыемствы і крокі Згуртавання за год. Уся дзейнасць ажыццяўлялася ў адпаведнасці са Статутам і за кошт мэтавых ахвяраванняў; сяброўскія складкі, як і раней, здаюцца нерэгулярна і ў нязначным аб’ёме. Бягучая дзейнасць асвятлялася праз сайты zbsb.org і budzma.by, сацыяльныя сеткі, а таксама штомесячны бюлетэнь “Беларусы ў свеце”.
2015 год быў знакавым для “Бацькаўшчыны”: 25 гадоў ад заснавання. З гэтай нагоды была арганізаваная шырокая інфармацыйная кампанія: публікацыі на сайце і ў бюлетэні ўспамінаў, гутарак і інтэрв’ю з заснавальнікамі і сябрамі Згуртавання. 22 кастрычніка ў Мінску адбылося ўрачыстае пасяджэнне Малой Рады, на якім акрамя бягучых пытанняў удзельнікі пасяджэння абмеркавалі і далі ацэнку ролі “Бацькаўшчыны” з улікам яе 25-гадовай дзейнасці. Было адзначана, што, нягледзячы на складанасці і выпрабаванні, арганізацыя захавалася і актыўна дзейнічае, надалей выконваючы сваю мэту – кансалідуе беларусаў і ў краіне, і па-за яе межамі на глебе павагі да гісторыі, культуры і мовы, умацоўвае сувязі Беларусі з яе дыяспарай.
Акрамя штодзённай камунікацыі і інфармацыйна-метадычнай дапамогі, якую Згуртаванне аказвала ў адказ на просьбы як суполак, так і асобных прадстаўнікоў беларусаў замежжа, Управай і апаратам “Бацькаўшчыны” ў 2015 годзе зроблена наступнае:
- Прадстаўнікі “Бацькаўшчыны” бралі актыўны ўдзел у мерапрыемствах беларусаў замежжа: так, сябра Рады і Управы Наталля Гардзіенка прадстаўляла Згуртаванне на з’ездзе ФНКА “Беларусы Расіі”. Паводле з’езда спн. Наталляй быў зроблены падрабязны рэпартаж і вялікае інтэрв’ю са старшынёй Іркуцкага таварыства беларускай культуры А. Сіпаковай. Таксама Н. Гардзіенка пры дапамозе “Бацькаўшчыны” ўзяла ўдзел у міжнароднай канферэнцыі русістаў у г. Аламоўц (Чэхія), выступіўшы з дакладам пра беларускае эміграцыязнаўства. Па выніках паездкі яна падрыхтавала грунтоўны матэрыял для сайта і бюлетэня. Прэс-сакратар Алеся Башарымава ўдзельнічала ад ”Бацькаўшчыны” ў канферэнцыі беларусаў памежжа ў Дзвінску і Вісагінасе, а сябра арганізацыі Алесь Камоцкі – у юбілейных мерапрыемствах з нагоды 15-годдзя Нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў у Томскай вобласці.
- 1 ліпеня кіраўніцы Згуртавання А. Макоўская і Н. Шыдлоўская ўзялі ўдзел у пасяджэнні Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа, матэрыял па выніках пасяджэння публікаваўся на сайце і ў бюлетэні. На Савеце абмяркоўвалася развіццё супрацоўніцтва ў галіне культуры, а таксама гандлёва-эканамічнае і інвестыцыйнае супрацоўніцтва Беларусі з дыяспарай. Удзельнікамі пасяджэння былі агучаныя прапановы па пытаннях інфармавання, каардынацыі і ўзаемадзеяння беларусаў замежжа як паміж суполкамі, так і з Беларуссю: у прыватнасці, для гэтага было прапанавана стварыць інтэрнэт-партал. Для актывізацыі эканамічнага супрацоўніцтва ў наступным годзе было прапанавана правесці дзелавы форум прадстаўнікоў беларускай дыяспары. Таксама на Савеце прагучала думка пра неабходнасць паляпшэння прававога становішча беларусаў замежжа (мэтазгоднасць увядзення “карты беларуса”, адмену рэгістрацыі падчас візітаў у Беларусь, механізм выплаты пенсій, квотныя месцы абітурыентам). Наступнае пасяджэнне Кансультатыўнага савета плануецца правесці ў другім паўгоддзі 2016 года.
