Памятны знак Яну Скрыгану ў г.Ківіылі

У цэнтры горада Ківіылі ў Эстоніі ў 1990-я гады быў ўсталяваны памятны знак беларускаму літаратару Яну Скрыгану. Мемарыяльная дошка з партрэтам спадара Яна знаходзіцца на фасадзе дома, у якім Ян Скрыган жыў з 1948 по 1949 гады.  У эстонскі Ківіылі Ян Скрыган прыехаў з Сібіры, пасля заканчэння тэрміна высылкі, на які пісьменнік быў асуджаны ў 1936 годзе. У Беларусь Яну Скрыгану было вяртацца забаронена, і пісьменнік вырашыў пасяліцца ў Эстоніі, таму што гэта хоць крышачку, але бліжэй да роднай Беларусі, чым вельмі далёкая Сібір. Але спадара Скрыгана арыштавалі другі раз ў 1949 годзе. Пісьменнік ізноўку апынуўся ў Сібіры. У Беларусь Ян Скрыган вярнуўся толькі ў 1955 годзе, ва ўзросце 50-ці гадоў, пасля палітычнай рэабілітацыі.  Не стала пісменніка і культурнага дзеяча Яна Скрыгана ў 1992 годзе. Ян Скрыган – адзін з пачынальнікаў у беларускай літаратуры такога напрамку як нарыс. У 1960-х Пятрусь Броўка запрасіў Яна Скрыгана ўзначаліць рэдакцыю Беларускай савецкай энцыклапедыі. За гэтую працу спадар Ян быў узнагароджаны дзяржаўнай прэміяй. У 1985 годзе спадара Скрыгана адзначылі ганаровым званнем – заслужаны дзеяч культуры. Пасля вяртання ў Беларусь учорашні арыштант і ссыльны пісьменнік не пабаяўся бараніць родную мову. У 1950-я гады ў беларускай мове праводзілася чарговая рэформа. Улады намагаліся як мага мацней мову русіфікаваць. У СССР працягвалася палітыка стварэння адзінага савецкага народу. І беларускія камуністычныя ўлады вырашылі быць пераможцамі ў гэтай “карыснай” для нацыянальнай культуры працы. Ян Скрыган у першых шэрагах выступіў за абарону беларускай мовы на старонках друку. У артыкуле "Думкі аб мове" („Літаратура і Мастацтва”, 1957) ён паставіў пытанне аб патрэбе ачышчэння беларускай мовы ад пымусова ўведзенных у яе русізмаў. Скрыган пісаў, што „гэтак народ не гаворыць”, або што „мы адрываемся ад народнага творчага асяроддзя”. Зразумела, што немажліва было казаць шчырым тэкстам тое, што ўлады знішчаюць мову, гісторыю, памяць народу пра продкаў. У гады высылак, якія цягнуліся 20 гадоў, пісьменніку Яну Скрыгану было забаронена пісаць. Дакладней, пісаць бухгалтарскія спрваздачы было можна, а вершы, апавяданні ды аповесці - нельга. Службоўцы тайнай паліцыі ды ахоўнікі лагераў пільна сачылі, каб ссыльны Скрыган не пісаў, не тварыў, не працаваў над развіццём роднай мовы. Я казаў у мінулых праграмах, што амаль усе беларускія пісьменнікі былі знішчаныя сталінскім рэжымам у 1930-я. Яну Скрыгану пашчасціла – ён застаўся жывы. Але ці можна назваць жыццем, жыццё творцы якому забаронена ствараць мастацтва.  У Яна Скрыгана хапіла моцы і мужнасці, каб у творчае жыццё вярнуцца – стаць зноўку жывым. Стаць беларускім літаратарам Янам Скрыганам. Таксама спадар Скрыган шмат чаго зрабіў, каб у беларускую літаратуру прыйшлі ўспаміны пра літаратурнае жыццё 1920—30х гадоў. Нарысы пра знішчаных калегаў пісьменнікаў выйшлі ў свет асобным выданнем «Некалькі хвілін чужога жыцця» (1979). Таксама Ян Скрыган пераклаў на беларускую мову кнігі і асобныя творы Астроўскага, Горкага, Буніна, Бабеля, творы ўкраінскіх, літоўскіх, латышскіх, эстонскіх пісьменнікаў. Менавіта таму ўдзячныя беларусы ў 1998 годзе ў Ківылы адкрылі помнік земляку Яну Скрыгану. Ахвяравала сродкі на помнік, які быў зроблены беларускім скульптарам Валерыем Янушкевічам, мясцовая фірма «Пяйдэ Ківі». На цырымоніі прысутнічаў тагачасны Генеральны консул Беларусі ў Эстоніі і прадстаўнікі Міністэрства культуры Беларусі. А ініцыятарамі ушанавання выступіла мясцовае Згуртаванне беларусаў БЭЗ. Дзякуй вам, спадарства, за вашу карысную і вельмі важную для нашай культуры працу. Шчыры дзякуй.

Артур Цурбакоў