Адольф Ягоравіч Багдановіч – бацька класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча. Дзеля поспеху ў будаванні кар’еры ў Расійскай імперыі выхадцу з беларускіх грэка-каталікоў давялося змяніць сваё заходняе імя на больш звыклага ўсходняму вуху і воку Адама, а для надзейнага сямейнага хатняга тылу і цяпельца перфекцыяніст па натуры Адольф-Адам выбіраў дзяўчат выключна з двума імёнамі: Марыяў і Аляксандраў.
Першая Марыя – Мякота
Як пазнаёміліся 26-гадовы настаўнік 1-га мінскага прыходскага і яўрэйскага рамесніцкага вучылішчаў Адам Ягоравіч і 19-гадовая навучэнка жаночай настаўніцкай школы ў Пецярбургу, мы можам хіба што фантазіраваць. Але 30 кастрычніка 1888-га яны пабраліся шлюбам у Хмар’іна-Гарадзецкай царкве (былым касцёле Панны Марыі і Святога Станіслава) у Сёмкавым гарадку на поўнач ад Мінска. Абвянчаў іх добры знаёмы жаніха святар Пашкевіч.
Шлюб з дваранскай дачкой для сына кухара быў відавочным павышэннем сацыяльнага статусу. Што да грошай, дык бацька Марыі Апанас Іванавіч Мякота атрымаў дваранства за подзвігі ў Крымскай вайне, даслужыўся да губернскага сакратара і ў 1878-м памёр, пакінуўшы настолькі сціпла фінансаў, што з пяці дзяцей трох, у тым ліку і Марыю, давялося аддаць у дзіцячы прытулак. Апякунка прытулку, жонка мінскага губернатара Ларыса Пятрова, якая сваіх дзяцей не мела, ацаніла Машу як дзяўчынку вельмі здольную і дапамагла ёй спачатку скончыць мінскае жаночае Аляксандраўскае вучылішча, а затым паступіць у Пецярбург. Можна меркаваць, што менавіта ў Пецярбургу Марыя палюбіла каву і пачала курыць.
А ў Беларусі яна стала маці трох сыноў – Вадзіма, Максіма, Льва – і дачкі Ніны, праз чатыры месяцы па нараджэнні якой “згарэла” ад хуткіх сухотаў.
Апошняя Марыя – Багдановіч
Як мусіць дзейнічаць мужчына, які аказаўся ўдаўцом з чатырма малымі дзецьмі?
Адам Багдановіч у такой сітуацыі выклікаў ад уласнага бацькі з Адэсы і прыняў ва ўласную сям’ю незамужнюю дваццаціпяцігадовую родную сястру Марыю, якая на тры гады, да другога яго шлюбу, замяніла сынам маці. Ніне яна замяніла маці толькі на некалькі месяцаў, бо ў пачатку 1897-га малое памерла.
Што да Вадзіма, Максіма і Льва, то ў іх з цётачкай Марыяй усталяваліся вельмі цёплыя адносіны. Цётачка мела добрае пачуццё гумару і вясёлы характар, а таксама файныя матэматычныя здольнасці. Калі яе брата перавялі па рабоце ў Ніжні Ноўгарад, яна паехала за ім і туды. Прыхільнікаў мела шмат, але абрала халапеніцкага хлапца Трыфана Галавана, за якога і выйшла замуж пасля таго, як паўторна ажаніўся брат Адам.
Першая Аляксандра – Волжына
У Ніжнім Ноўгарадзе, з рэкамендацыйным лістом добра вядомага яму беларускага пісьменніка Чырыкава, банкаўскі бухгалтар Адам Багдановіч пазнаёміўся з невядомым яму да таго тамтэйшым пісьменнікам Аляксеем Пешкавым (ён жа Максім Горкі), яго жонкай Кацярынай і яе сястрой Аляксандрай Волжынай. 15 студзеня 1899-га Адам і Аляксандра пабраліся шлюбам.
“Сколько любви… таилось в её сердце, а по внешности она казалась такой сдержанной, такой спокойной”, – так пісаў пра сваю другую жонку Адольф-Адам. Сыны хутка прывязаліся да 19-гадовай пяшчотнай мачахі.
Гэтае сямейнае шчасце доўжылася дзесяць месяцаў. 13 лістапада 1899-га Аляксандра нарадзіла мужу чацвёртага яго сына, а 15 лістапада памерла.
Даглядаць нованароджанага Сашу Адам даручыў сястры памерлай Кацярыне і яе мужу-пісьменніку.
Апошняя Аляксандра – Мякота
А для догляду Вадзіма, Максіма, Льва і ўласнага дому паўторна аўдавелы чыноўнік банка гэтым разам абраў малодшую сястру памерлай першай жонкі Аляксандру. Апроч таго, 37-гадовы Адам і 26-гадовая Аляксандра пачалі жыць, як цяпер кажуць, грамадзянскім шлюбам. Афіцыйны шлюб паміж імі быў немагчымы, бо па законах Расійскай імперыі прыроўніваўся да інцэсту.
Аляксандра Мякота па смерці бацькі, як і сястра Марыя, трапіла ў той самы дзіцячы прытулак. Толькі яе прытулак пачаўся з сямі, а не з дзевяці гадоў і апякунка прытулку нават блізка не надавала ёй той увагі, што Марыі. На пятнаццатым годзе жыцця Аляксандры давялося пайсці пасля прытулку на ўласны хлеб, самой уладкоўваць сваё юнацтва, брацца за розныя работы. Урэшце яна атрымала пасаду гувернанткі ў начальніцы Епархіяльнага жаноцкага вучылішча. Адтуль яе і прыняў у сваю сям’ю Адам Багдановіч.
Іх “грамадзянскі шлюб” для тагачаснага ніжагародскага грамадства выглядаў выклікам і амаралкай. Да іх перасталі хадзіць, іх кінулі запрашаць у госці. Яны пазбягалі з’яўляцца на людзях разам. Але разам пражылі больш за сорак гадоў і нарадзілі пяцярых сыноў: Паўла, Мікалая, Аляксея, Вячаслава, Рамана. Усынавіць супольных з Аляксандрай Мякотай дзяцей у Адама атрымалася толькі ў 1914-м
Максім мачаху-цётку прыняў з непрыязнасцю. Называў толькі па імені і трымаў на дыстанцыі. Разам з тым пачаў аддаляцца і ад бацькі. Чаму? Ад дзіцячай рэўнасці і юнацкага максімалізму альбо тут былі больш сур’ёзныя падставы – мы можам хіба здагадвацца.
Аляксандра Апанасаўна была вельмі прыгожай жанчынай – можа, самай прыгожай з Мякотаў. Мела стрыманы і спакойны характар. Праявіла сябе выдатнай гаспадыняй, паспяхова спраўлялася з вялікай гаспадаркай. Не атрымала і сярэдняй адукацыі, але ў адносінах з Адамам-Адольфам панавалі ў іх лад і цяпло, была яна яму добрым сябрам і дарадчыцай.
Адам Багдановіч памёр 16 красавіка 1940-га ва ўзросце сямідзесяці васьмі гадоў. Аляксандра Мякота дажыла да 1947 года і памерла ў семдзесят тры.