Адзін з самых паважаных людзей Чылі – наш зямляк Ігнат Дамейка (нарадзіўся 31 ліпеня 1802 года ў радавым маёнтку Мядведка, Гродзенская вобл.). Атрымаўшы ў Парыжы адукацыю мінералаведа і горнага інжынера, ён паехаў у Чылі падымаць навуку.
За тры месяцы авалодаў іспанскай і вёў на ёй лекцыі. Стварыў школу па падрыхтоўцы спецыялістаў, арганізаваў лабараторыю. З часам стаў рэктарам Чылійскага ўніверсітэта і рэфармаваў усю сістэму адукацыі. Пісаў падручнікі па прыродазнаўчых навуках. У Чылі беларус адкрыў радовішча золата, срэбра, медзі, вугалю, селітры, арганізаваў іх здабычу. Вучоны адкрыў мноства невядомых навуцы мінералаў, раслін, акамянеласцяў, метэарытаў. А яшчэ ён знайшоў у гарах крыніцы чыстай вады, правёў адтуль у Санцьяга вадаправод, цалкам вырашыўшы праблему водазабеспячэння сталіцы. 23 студзеня 1889 года Ігнат Дамейка памёр. Дзень смерці быў абвешчаны ў Чылі днём нацыянальнай жалобы. Прэзідэнт краіны Бальмакеда аб’явіў аб прысваенні Дамейку звання нацыянальнага героя Чылі. У сталіцы Чылі ўзвышаецца помнік знакамітаму беларусу. На мяжы надпіс – Вялікі Асветнік. Акрамя гэтага, імя Дамейкі носіць горны хрыбет Кардыльера Дамейкі, горад, порт Пуэрта-дэ-Дамейка. Яго іменем назвалі мінерал дамейкіт, малюск науцілус дамейкус, від брыткоў віола дамейкана і нават дыназаўра – дамейказаўр.