Сем птушак абраныя вестунамі вясны ў 2021 годзе, і Беларусь, як і ўся Еўропа, будзе сачыць за іх прылётам анлайн і ў небе.
«Жывая вясна» – міжнародная кампанія глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыі BirdLife International па прыцягванні ўвагі дзяцей і дарослых да дзікай прыроды, да назірання за пералётнымі птушкамі і іх захавання.
Белы бусел. Фота Іны Субоцінай
На сайце кампаніі можна сачыць на карце Еўропы, як птушкі, абраныя вестунамі вясны, вяртаюцца з зімоўкі. Карту ствараюць назіральнікі з розных краін. Убачыўшы ўпершыню ў новым годзе нейкую з птушак “Жывой вясны”, трэба занесці назіранне на сайт springalive.net.
Калі ў меню справа выбраць краіну, то на карце адлюструецца агульная колькасць назіранняў у кожнай вобласці. А калі выбраць Еўропу, можна пабачыць, як вясна займае розныя краіны кантынента. Чым больш назіранняў, тым больш насычаны колер вобласці або краіны на карце.
Якія птушкі абраныя вестунамі вясны ў 2021 годзе?
Вестунамі “Жывой вясны” абраныя сем птушак, якіх адносна лёгка пазнаць: белы бусел (белый аист), вясковая ластаўка (деревенская ласточка), чорны свіргуль (черный стриж), зязюля (кукушка), ластаўка-зямлянка (береговая ласточка), шчурка-пчалаедка (золотистая щурка) і вялікі зуёк (галстучник).
Апошнія два віды ўключаныя ў Чырвоную кнігу Беларусі.
Шчуркі-пчалаедкі. Фота Аляксандры Кудзінавай
Вялікі зуёк на Мінскім моры. Фота Іны Субоцінай
Пакуль птушкі збіраюцца адлятаць з Афрыкі на Радзіму або, як белыя буслы, ужо ў дарозе дадому, можна паспрабаваць намаляваць з дзеткамі птушак-вестуноў, каб яны добра іх запомнілі і пазналі, калі сустрэнуць у прыродзе.
Калі гэтыя птушкі прылятаюць у Беларусь?
Усе птушкі «Жывой вясны» – дальнія мігранты. Яны вяртаюцца вясной прыблізна ў адны і тыя ж тэрміны, бо не ведаюць, ці спрыяльнае тут для іх надвор’е.
Кліматычныя змены кепска ўплываюць на іх поспех размнажэння, таму што расліны (а значыць, і насякомыя) ранняй вясной развіваюцца раней і пік колькасці смачнай ежы многія птушаняты прапускаюць.
“Ужо зусім хутка, у 10-х чыслах сакавіка, павінны прыляцець белыя буслы, таму сачыце ўважліва за небам, — раіць спецыялістка АПБ па экалагічнай асвеце Анастасія Пярко. – У гэты ж час звычайна вяртаюцца ў краіну і вялікія зуйкі, у першай палове красавіка – вясковыя ластаўкі і зязюлі, у канцы красавіка і пачатку траўня – ластаўкі-зямлянкі і свіргулі, а ў канцы траўня – шчуркі-пчалаедкі”.
Вясковая ластаўка. Фота Іны Субоцінай
Зязюля. Фота Іны Субоцінай
Як дадаваць назіранні?
Раскажы дзецям пра белых буслоў, ластавак і іншых вестуноў вясны, каб яны паведамілі вам, калі ўбачаць першую птушку. Павіншуй класнага чэмпіёна /чэмпіёнку, якія ўпершыню пабачылі бусла ці іншую птушку-вестуна.
Занясі гэтае назіранне зручным для сябе спосабам:
- на сайце “Жывой вясны” праз форму «Дадаць назіранне«
- апісаць сваё назіранне ў групах кампаніі ў Facebook ці Вконтакте.
Зладзь экскурсію з дзеткамі да першага гнязда бусла, занятаму птушкамі ў вёсцы або горадзе сёлета, таксама ўнясі гэтае калектыўнае назіранне на сайт ці ў сацсеткі.
Прачытаць апісанне птушак і паслухаць іх галасы можна на сайце АПБ або ў мабільным вызначальніку Ptushki.
У межах кампаніі пройдуць конкурсы, экскурсіі на птушак, прэзентацыі, святы і гульні ў школах.
Ластаўка-зямлянка. Фота Сяргея Марыніча
Свіргуль. Фота Сяргея Марыніча
Сустракай вясну разам з птушкамі!
Даведка: Кампанія «Жывая вясна» пачалася ў 2006 годзе як еўрапейскі праект BirdLife International. З 2009 года далучыліся краіны Цэнтральнай Азіі. З 2010 года «Жывая вясна» прыйшла ў Афрыку. Летась на сайт «Жывой вясны» паступіла 11669 назіранняў ад удзельнікаў з Еўропы, Цэнтральнай Азіі і Афрыкі. Дзякуючы актыўнаму ўдзелу беларусаў нашая краіна апынулася на 2-м месцы сярод 59 краін-удзельніц.
Кампанія «Жывая вясна» ажыццяўляецца дзякуючы падтрымцы HeidelbergCement.
Алеся Башарымава, „Ахова птушак Бацькаўшчыны“