Ёсць дзве галоўныя групы, якія падпадаюць пад азначэнне “Партугальская дыяспара” альбо “Партугальскія абшчыны” у афіцыйных дакументах:
1. Грамадзяне іншых краінаў партугальскага паходжання;
2. Грамадзяне з двайным грамадзянствам / Партугальцы, якія жывуць за мяжой.
Грамадзяне іншых краінаў партугальскага паходжання
У рамках сымбалічных дзеянняў і афіцыйнага дыскурсу, гэтая група грае істотную ролю ў партугальскай дыпламатыі, бо дыяспара, несумненна, робіць вялікі ўнёсак у партугальскую прысутнасць і прыкметнасць у свеце.
Адмысловы дзяржаўны орган (Secretaria de Estado das Comunidades Portuguesas) і Дзяржсакратар адказныя за палітыку сувязяў з абшчынамі. Прэзідэнт Партугаліі таксама надае асаблівую ўвагу гэтаму пытанню. Што датычыцца дзейнасці ў гэтым накірунку (акрамя афіцыйных візітаў і дыпламатычнага дыскурсу), партугальская дзяржава асабліва зацікаўлена ў маладых “luso-descendants” (“luso”-нашчадках), г.зн. тых, у каго прынамсі адзін з продкаў (бабуля, дзядуля альбо нехта з бацькоў) быў (ёсць) партугальцам, і якія ведаюць партугальскую мову на дастатковым узроўні. Такія “luso”-нашчадкі маюць права на ільготы, прапанаваныя спецыяльнымі праграмамі. Адна з якіх – “ID<30” – падтрымліваецца дзяржавай і прадугледжвае 30%-ную зніжку на знаходжанне ў моладзевых гатэлях (youth hostels), на паездкі цягніком у межах Партугаліі, на наведванне кінатэатраў, на пакупку кніг і г.д.
Фінансавая падтрымка таксама аказваецца ініцыятывам, якія маюць на мэце ўзмацненне сувязяў маладых людзей з Партугаліяй, напрыклад, паездкі для навучання (study trips), летнія лагеры, інтэрнатуры (курс практычнай падрыхтоўкі (цягам аднаго года) для студэнтаў-медыкаў у бальніцы па выдачы права на на практычную дзейнасць) і г.д.
Юрыдычнае забезпячэнне гэтых захадаў можна знайсці ў Законе і адмысловым дэкрэце (Lei Orgânica da DGACCP - Decreto Regulamentar n.º 47/2007, de 27 de Abril).
Адмысловыя ўмовы (напр. стыпэндыі для навучання ў Партугаліі) прапаноўваюцца грамадзянам Супольнасці партугальскамоўных краінаў (Бразілія, Кабо-Вэрдэ, Ангола, Мазамбік, Гвінэя-Бісаў, Сан-Томэ і Прынсіпі і Усходні Тымор).
Грамадзяне з двайным грамадзянствам / Партугальцы, якія жывуць за мяжой
Партугальскія грамадзяне, якія жывуць за мяжой, выбіраюць Раду партугальскіх абшчынаў (Decreto-lei n.º 373/80 de 12 de Setembro em 1980, Lei 48, de 3 de Setembro de 1996). Гэта амаль самая старажытная ў Еўропе арганізацыя па супрацы з дыяспарай (старэйшая за яе толькі Вышэйшая рада французаў замежжа (Conséil Supérieur des Français de l’ Étranger)).
Рада партугальскіх абшчынаў -- гэта кансультатыўны орган партугальскага ўрада па пытаннях партугальскай эміграцыі і партугальскіх абшчынаў за мяжой. Адначасова Рада з’яўляецца непасрэдным прадстаўніком замежных партугальскіх абшчынаў перад урадам. Асацыяцыі партугальскай дыяспары / мігрантаў за мяжой не ўдзельнічаюць у выбарах Рады (што заўсёды крытыкавалася, бо актыўныя і зацікаўленыя асобы без партугальскага грамадзянства выключаны з удзелу ў палітыцы Рады). Рада фарміруецца са 100 пераможцаў выбараў, у якіх удзельнічаюць усе партугальскія грамадзяне, якія жывуць за мяжой і якія зарэгістраваны ў адпаведных Консульствах (на працягу чатырох гадоў). Гэтыя 100 членаў Рады збіраюцца на сустрэчу - Генеральную Асамблею - і выбіраюць 15 членаў Вялікай Рады (усе кантыненты і абшчыны павінны быць абавязкова прадстаўлены), якая збіраецца два разы на год у Лісабоне. Ёсць таксама Рэгіянальныя дарадцы, якія выбіраюцца для кожнага кантыненту ці групы кантынентаў і якія прадстаўляюць рэгіянальныя інтарэсы і робяць справаздачы перад Вялікай Радай. Гл. спіс членаў Рады (дадзеныя на кастрычнік 2008 г.) тут.
Згодна з усталяванай практыкай Дзяржсакратар прадстаўляе бюджэт па дзеяннях, накіраваных на падтрымку партугальскіх абшчынаў, для разгляду ў Радзе. Тое ж самае адбываецца і з “Культурнай праграмай”, якая прапаноўваецца Дзяржсакратаром. Рада, у сваю чаргу, рэкамэндуе спецыяльныя ініцыятывы (напр. “Першая сусветная сустрэча журналістаў” ці “Асацыяцыі жанчын-мігрантаў і журналістыка” (Migrant Women in Associations and Journalism)). На пачатку 1980-ых гг. былі прапановы аб'яднаць Раду з Другой палатай Парламэнту, калі такая будзе створана.
Адмысловыя ільготы: Гэтая група мае права на некаторыя адмысловыя фінансавыя ільготы, якія забяспечваюцца партугальскай дзяржавай на аснове Закону-Дэкрэту 2006 г. (n.º 169/2006, ад 17.08.2006 г.). Гэтыя ільготы уключаюць адмысловыя ўмовы атрымання крэдытаў (25% фінансуюцца спецыяльным “рахункам эмігранта”, які існуе ў любым банку Партугаліі), вызваленне ад падаткаў па працэнтных стаўках і вызваленне ад падатку на зямлю ў выпадку куплі зямлі ці будынкаў.