- Управа рэгулярна віншавала сяброў арганізацыі і суполкі з юбілеямі, днямі народзінаў. Дасылаліся віншавальныя лісты і вітанні, рабіліся адпаведныя публікацыі на сайце і ў бюлетэні “Беларусы ў свеце”. А да 105-годдзя Барыса Кіта была праведзеная адмысловая інфармацыйная кампанія з удзелам беларускіх СМІ.
“Бацькаўшчына” і ў 2015 годзе працягвала рабіць актыўныя крокі дзеля захавання і папулярызацыі замежнай беларускай культурнай спадчыны. Так, намаганнямі Згуртавання былі выдадзеныя наступныя кнігі ў серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”:
- “Рада БНР 1982–1997. Падзеі, дакументы, асобы”, 3-і том. Кніга стала працягам супольнай працы архівістаў Лявона Юрэвіча і Наталлі Гардзіенка, якія два гады таму сабралі пад адной вокладкай дакументы, датычныя дзейнасці Рады БНР часоў Міколы Абрамчыка, а летась выдалі аналагічны збор дакументаў, звязаных з беларускім дзяржаўным прадстаўніцтвам у выгнанні часоў кіравання Вінцэнта Жук-Грышкевіча.
- Кніга Алега Гардзіенкі “БЦР: стварэнне, дзейнасць, заняпад (1943–1995 гг.)” была падрыхтаваная да выдання і стане 29-й кнігай у серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”. Кніга ёсць плёнам шматгадовага даследавання аўтарам дзейнасці Беларускай Цэнтральнай Рады.
- “З фальварка Марцінова да Фармінгтонскіх узгоркаў” – успаміны беларускага эмігранта Святаслава Шабовіча, які страціў падчас вайны бацькоў і падлеткам мусіў эміграваць. Прадмову да кнігі напісала Наталля Гардзіенка. Кніга аздобленая здымкамі розных часоў з сямейнага архіву аўтара.
- “Эмігрант Францыск Скарына, ці Апалогія” стала юбілейным, 25-м, выданнем. У кнізе Лявон Юрэвіч пад адной вокладкай сабраў скарыназнаўчыя дакументы беларускай эміграцыі.
- “Па гарачых слядах мінуўшчыны” – кніга лістоў вядомага дзеяча беларускай эміграцыі і навукоўца з ЗША доктара Янкі Запрудніка. У яе ўвайшло выбранае ліставанне 1952–1959 гадоў. З ініцыятывы Н. Гардзіенкі і В. Трыгубовіч “Бацькаўшчынай” была зладжаная прэзентацыя гэтай кнігі ў мінскай кнігарні “ЛогвінаЎ”.
- “Адвечныя плыні” Пятра Сільвестравіча Мурзёнка. Кнігу падрыхтаваў і ўклаў яго сын, Пётра Пятровіч Мурзёнак. Акрамя гістарычных нарысаў, апавяданняў, артыкулаў у кнігу ўвайшлі дзіцячыя расказы. Ёсць там і здымкі з сямейнага архіву.
- 2-і выпуск “Дзённікаў і запісаў (1970–1978)” народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна пабачыў свет дзякуючы супольным намаганням “Бацькаўшчыны” і Саюза беларускіх пісьменнікаў у падсерыі “Людзі Беларусі”.
Друкуюцца і пазасерыйныя выданні:
- “Бацькаўшчына” спрыяла выданню кнігі Віктара Марціновіча “Мова”, а высокі чытацкі інтарэс падштурхнуў да некалькіх перавыданняў за кароткі час.
