Шаноўныя суайчыннікі, грамадзяне Рэспублікі Беларусь!
15 сакавіка 1994 года Вярхоўны Савет Беларусі 12-га склікання пасля вялікіх і надзвычай напружаных спрэчак, якія адбываліся на працягу амаль чатырох гадоў, прыняў першую Канстытуцыю незалежнай Рэспублікі Беларусь. Паводле зацверджанага 15 сакавіка 1994 года Асноўнага закона нашай дзяржавы былі выбраныя першы яе Прэзідэнт, легітымны склад парламента – Вярхоўнага Савета 13-га склікання, сфарміраваныя новыя органы выканаўчай улады і Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь.
У самым першым артыкуле нашага Асноўнага Закона зафіксаваны палажэнні, стратэгічна важныя для існавання ўсёй нашай нацыі цяпер і ў будучыні:
«Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава.
Рэспубліка Беларусь валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойна ажыццяўляе ўнутраную і знешнюю палітыку.
Рэспубліка Беларусь абараняе сваю незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць, канстытуцыйны лад, забяспечвае законнасць і правапарадак».
У артыкуле 18 Канстытуцыі недвухсэнсоўна вызначана:
«Рэспубліка Беларусь у сваёй знешняй палітыцы зыходзіць з прынцыпаў роўнасці дзяржаў, непрымянення сілы або пагрозы сілай, непарушнасці межаў, мірнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ва ўнутраныя справы і іншых агульнапрызнаных прынцыпаў і нормаў міжнароднага права.
Рэспубліка Беларусь ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а дзяржаву — нейтральнай».
Такім чынам, асэнсоўваючы сябе паўнавартасным суб’ектам супольнасці народаў свету, пацвярджаючы сваю прыхільнасць да агульначалавечых каштоўнасцяў, грунтуючыся на сваім неад’емным праве на самавызначэнне, абапіраючыся на шматвяковую гісторыю развіцця беларускай дзяржаўнасці, Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь у прынятай Канстытуцыі сцвердзіў суверэнітэт і незалежнасць нашай дзяржавы як найвялікшую каштоўнасць для кожнага грамадзяніна Беларусі.
Незалежнасць Беларусі – гэта набытак не толькі сённяшняга пакалення, але і нашых продкаў; яна таксама належыць нашым нашчадкам. Суверэнітэт краіны не можа быць абмежаваны або скасаваны праз рашэнні любых дзяржаўных асоб і органаў, нават праз рэферэндум.
Незалежнасць і дзяржаўны суверэнітэт адкрываюць шлях да росквіту Айчыны, спрыяюць умацаванню стасункаў нашай краіны з міжнароднай дэмакратычнай супольнасцю народаў.
Згодна з арт.у3 нашай Канстытуцыі, «адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца народ». У сувязі з гэтым мы, дэпутаты Вярхоўнага Савета 12-га і 13-га скліканняў, заклікаем усіх грамадзян краіны і ўсіх суайчыннікаў за мяжой згуртавацца вакол дасягнутай Незалежнасці нашай Бацькаўшчыны і зрабіць усё магчымае, каб на вякі захаваць і замацаваць суверэнітэт нашай дзяржавы!
Прынята сходам групы дэпутатаў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га і 13-га скліканняў.
9 лютага 2019 г., горад Мінск
УВАГА! Паводле рашэння сходу, тыя дэпутаты Вярхоўнага Савета 12-га і 13-га скліканняў, якія з розных прычын не маглі прыняць у ім удзел, могуць далучыцца да гэтага Звароту, даслаўшы да 15 сакавіка г.г. пісьмовае паведамленне пра гэта на адрас электроннай пошты: volbiel@gmail.com, або на паштовы адрас рэдакцыі “Народнай Волі” (nvonlineinfo@gmail.com).