Віншуем вас з Міжнародным днём роднай мовы, які наша краіна разам з сусветнай супольнасцю чарговы раз адзначае 21 лютага. Па добрай традыцыі ў многіх установах Беларусі ў гэты дзень пройдуць акцыі ў падтрымку беларускай мовы: Агульнанацыянальная дыктоўка, сустрэчы з пісьменнікамі, прэзентацыя твораў і кніг на беларускай мове, канцэрты беларускіх музыкаў.
Мы прапануем кожнаму з вас далучыцца да гэтых мерапрыемстваў або ініцыяваць сваё для таго, каб беларуская мова трывала ўвайшла ў наша жыццё.
Жадаем вам, каб штодня вас атуляла шчырае беларускае слова і спрыяла вашаму поспеху. Смялей і ахвотней карыстайцеся беларускай мовай у розных жыццёвых сітуацыях! Мы цвёрда перакананы: штодзённае ўжыванне спрадвечнай мовы беларускага народу ўзбагаціць нас духоўна, напоўніць творчым натхненнем і надасць сілы для стварэння выдатных умоў жыцця ў нашай краіне.
Пакуль гучыць беларускае слова – існуе незалежная беларуская дзяржава, якая мае тысячагадовую гісторыю.
Сакратарыят ТБМ , 19 лютага 2018 года