Жанчыны БНР: экстрым, каханне і супраца са спецслужбамі

На большасці фота ўрадоўцаў БНР вы не ўбачыце жанчынаў. Ніводнай. Здаецца, гэта была выключна пацанская тусоўка. Ці так было насамрэч? Магчыма, жанчыны не толькі ўдзельнічалі ў стварэнні нашай дзяржавы 100 гадоў таму, але часам нават бралі на сябе найбольш адказныя абавязкі.

Палута Бадунова – фурыя БНР

Эсэрка, якая кантактавала з Леніным, асветніца, сябра Рады і Народнага сакратарыята БНР, каханка Тамаша Грыба. Гэтая жанчына сапраўды магла стаць гераіняй для беларускіх феміністак, бо ламала стэрэатыпы пра жаночую ролю ў палітыцы і грамадскім жыцці. У дадатак, асоба эмацыйная і непрадказальная.


02-paluta_badunova_03.jpg

Палута Бадунова


Яе гісторыя – яшчэ і гісторыя няўдалага кахання. Палута была закаханая ў Тамаша Грыба, нават падпісвалася “Бадунова-Грыб”, хоць сам Тамаш меў іншае меркаванне пра іх стасункі: не адкідаў канчаткова, але перавагу аддаваў іншай – Паўліне Мядзёлцы. Палута ладзіла суперніцы скандалы, а ахоўнікі польскай турмы, дзе трымалі Грыба, не маглі разабрацца, хто ж яго нявеста – на гэтую ролю прэтэндавалі абедзве дамы…

Урэшце ў Палуты пачалося псіхічнае захворванне, неўзабаве яна вярнулася ў БССР з эміграцыі, дзе ўсё скончылася прадказальна: 1938-ы, расстрэл.

Паўліна Мядзёлка – femme fatale БНР

Гэтую німфу беларускага руху сёння памятаюць найперш праз Янку Купалу. Менавіта яна грала ў першых пастановах “Паўлінкі” яшчэ да рэвалюцыі, калі класік лез да прыгажуні са словамі: “Вы ненатуральна цалуецеся на сцэне, давайце пакажу!..” Яе сёння часам вінавацяць у смерці Купалы, маўляў, у Маскву, у той пракляты гатэль у 1942-м, ён паехаў менавіта да яе, Паўлінкі, а яна аказалася ўсяго толькі “салодкай пасткай” савецкіх спецслужбаў. Але пакінем гэта ў раздзеле фантазіяў і дадумак.


03-miadzliolka.jpg

Паўліна Мядзёлка


Насамрэч Паўліна вельмі шмат зрабіла ў грамадскім сектары і асвеце: займалася пацярпелымі ад Першай сусветнай і школьніцтвам, а ў 1920-я ўзялася за беларускія гімназіі ў Дзвінску і Рызе разам з “тусоўкай” Езавітава. З канца 1920-х – у БССР, пасля – у Ленінградзе. Яна праходзіла па справе “Саюза вызвалення Беларусі”, была сасланая, але… выжыла. У паваенны час нават напісала мемуары “Сцежкамі жыцця” – жудасна цэнзураваныя, праўда. Нават яе колішні каханы Тамаш Грыб там апісаны ў чорных фарбах.

Усё гэта – гісторыя з Купалам, працай у Латвіі пад крылом савецкага консульства, нетыпова доўгае для “нацдэма” жыццё (памерла ў 1974-м) – дае некаторым падставы лічыць Паўліну агентам… Не будзем кідацца пустымі абвінавачваннямі, мы гэтага не ведаем. Але ведаем яе як неймаверна актыўную і прыгожую femme fatale эпохі БНР.

Вера Маслоўская – валькірыя БНР

Падчас Першай сусветнай Вера займалася арганізацыяй беларускага школьніцтва на Беласточчыне, якое немцы зрабілі легальным. Пасля – рэвалюцыя, БНР, няспраўджаная мара пра сваю дзяржаву… Роднае Падляшша, населенае беларусамі, аказалася ў складзе Польшчы. Што рабіць? Канечне, арганізоўваць там партызанку.


04-Vera_Maslovskaya.jpg

Вера Маслоўская


Фантастычна, але менавіта жанчына ўзначаліла падпольны антыпольскі рух на Беласточчыне ў 1920-я па даручэнні ковенскага ўраду БНР Ластоўскага. Яна ж у выніку стала адным з ключавых фігурантаў гучнага “Працэсу 45-ці” ў Беластоку ў 1923-м: палякі да яе ўсё ж дабраліся і далі шэсць гадоў турмы. Гады зняволення красуня адбывала ў турмах Беластока і Варшавы.

Далей – цікавей. З прыходам саветаў у 1939-м яна пераязджае на Ваўкавышчыну, дзе займаецца школьніцтвам. Прыходзяць немцы – яна зноў займаецца беларускай школай. Вяртаюцца саветы – яна працягвае займацца тым самым. Проста “тэрмінатрыкс” ад беларускай асветы. Ад 1950-х яна жыве ў савецкай Польшчы, у Супраслі, дзе і памірае ажно… у 1981-м.

Зоська Верас – “жорсткі дыск” БНР

Неймаверная жанчына, якая пражыла амаль 100 гадоў і ўсё жыццё прысвяціла беларушчыне. Нарадзіўшыся ў шляхецкай сям’і ва Украіне і толькі пасля з сям’ёй пераехаўшы ў Беларусь, яна ад 17 гадоў працавала на гэтай ніве: гурток беларускай мовы ў Гродне яшчэ да рэвалюцыі, супраца з “Нашай Нівай”, “Беларуская хатка” ў Мінску, дапамога пацярпелым ад вайны, а ў 1920-я – апякунства зняволенымі палякамі вязнямі-патрыётамі ў віленскіх Лукішках.


05-veras.jpg

Зоська Верас


Яна ўвесь час нешта пісала і рэдагавала, пры гэтым цікавілася… пчалярствам і батанікай. Першыя крокі пчалярства па-беларуску – яе заслуга. Першы батанічны беларускі слоўнік – таксама за ёй. У паваенны час, за саветамі, жанчына сыходзіць ва “ўнутраную эміграцыю”, але з пачаткам адлігі робіцца сапраўдным ланцужком паміж двума пакаленнямі беларускай інтэлігенцыі. Яна ўсё памятае і не баіцца пра гэта казаць. Да яе, у “лясную хатку” пад Вільняй, ездзяць Барадулін, Купава, Мальдзіс і шмат хто іншы.

Нібы “жорсткі дыск”, Зоська зберагла і перадала неймаверна важнае пасланне з часоў БНР, якое беларусы мелі атрымаць і асэнсаваць, каб пачаць свой новы этап, будуючы незалежную краіну. А яшчэ Зоська Верас – неймаверна прыгожая жанчына, хоць найчасцей у друку мы бачым фота старэнькай бабулі. Зірніце на партрэты маладой Зоські Верас часоў БНР і “беларускай вясны”, яна сапраўды фантастычная!

P.S.

Час ідзе, свет навокал змяняецца. Сімвалічна, што з 1997 года Урад БНР на эміграцыі ўзначальвае менавіта жанчына, Івонка Сурвіла. Няхай сёння гэта ўжо не тая адказнасць і не крыж, як 100 гадоў таму, але няхай такі стан рэчаў будзе сімвалічнай падзякай няўрымслівым, фантастычным і прыгожым жанчынам, якія так шмат зрабілі для нашай незалежнасці, абіраючы для сябе фармальна другасныя, але ад таго не менш складаныя і важныя ролі.

Алесь Кіркевіч, “Будзьма беларусамі!”