- Надрукаваны і шырока распаўсюджваецца, карыстаючыся заслужаным попытам, насценны каляндар “Не маўчы па-беларуску!” на 2016 год. Напярэдадні новага года Згуртаванне зладзіла маштабную дасылку календара сябрам Рады арганізацыі, яе сталым партнёрам і дзяржаўным структурам Беларусі.
- Аказаная арганізацыйная дапамога ў выданні кнігі Наталлі Вярбоўскай “Літаратурны сцэнар мастацкага фільма “Маці Еўфрасіння. Апошняе падарожжа”.
Выданне кожнай кнігі суправаджалася інфармацыйнай кампаніяй, інтэрв’ю са стваральнікамі.
Вельмі важную ролю ў справе папулярызацыі беларускай дыяспары, яе культурнай спадчыны адыгрываюць непасрэдныя сустрэчы з выбітнымі прадстаўнікамі эміграцыі, а таксама правядзенне конкурсаў і заснаванне прэмій. Усё гэты заклікана прыцягнуць цікавасць шырокай грамадскасці і абудзіць інтарэс беларускіх даследчыкаў.
- Так, “Бацькаўшчына” стала адным з арганізатараў прэзентацыі кніг сябра Рады Згуртавання, мастака, пісьменніка, намесніка старшыні Латвійскага таварыства беларускай культуры "Сьвітанак" і старшыні суполкі мастакоў-беларусаў Балтыі "Маю гонар" Вячкі Целеша. На імпрэзе, у якой браў удзел сам аўтар, былі прадстаўленыя дзве кнігі – "Гарады Беларусі на старых паштоўках", якая зазнала ўжо чацвёртае перавыданне, і радавод В. Целеша "Адсюль наш род, тут мой прычал".
- “Бацькаўшчына” выступіла адным з заснавальнікаў прэміі ў галіне непрыдуманай літаратуры імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў разам з Саюзам беларускіх пісьменнікаў, выдавецтвам “Лімарыус” і БІНІМам. Увесну адбылося ўганараванне лаўрэатаў прэміі. Узнагароды атрымалі кнігі нон-фікшн Андрэя Федарэнкі, Генадзя Кісялёва і Сяргея Дубаўца.
- Увосень 2015 года з нагоды 25-годдзя Згуртаванне абвясціла конкурс працаў пра беларускае замежжа. Да разгляду прымаюцца арыгінальныя аўтарскія тэксты навуковага, навукова-папулярнага, публіцыстычнага характару, прысвечаныя розным аспектам жыцця і дзейнасці беларусаў у замежжы. Конкурс яшчэ працягваецца.
Як вядома, беларуская прысутнасць у замежжы налічвае стагоддзі. На жаль, у Беларусі найчасцей толькі спецыялісты ведаюць пра дасягненні і значнасць дзейнасці беларусаў замежжа для ўсёй беларускай нацыі. Для гісторыі, сучаснасці і будучыні надзвычай важна, каб сведчанні гэтай дзейнасці збіраліся, захоўваліся, даследаваліся і папулярызаваліся ў Беларусі. З гэтай мэтай у чэрвені 2014 г. пры падтрымцы ЗБС ”Бацькаўшчына” пры Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва паўстала навукова-творчая ініцыятыва "Цэнтр камплектавання і вывучэння дакументальнай спадчыны беларускага замежжа". А ў 2015 годзе “Бацькаўшчына” падрыхтавала і перадала ва ўстанову частку архіву беларускай дыяспары, што захоўваўся Згуртаваннем.
Шмат робіцца “Бацькаўшчынай” дзеля папулярызацыі беларускай культуры як у Беларусі, так і ў замежжы:
- Цягам года разам з Саюзам беларускіх пісьменнікаў актыўна ладзіліся творчыя сустрэчы і прэзентацыі, а кнігі з серыі “Бібліятэка Бацькаўшыны” былі прадстаўленыя на міжнародных кірмашах у розных краінах свету (Украіна, Польшча, Германія).
