Урачыстае адкрыццё міжнароднага паэтычнага фестываля памяці Міхася Стральцова „Вершы на асфальце” прайшло 16 лютага ў галерэі “ТUT.BY”.
Традыцыйна на мерапрыемства фэсту прыязджаюць паэты з іншых краін, а таксама беларускія літаратары, якія жывуць за мяжой. У гэтым годзе ў вечарынах бяруць удзел творцы з Нарвегіі, Швецыі, Украіны ды Татарстана.
Кажа старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч:
– Сем гадоў таму, калі мы абмяркоўвалі ідэю стварэння новага паэтычнага фестываля, у нас была абсалютная згода сярод сузаснавальнікаў адносна таго, хто стане, вядома Міхась Стральцоў. Кожны год геаграфія фестываля пашыралася, яна дасягнула нават Новай Зеландыі. Сёлета да нас прыехалі паэты з Нарвегіі, Швецыі, Літвы і Украіны.
Падчас імпрэзы арганізатары аб’явілі аб уручэнні новай літаратурнай прэміі – у гонар патрона фэста Міхася Стральцова. Першым лаўрэатам стаў беларускі паэт і празаік Алег Мінкін, які жыве ў Вільні.
Распавядае адна з ініцыятараў стварэння гэтай узнагароды Алена Стральцова:
– Мне вельмі падабаліся яго вершы, яны мне нагадалі такі ж настрой, як у стральцоўскіх. Лічу, што наступным будзе вельмі цяжка ўзяць такую планку, кніга высокага рангу.
Галоўная асаблівасць гэтай прэміі – выданне кнігі пераможца. Такім чынам пабачыў свет зборнік прозы і паэзіі Алега Мінкіна пад назваю „Мяне тут не было”.
На вечарыне ўганаравалі таксама і лаўрэатаў прэміі „Залаты апостраф”. Празаікам года па версіі часопіса „Дзеяслоў” стаў Андрэй Федарэнка.
У намінацыі паэзія адзначаны Анатоль Брусевіч. А ў намінацыі дэбют узнагароду атрымала Марына Булатоўская.
У гэтым годзе арганізатары аднавілі ўручэнне прэміі за высокі ўклад у развіццё сучаснай беларускай літаратуры. Яе атрымаў Алесь Разанаў.
Некалькі гадоў запар на фестываль прыязджае ўкраінскі пісьменнік Сяргей Жадан. Нават, сёлятні лаўрэат прэміі Міхася Стральцова, Алег Мінкін прызнаўся, што найбольш чакаў менавіна яго выступа. Разам з перакладчыкам вершаў Жадана на беларускую Андрэем Хадановічам яны зладзілі парнае чытанне на двух мовах.
Другі дзень атрымаўся яшчэ больш насычаным рознымі мерапрыемствамі, чым першы. Пачаўся ён круглым сталом, прысвечаным расстраляным паэтам 30-х гадоў. Выступаючы на ім паэт і даследчык літаратуры Міхась Скобла адзначыў, што ўся віна расстраляных паэтаў была ў тым, што яны пісалі менавіта беларускія вершы.
– Давесці гэтыя нявыдадзеныя кнігі да варштата Скарыны – гэта проста наш маральны абавязак. Мы не павінны думаць, ці мяняецца ад гэтага канон літаратуры, ці нешта іншае. Па вялікім рахунку, яны пайшлі на гэтую Галгофу, у гэтыя курапацкія ямы за тое, што былі беларускімі пісьменнікамі. Там ім шылі самыя розныя справы, але асноўная віна была якраз у гэтым. Зачышчалася прастора пасля беларусізацыі 20-х гадоў.
У гэты дзень прайшлі шматлікія прэзентацыі новых кніг. Упершыню ў Беларусі адбыўся батл перакладчыкаў.
Гаворыць мадэратарка перакладчыцкага батлу Даша Бялькевіч:
– На фестывалі памяці Стральцова заўжды вынаходзяцца новыя фарматы, і некалькі гадоў запар быў менавіта паэтычны слэм, батл. А зараз перакладчыкі вырашылі зрабіць перакладчыцкі батл, каб яны маглі паказаць сябе, свае творы і пазнаёміць чытачоў, слухачоў з яшчэ большай колькасцю замежных аўтараў.
У батле ўдзельнічалі тры каманды – «Еўропа», «Сусвет» і «Нобель». За кожную з іх выступалі самыя вядомыя беларускія перакладчыкі. А каманда «Сусвет» нават была ўзмоцнена ўкраінскім пісьменнікам і перакладчыкам Сяргеем Жаданам. Але ўсё роўна перамагчы гэтай камандзе не ўдалося – мацнейшай аказалася каманда «Нобель», у якую ўваходзілі Андрэй Хадановіч, Уладзімір Арлоў, Лявон Баршчэўскі, Марына Казлоўская, Сяргей Прылуцкі. Пераможцы атрымалі ў падарунак цэлую торбу найноўшых кніг.
Таксама выступілі музыкі Алесь Дзянісаў, Міхаіл Рубін, Міхал Бараноўскі, Уладзь Лянкевіч. Да самага позняга вечара доўжылася «Ноч паэзіі і музыкі», у якой узяў удзел і паэт з Бельска Падляшскага Андрэй Сцепанюк.
– Ніколі не выпадала мне ў нечым такім удзельнічаць, дзесьці, можа, толькі ў пакоі, калі быў на З’ездзе беларусаў свету, такая вечарына адбылася, але яна была вельмі прыватная. Выступаць перад такой публікай раней не надаралася, асабліва калі перад табой выступаюць такія тузы, як Арлоў, Някляеў і многія іншыя. Канешне, хваляванне вялікае. Але калі паглядзеў на публіку і адчуў зацікаўленне, то ўжо было крыху лягчэй.
Міжнародны фестываль «Вершы на асфальце» памяці Міхася Стральцова – найбуйнейшы паэтычны беларускі фэст. Сёлета ён адбыся ўжо сёмы раз.
Паводле Алены Вільтоўскай і Васіля Кроквы, “Беларускае Радыё Рацыя”
Фота Яўгена Ерчака, Зарыны Кандрацьевай і Аляксандра Кісялёва, “Будзьма беларусамі”
Болей фота глядзі на budzma.by