Зварот праваабаронцаў да бізнэсу ў сувязі з крызісам з правамі чалавека ў Беларусі

Мінск, 5 лістапада 2020 года

9 жніўня 2020 года ў Рэспубліцы Беларусь прайшлі прэзідэнцкія выбары. Яны праходзілі ў беспрэцэдэнтнай атмасферы страху і запалохвання грамадства, на фоне рэпрэсій, якія пачаліся фактычна адразу пасля пачатку выбарчай кампаніі і не спыняюцца дагэтуль.

Выбарчая кампанія суправаджалася масавымі парушэннямі міжнародна-прававых абавязацельстваў Беларусі ў сферы правоў чалавека, Канстытуцыі, Выбарчага кодэкса, а таксама шматлікімі парушэннямі агульнапрызнаных стандартаў дэмакратычных выбараў АБСЕ. Абвешчаныя ўладамі вынікі выбараў не прызналі шэраг дзяржаў, у тым ліку ЗША, Канада, Вялікабрытанія і краіны Еўрапейскага Звязу. Дзясяткі тысяч беларусаў выйшлі на мірныя пратэсты – улады адрэагавалі неадэкватным ужываннем сілы і спецыяльных сродкаў, уключаючы светлашумавыя гранаты, гумовыя кулі, вадамёты.

Мірныя пратэсты працягваюцца ўжо 3 месяцы. Яны суправаджаюцца масавымі адвольнымі затрыманнямі людзей (на сённяшні дзень затрымана больш за 17.000 чалавек), катаваннямі і бесчалавечным абыходжаннем з боку органаў аховы правапарадку. Не працуюць прававыя механізмы абароны парушаных правоў, адсутнічае справядлівы суд.

Як мінімум трое ўдзельнікаў пратэстаў загінулі ад непасрэдных дзеянняў сілавых структур. Беларускія праваабаронцы задакументавалі і перадалі ў міжнародныя органы больш за 500 выпадкаў катаванняў у дачыненні да затрыманых. Сотні скаргаў пададзеныя ў адпаведнасці з нацыянальнымі працэдурамі. Ні адзін з гэтых фактаў да гэтага часу не расследаваны.

На прадпрыемствах адбываюцца забастоўкі. Беларусы скарачаюць спажыванне тавараў бізнэсу, які парушае правы работнікаў і кліентаў або ўдзельнічае ў фінансаванні рэжыму.

Настолькі сістэмнага і маштабнага палітычнага крызісу і крызісу правоў чалавека Беларусь яшчэ не бачыла.

Улічваючы аўтарытарны характар беларускага рэжыму, як дзяржаўны, так і прыватны бізнес знаходзяцца ў высокай ступені залежнасці ад улады. Дзяржаўныя прадпрыемствы цалкам афіляваныя з уладай, прыватны бізнес у большасці сваім падвяргаецца празмернаму кантролю і знаходзіцца пад ціскам дзяржавы. У сілу гэтых прычын у бягучай сітуацыі дзяржава выкарыстоўвае бізнэс як элемент механізму рэпрэсій для аказання ціску на палітычных апанентаў і людзей, якія актыўна выказваюць грамадзянскую пазіцыю. Улады душаць забастовачныя рухі на дзяржаўных прадпрыемствах, звальняючы актывістаў і выкарыстоўваючы сілавыя структуры, пераследуюць і закрываюць прыватныя кампаніі, якія прыпынялі працу ў знак пратэсту супраць гвалту сілавікоў.

У ходзе выбарчай кампаніі і мірных пратэстаў з дапамогай залежнага бізнесу аказваўся ціск на людзей у наступных асноўных формах:

  • – шматлікія ўмяшанні кіраўніцтва прадпрыемстваў у рэалізацыю выбарчых правоў работнікаў (у прыватнасці, прымус да датэрміновага галасавання);
  • – дыскрымінацыя, пастаянныя і масавыя запалохванні і пагрозы звальнення, фактычнае звальненне, адкладзенае непадаўжэнне кантрактаў, пазбаўленне прэмій і іншыя формы пераследу (у тым ліку і псіхалагічны ціск);
  • – жорсткае падаўленне адміністрацыяй прадпрыемстваў (часта з прыцягненнем сілавікоў) любых спробаў звярнуцца да забастовак і акцыяў пратэсту на працоўных месцах;
  • – арганізацыя прымусовага ўдзелу работнікаў у акцыях падтрымкі існуючага рэжыму пад пагрозай звальнення альбо негатыўных наступстваў.

Такія формы ціску на работнікаў сталі магчымымі з-за раней уведзенага рэжыму тэрміновых працоўных кантрактаў, а таксама сістэмнага ціску на незалежныя прафсаюзы і іх актывістаў.

Пагроза падвергнуцца ціску змушае бізнес выконваць патрабаванні ўладаў, а таксама дапускаць дзеянні, якія супярэчаць правам чалавека не толькі ў дачыненні да работнікаў, але і ў дачыненні да кліентаў і мясцовай супольнасці: напрыклад, гандлёвыя цэнтры, кафэ і рэстараны зачынялі дзверы перад людзьмі, якія ратаваліся ад адвольнага пераследу сілавікоў.

