Запрашаем паслухаць голас Кузьмы Чорнага

Віртуальны праект “На хвалі часу, у плыні жыцця” і раздзел, прысвечаны 120-годдзю з дня нараджэння Кузьмы Чорнага, папоўніўся каштоўнымі матэрыяламі. Дзелімся з усімі зацікаўленымі чарговымі навінкамі.


01-af_chorny_k.jpg


Нацыянальную бібліятэку Беларусі наведала Людміла Ніжэвіч, загадчыца Літаратурнага музея Кузьмы Чорнага, што знаходзіцца ў аграгарадку Цімкавічы Капыльскага раёна.


02-nizevich_l.jpg

Людміла Ніжэвіч у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Фота Ю. Амосавай


Менавіта ў гэтых мясцінах вучыўся і гадаваўся пісьменнік. Людміла Іосіфаўна шмат гадоў працуе ў музеі, штогод арганізуе шэраг адукацыйных і творчых мерапрыемстваў для школьнікаў і гасцей Цімкавіч, сумесна з дзіцячай школай мастацтваў ладзіць пленэры для юных мастакоў, кіруе аматарскім тэатрам, удзельнікі якога рыхтуюць інсцэніроўкі па творах Кузьмы Чорнага. 5 верасня Людміла Ніжэвіч прыняла ўдзел у XXVIII Дні беларускага пісьменства ў Капылі, дзе прадставіла шэраг матэрыялаў з музея і распавяла пра свайго земляка, які пакінуў такія словы пра Цімкавічы:

Родныя мае мясціны. Як мая душа рвецца туды! Яна заўсёды там. Там жывуць усе мае персанажы. Усе дарогі, пейзажы, дрэвы, хаты, чалавечыя натуры, пра якія я калі-небудзь пісаў. Гэта ўсё адтуль, сапраўднае.

У 2020 г. падчас стварэння віртуальнай экспазіцыі, прысвечанай юбілею пісьменніка, бібліятэка наладзіла плённае супрацоўніцтва з літаратурным музеем. Дзякуючы фондам установы і кансультацыям Людмілы Іосіфаўны ў праект былі далучаны малюнкі Кузьмы Чорнага, асабістыя рэчы пісьменніка, фотаздымкі залаў музея. Сёлета раздзел, прысвечаны маладнякоўцу, папоўніўся яшчэ адным каштоўным дакументам – аўдыязапісам фрагмента выступлення Кузьмы Чорнага на радыёмітынгу прадстаўнікоў беларускага народа супраць нямецкіх акупантаў. Мерапрыемства з удзелам беларускіх пісьменнікаў адбылося 18 студзеня 1942 г. у Казані.


03-chorny_k_i_insh.jpg

З фондаў Літаратурнага музея Кузьмы Чорнага


Дагэтуль запіс можна было пачуць толькі на магнітнай стужцы, наведаўшы музей у Цімкавічах. Дзякуючы тэхнічным магчымасцям бібліятэкі касета была алічбавана і цяпер даступна кожнаму карыстальніку на віртуальнай старонцы, прысвечанай пісьменніку ў рамках праекта “На хвалі часу, у плыні жыцця”. Акрамя запісу, Людміла Ніжэвіч перадала бібліятэцы копію рукапісу прамовы Кузьмы Чорнага “Ніякай літасці нямецкім акупантам!”, падрыхтаванай для выступлення падчас радыёмітынгу. З яе тэкстам можна пазнаёміцца і ў газеце “Савецкая Беларусь” ад 20 студзеня 1942 г., якая ёсць у фондах Нацыянальнай бібліятэкі.


04-rukapis_k_chornaha.jpg

Рукапіс прамовы Кузьмы Чорнага для выступлення на радыёмітынгу прадстаўнікоў беларускага народа супраць нямецкіх акупантаў. Студзень 1942 г. З фондаў Літаратурнага музея Кузьмы Чорнага


Пачуўшы запісы галасоў пісьменнікаў мінулага, кожны з нас можа крыху наблізіцца да гэтых асоб, уявіць, якімі яны былі, бо па тэмбры, інтанацыі, асаблівасцях маўлення можна раскрыць чалавека з іншага, невядомага боку. Дзякуючы супольнай працы Нацыянальнай бібліятэкі з Літаратурным музеем Кузьмы Чорнага гэта становіцца магчымым.



Сачыце за далейшымі навінамі нашага праекта!

Нацыянальная бібліятэка Беларусі