- Згуртаванне разам з Саюзам беларускіх пісьменнікаў працягвала выпуск інфармацыйнага бюлетэня “Кніганоша” з навінкамі беларускага друку. Бюлетэнь выходзіў раз на два месяцы і рассылаўся па бібліятэках Беларусі, размяшчаўся на сайтах арганізацый-партнёраў.
- Рэгулярна вялася праца па пашырэнні незалежнага кніжнага распаўсюду (асаблівая ўвага надавалася рэгіёнам, у якіх беларускіх кніг робіцца ўсё меней).
Істотнай і важнай для паглыблення нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў застаецца праца Згуртавання (пачынаючы ад 2008 года) як каардынатара грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”
На сайце budzma.by можна знайсці справаздачы з усіх мерапрыемстваў кампаніі, а таксама пазнаёміцца з вопытам і методыкай іх правядзення (раздзел “Ствараем культуру”), што можа быць карысна для арганізацый беларускай дыяспары. Праз свае мерапрыемствы кампанія імкнецца паказаць важнасць і актуальнасць беларускай культуры, даносячы, што культура – гэта не толькі мастацтва, а найперш сістэма каштоўнасцяў, здольная кансалідаваць грамадства, стварыць устойлівы падмурак для яго развіцця. Таму і мерапрыемствы кампанія ладзіць вельмі разнапланавыя.
1 кастрычніка кампаніі “Будзьма беларусамі!” споўнілася 7 гадоў, цягам якіх па ўсёй Беларусі прайшло больш за 4000 мерапрыемстваў, ініцыяваных і зладжаных і самім Згуртаваннем, і надзейнымі партнёрамі-сузаснавальнікамі кампаніі – Таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры, Саюзам беларускіх пісьменнікаў, Таварыствам беларускай мовы і інш. За гэты час колькасць сталых партнёраў кампаніі істотна павялічылася, і, як вынік, нават ва ўмовах ігнаравання з боку рэспубліканскіх дзяржаўных СМІ пазнавальнасць кампаніі вырасла з 5,7% у 2009 да 18,6% у 2015. Каля 30 тысяч наведнікаў штомесяц чытаюць сайт кампаніі, 15 тысяч падпісчыкаў у сацыяльных сетках. Шмат у якіх кірунках кампанія стала першапраходцам. І вялікая колькасць іншых пазітыўных і рэзанансных ініцыятываў магла б і не з’явіцца ў грамадстве, калі б не шматгадовая сістэмная праца кампаніі цягам 7 гадоў.
Самымі яскравымі праектамі ў 2015 годзе, ініцыяванымі і здзейсненымі ў межах кампаніі непасрэдна “Бацькаўшчынай”, былі:
- Шосты фестываль беларускамоўнай рэкламы “Аднак!”, які праходзіў з лютага па чэрвень 2015 года. У фестывальны перыяд упершыню ў Беларусі быў арганізаваны публічны паказ найлепшых беларускамоўных рэкламных відэаролікаў за ўсю гісторыю існавання Фестывалю. Генеральным партнёрам Фестывалю другі раз запар стала кампанія velcom, як арганізацыйныя партнёры далучыліся піўзавод “Аліварыя” і група кампаній АЗС “А-100”. Фестывальны дзень – 2 ліпеня – адзначыўся насычанай адукацыйнай праграмай, у межах якой прайшлі семінары, майстар-класы і дыскусіі са знанымі беларускімі і замежнымі экспертамі ў сферы камунікацыі і не толькі. На конкурсную праграму ў гэтым годзе было пададзена больш за 370 заявак ад больш чым 150 удзельнікаў. Штогадовае правядзенне Фестывалю “Аднак!” як грамадска значнай падзеі істотна актывізавала бізнес на стварэнне рэкламы па-беларуску і агулам да выкарыстання беларускай мовы як якаснага і адметнага сродку камунікацыі.
- У межах штогадовай музычнай прэміі ад experty.by “Героі году” кампанія “Будзьма!” уганаравала спецыяльным прызам малады гурт “Tonqixod” у намінацыі “Найлепшы беларускамоўны альбом”, што дало ім добры старт.