У абставінах, якія склаліся, любая кампанія, якая працуе сёння ў Беларусі або мае бізнэс-сувязі з беларускімі партнёрамі, як дзяржаўнымі, так і прыватнымі, мае рызыкі стаць датычнай да парушэнняў агульнапрызнаных правоў чалавека (наўпроставым або ўскосным) і ўласных абавязанняў належнай абачлівасці, а ў выніку панесці рэпутацыйныя і фінансавыя страты.

Мяркуем важным нагадаць аб стандарце чаканых ад бізнэсу паводзін, сфармаваным на базе Кіруючых прынцыпаў па правах чалавека ў кантэксце прадпрымальніцкай дзейнасці ААН 2011 года, які прызнаны і імплементаваны ў правілы і стандарты Глабальнага дагавора ААН, МАП, АЭСР, Сусветнага банка, МФК, ЕБРР, праграмныя дакументы ЕС і Савета Еўропы, у нацыянальнае заканадаўства шэрагу дзяржаў-членаў ЕС, а таксама ў карпаратыўныя палітыкі многіх транснацыянальных кампаній і ўжываецца як стандарт паводзін для іх саміх, а таксама для іх рэгіянальных і краінавых прадстаўніцтваў, для іх партнёраў і ланцугоў паставак.

Кіруючыся названым стандартам, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, падкрэсліваючы зацікаўленасць жыхароў нашай краіны ў прыцягненні інвестыцый і максімальным развіцці эканамічных сувязяў, заклікаем кампаніі:

Неадкладна:

  • – Публічна выступіць супраць гвалту і парушэнняў правоў чалавека падчас выбарчай кампаніі і мірных пратэстаў-2020 у Беларусі.
  • – Давесці да ведама сваіх беларускіх партнёраў непрымальнасць у рамках вашых партнёрскіх адносін дзеянняў, якія парушаюць правы чалавека, у тым ліку і любога пераследу за выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі (як у дачыненні да работнікаў, так і ў дачыненні да кліентаў), паколькі гэта можа запатрабаваць спынення кантрактаў.

У далейшым:

  • – Надаваць асаблівую ўвагу належнай абачлівасці (due diligence) у кантэксце ацэнкі рызык у сферы правоў чалавека. Улічваць, што справаздачы большасці беларускіх кампаній аб КСА ці іншая нефінансавая справаздачнасць не даюць магчымасці ацаніць такія рызыкі.
  • – Адлюстроўваць факты парушэнняў беларускім партнёрам правоў чалавека і меры па пераадоленні такіх рызык у сваёй нефінансавай справаздачнасці і патрабаваць ад беларускіх партнёраў таго ж. Пры наяўнасці парушэнняў правоў чалавека з боку патэнцыйнага або фактычнага беларускага партнёра планаваць працяг і развіццё партнёрства абавязкова з улікам прыняцця мер для прадухілення або мінімізацыі шкоды ад такіх парушэнняў.
  • – Улічваць недастатковае замацаванне ў беларускім заканадаўстве некаторых палажэнняў стандартаў правоў чалавека, напрыклад, у галіне роўнасці і недыскрымінацыі, правоў прафсаюзаў, забастовак (падрабязней гл. краінавае Кіраўніцтва па бізнесе і правах чалавека ў Беларусі). У сувязі з гэтым важна ўжываць для рэгулявання ў гэтай частцы становішча сваіх карпаратыўных палітык, распрацаваных на аснове агульнапрызнаных стандартаў правоў чалавека, і патрабаваць таго ж ад сваіх беларускіх партнёраў.
  • – Укараняць ўнутрыкарпаратыўныя механізмы скаргаў і аднаўлення парушаных правоў, паколькі, у сілу залежнасці ад улады, суды дэманструюць няздольнасць да справядлівага разгляду ў дачыненні да парушэнняў правоў чалавека. Важна забяспечыць доступ да сваіх карпаратыўных сродках прававой абароны для ахвяр парушэнняў правоў чалавека (як работнікаў, так і кліентаў, і мясцовай супольнасці).
  • – Прасоўваць сярод беларускіх партнёраў разуменне таго, што для сучаснага бізнесу рэпутацыйныя рызыкі ад партнёрства з прадпрыемствам-парушальнікам правоў чалавека могуць нашмат перавышаць рызыкі, напрыклад, нерытмічных паставак па кантрактах.

Пад дадзеным зваротам на дадзены момант падпісаліся наступныя праваабарончыя арганізацыі:

  • РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”;
  • Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
  • Беларускі дакументацыйны цэнтр;
  • Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
  • РГА “Прававая ініцыятыва”;
  • Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман канстанта”;
  • Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі;
  • Простае таварыства “Ініцыятыва FORB”;
  • Офіс па правах людзей з інваліднасцю;
  • Беларускі ПЭН-цэнтр;
  • Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend);
  • ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”;
  • Зварот падтрымала Асацыяцыя прафсаюзаў “Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў”, сябра Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў, у якую ўваходзяць:
  • Беларускі незалежны прафсаюз (БНП);
  • Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ);
  • Свабодны прафсаюз металістаў (СПМ);
  • Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП).

Зварот адкрыты для падпісання арганізацыямі грамадзянскай супольнасці, якія падзяляюць каштоўнасці правоў чалавека. Для таго, каб далучыцца да звароту пішыце на office@belhelcom.org

Асамблея НДА Беларусі