Зьміцер Дрыгайла: "Цягнік далей ня йдзе..."

Ехаў днямі ў Вільню цягніком Адлер - Каралявец. Такі нязручны, марудны, прыбывае а палове на другую ночы. Поўнач, станцыя Гудагай, усе хоцькі-няхоцькі прачынаюцца, чакаем мытнікаў-памежнікаў. І тут заходзяць яны: бабуля гадоў 60, матуля гадоў 35, і сынуля гадоў васьмі. Валізы, торбы, пакеты...

Расейскія грамадзяне. Стомленыя. Незадаволеныя. Выяўляецца, ехалі ў Маскву, адпачыўшы ў санаторыі ў Друскеніках. Празь Вільню. Грошы засталіся, зь вялікай зьніжкай набылі дублёнку. А рахункі й цэтлікі ня выкінулі. Фірмовы расейскі цягнік «Янтарь», купэ. Тры валізы, дзьве торбы й чатыры пакеты разьмясьцілі, распрануліся, пантофлі апранулі, гарбаты папілі, хлопца спаць паклалі (таму ж заўтра першы дзень у школу пасьля кароткіх зімовых вакацыяў). А тут мяжа Мытнага зьвязу, нейкая станцыя зь дзіўнай назвай, беларускія памежнікі на варце... Вязеш тавару больш больш чым на €500 - заплаці мыта ў памеры 30% кошту. А там адная дублёнка «важыць» тысячы паўтары... Карацей, не знайшлося ў іх такіх грошай. І высадзілі іх з таго цягніка, паставіўшы забарону на ўезд. На грошы-то яны ў кожным разе моцна патрапілі. Квіткі да Вільні, ноч у гатэлі, новыя квіткі ад Вільні да Масквы. Стрэс, разгубленасьць, няпэўнасьць.

Праз дваццаць хвілінаў на літоўскай мяжы іх сустрэлі куды больш прыязна: тут і laukiamas (ласкава запрашаем), і штампікі ў пашпарт, і словамі падбадзёрваюць, маўляў, катайцеся колькі трэба, вяртайцеся яшчэ... Вось такі раптоўны паварот сюжэту. Адпачылі, так бы мовіць. Дублёнку набылі з аказіяй. Малы ў школу «пайшоў». Тэлілі ў роўмінгу сваякам, каб тыя набылі ім квіткі, потым пераслалі. Але гістэрыкі не было, бо беларускія мытнікі ім усё вельмі спакойна й вычарпальна патлумачылі:

- згодна з правіламі перасячэньня мяжы Мытнага зьвязу радзей, чым раз на тры месяцы, агульны кошт тавару, што ня трэба дэкляраваць і сплачваць мыта, складае ня больш за €500 ці 25 кг;

- калі перасякаеш мяжу часьцей, чым раз на тры месяцы, бязмытавыя нормы памяншаюцца да €300 ці 20 кг;

- мыта сплачваецца ў памеры 30% кошту перавышэньня (то бок за тую частку тавару, што перавышае коштавыя ці вагавыя абмежаваньні);

- калі ляціш самалётам, то дзейнічаюць нашмат больш мяккія абмежавальныя правілы (€10 тыс. ці 50 кг), бо там ёсьць уласныя абмежаваньні, зьвязаныя з нормамі правозу багажу, устаноўленыя авіякампаніямі.

Гэтыя правілы набылі моц 1 студзеня 2019г. згодна з рашэньнем Рады Эўразійскае эканамічнае камісіі, зьмены ў частцы паняцьця «непадзельны тавар» - 1 студзеня 2020г. Як той казаў, няведаньне правілаў не вызваляе ад адказнасьці за іх парушэньне.

Мабыць, вы хочаце спытаць, чым скончыліся прыгоды рускіх на мяжы Літвы й Беларусі? Па-першае, чым кіраваліся беларускія мытнікі, якія адправілі іх назад, у Літву? Заканадаўствам. Там сказана: «У выпадку адмовы дэкляраваньня тавару і выплаты мыта тавар неабходна вярнуць на сумежны бок». То бок у нашым выпадку - у Літву. Прыехаўшы з усімі клункамі назад, на станцыю Вільня, яны паночылі ў гатэлі, тамсама, скарыстаўшыся вайфаем, атрымалі па пошце новыя квіткі на цягнік, што даслалі ім сваякі, адляпілі, зрэзалі ды выкінулі ўсе біркі, цэтлікі, рахункі ды пакеты, дублёнку апранулі на сябе (балазе трохі пахаладала) ды праехалі на тэрыторыю Мытнага зьвязу, ня выклікаўшы пытаньняў іншай брыгады мытнікаў. Пашанцавала. Магло й не пашанцаваць, бо былі занесеныя ў базу, і маглі выклікаць дагляд па ўсёй форме, з літаральным выкананьнем пунктаў правілаў, дзе напісана пра крытэры, згодна зь якімі вызначаецца, ці былі ва ўжываньні тавары, што правозяцца, і дзе ў тым ліку напісана:

- агульнапрынятая (традыцыйная) практыка выкарыстаньня ў дарозе і (або) месцы прызначэньня, у тым ліку з улікам сэзоннасьці, мэты паездкі, віду транспарту;

- наяўнасьць прыкмет зносу (у тым ліку драпін, увагнутасьцяў, іншых мэханічных пашкоджаньняў), праньня, іншага выкарыстаньня;

- адсутнасьць бірак, цэтлікаў, этыкетак, першаснай упакоўкі, за выключэньнем упакоўкі, пашкоджанай спосабам, што павінны выключаць аднаўленьне яе першапачатковага стану эканамічна выгадным спосабам.

Таму я б на іх месцы гэтак не рызыкаваў, а папросту набыў бы квіток на самалёт Вільня-Менск і Менск-Дамадзедава (на таньнейшы рэйс у Жукоўскі яны б не пасьпелі перасесьці), што моцна б зэканоміла час і было б усё адно не даражэй па грошах за квіток у купэ на цягнік (і пагатоў - таньней за наўпроставы рэйс кампаніі «Аэрофлот» Вільня-Масква), і наогул пазбавіўся б якіх-кольвек хваляваньняў, акрамя шкадаваньня аб страчаных нэрвах, страчаным дні, страчаных грошах.

Так і жывем «на футболе»: мы ў «таёжным» саюзе (туды ўваходзяць Беларусь, Расея, Арменія, Казахстан і Кыргызстан) абараняем рынак ад занадта шпаркіх дзялкоў, што возяць якасныя танныя тавары з-за бугру, прадаючы іх зь невялікай нацэнкай. А заадно - ад нас з вамі, што мусяць набываць тавары мясцовых вытворцаў. Тое самае - з адваротнага боку: цяпер у Літву (а таксама ў іншыя краіны ЭЗ) нельга правезьці ані нашыя мясныя, ані малочныя, ані расьлінныя прадукты. То бок палку каўбасы таксама на мяжы адымуць.

І ці вы насамрэч думаеце, што гэтыя мытныя перашкоды працуюць на тое, каб набываць айчыннае? Ані. Проста набываем альбо расейскай вытворчасьці - што аўтамабілі, што ўмоўную IKEA, альбо тыя ж тавары, што зробленыя па-за краінамі Мытнага зьвязу, за ўвозам якіх празь Беларусь усталяваны пільны кантроль, а, скажам, праз Казахстан ці Расею - не такі пільны. І ці патрэбны нам такі саюз?

Зьміцер Дрыгайла, "Белгазета"