- З неверагодным аншлагам была праведзеная творчая сустрэча з кумірам многіх беларусаў Лявонам Вольскім, на якой быў прэзентаваны набор паштовак яго ж аўтарства “Святы, якія заўжды з табой”, выпушчаных напярэдадні кампаніяй “Будзьма беларусамі!”.
- Супольна з парталам Tuzin.fm, дабрачынным фондам "Вяртанне" і парталам Tut.by быў рэалізаваны музычны праект "Заспявай 2.0". На конкурс прыйшло больш за 50 заявак ад маладых выканаўцаў. Па выніках конкурсу цягам лета ў Мінску ў дворыку на плошчы Свабоды прайшла серыя з 12 канцэртаў канкурсантаў.
- З 4 па 6 верасня кампанія “Будзьма беларусамі!” брала ўдзел у IІІ Міжнародным кангрэсе культуры Усходняга партнёрства, які адбыўся ў Львове. Дзякуючы гэтаму госці кангрэсу мелі магчымасць пазнаёміцца з беларускай культурай агулам і дзейнасцю кампаніі ў тым ліку. Таксама з ініцыятывы кампаніі “Будзьма беларусамі!” у межах Кангрэсу працавала выстава “Under Ground” беларускага дызайнера, графіка, фатографа, паэта, перакладчыка і публіцыста Міхала Анемпадыстава.
- Дзякуючы актыўнасці і цеснаму супрацоўніцтву з нашымі асноўнымі паплечнікамі – Саюзам беларускіх пісьменнікаў, Таварыствам беларускай мовы і Таварыствам аховы помнікаў – працягваліся рэгулярныя літаратурна-музычныя мерапрыемствы, сустрэчы на гістарычную тэматыку, прэзентацыі кніг і дзіцячых спектакляў лямцавай батлейкі і многае іншае. Найперш гэта каштоўна і важна для рэгіёнаў, якія маюць найменшыя магчымасці самі знаёміцца з сучаснай беларускай культурай.
Для актывізацыі людзей у рэгіёнах, арганізацыі дыялогу і супольнага вырашэння лакальных праблемаў працягвалася арганізацыя публічных сустрэч і дыскусій на актуальныя грамадскія і культурніцкія тэмы. Да прыкладу, “Як выхаваць дзіця беларусам?” абмяркоўвалі ў Гародні; пытанні нацыянальнай самапавагі – у Бабруйску; прасоўванне культурнага прадукту ў сучасным грамадстве абмяркоўвалі з Віктарам Марціновічам у Пінску, а што такое аграэкасядзіба ў беларускім стылі, абмяркоўвалі з адмыслоўцамі ў Лепелі.
Пакуль толькі кропкавы, але ўстойлівы вынік дае культурна-асветная праца кампаніі з адміністрацыямі некаторых гарадоў. Так, у 2015 г. “Будзьма!” супольна з аддзелам ідэалогіі, культуры і па справах моладзі гарвыканкама Віцебска праз ужо традыцыйны для кампаніі фармат “Кірмашу праектаў” актывізавала гараджанаў для фармавання праграмы адной з найбуйнейшых культурніцкіх гарадскіх падзей – Дня горада. 5 з агучаных на нашым “Кірмашы праектаў” ідэяў былі рэалізаваныя ўжо ў чэрвені 2015 года. Сярод іх – адраджэнне фестывалю паветраных змеяў “Свята ветру”, летні маркет “Барадулінкі” і інш. Таксама ў Лепелі кампанія спрычынілася да арганізацыі Фестывалю міфалогіі “У госці да Лепельскага Цмока”, які стаў сёлета міжнародным.
Вельмі шмат цікавостак і актыўнасцяў робяцца анлайн праз сайт і сацыяльныя сеткі.
Так, за гэты час на сайце budzma.by выйшлі “Чылійскія гісторыйкі” – серыя з 3-х матэрыялаў пра падарожжа вандроўніка Паўла Гарбунова ў Чылі. У лютым 2015 года Павал выправіўся ў “Дамейкініяну” і, дзякуючы кампаніі “Будзьма беларусамі!”, усталяваў мемарыяльную дошку-прысвячэнне Ігнату Дамейку на гары Сера-Кімаль.
На сайце budzma.by у працяг камунікацыйнага праекта “Беларусь – краіна цмокаў” была праведзеная Цмок-віктарына, пераможцам якой была ўручана прывабная прадукцыя кампаніі. Таксама “Будзьма!” дапамагла баскетбольнаму клубу “Цмокі-Мінск”, які ладзіў конкурс дзіцячага малюнка “Мой найлепшы сябар цмок”, прызавым фондам і інфармацыйнай падтрымкай.
У канцы траўня быў распачаты супольны культурны праект “Цытуй сваё!”. Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь“, Лятучы ўніверсітэт, Беларускі саюз дызайнераў, кампанія “Будзьма беларусамі!“, Беларускі Калегіум, “Мова Нанова“ заклікалі беларусаў звярнуцца да найлепшага з беларускай думкі і стварыць “базу” найлепшых цытат беларускіх мысляроў усіх часоў.
Працягнуты журналісцкі праект “Байцоўскі ген”, які мае на мэце дэманстрацыю наяўнасці ў беларусах сапраўднага байцоўскага гену праз аповед пра лёсы і жыцці знакавых прадстаўнікоў сучаснага спорту. Дарэчы, гэты праект спрыяў таму, што ўплывовыя, але вядомыя толькі ў спартовай сферы асобы выйшлі на першы план публічнага жыцця краіны, стаўшы лідарамі думак, каго цяпер цытуюць, запрашаюць на публічныя сустрэчы і г.д.
Праект “Краіна”, зроблены супольна з часопісам “Большой”, у межах якога распавядалася пра цікавыя вандроўкі беларускіх журналістаў па нашай краіне, дазволіў выйсці на рускамоўную, не заангажаваную ў беларушчыну аўдыторыю.
Анлайн-праект (які ахвотна перадрукоўваўся рознымі СМІ) “Я нарадзіўся там” (таксама супольны з часопісам “Большой”) распавядаў гісторыі жыццяў 11 беларусаў, якія рэалізаваліся як асобы ў краінах свайго пражывання. Мэтай праекта было і звярнуць увагу на магчымасці самарэалізацыі ў Беларусі, і даць дадатковыя падставы для гонару за нашых суайчыннікаў.
Папоўніўся новымі песнямі праект “Global Reload”, задуманы кампаніяй “Будзьма беларусамі!” і парталам Tuzin.fm для папулярызацыі беларускай мовы. Андрэй Макарэвіч запісаў для праекта сваю першую песню на беларускай мове “Снег”, а Сяргей Жадан з гуртом “Собаки в космосі” пераспявалі па-ўкраінску хіт гурта “Мроя” “Я рок-музыкант”. Тады ж у мінскім клубе Jack Club дзякуючы кампаніі “Будзьма!” музыкі зладзілі вялікі канцэрт, а сустрэча з Андрэем Макарэвічам адбылася ў клубе “Loft”.
Шмат іншых цікавых падзеяў, праектаў, конкурсаў і ініцыятываў было здзейснена ў межах кампаніі за гэты год. З аднаго боку, хуткіх зменаў у нашым грамадстве не адбываецца. З іншага – аналіз інфармацыйнай прасторы сведчыць, што ідэі і дзейнасць кампаніі “Будзьма беларусамі!” падштурхнулі не толькі грамадскія ініцыятывы, а і бізнес, і нават дзяржаўныя структуры да пераасэнсавання каштоўнасці нацыянальнай культуры і мовы як падмурку нашага супольнага развіцця. Цягам усёй сваёй шматгадовай дзейнасці кампанія “Будзьма беларусамі!” мяняе стаўленне да нацыянальнай культуры ад абыякава-негатыўнага да пазітыўна- запатрабаванага. Таму і надалей – будзьма беларусамі! Будзьма разам!