Заўважыш першых буслоў — занось на сайт «Жывой вясны»!

Сем птушак абраныя вестунамі вясны ў 2021 годзе, і Беларусь, як і ўся Еўропа, будзе сачыць за іх прылётам анлайн і ў небе.

«Жывая вясна» – міжнародная кампанія глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыі BirdLife International па прыцягванні ўвагі дзяцей і дарослых да дзікай прыроды, да назірання за пералётнымі птушкамі і іх захавання.


01-Belyj-aist-foto-Inny-Subbotinoj-800.jpg

Белы бусел. Фота Іны Субоцінай


На сайце кампаніі можна сачыць на карце Еўропы, як птушкі, абраныя вестунамі вясны, вяртаюцца з зімоўкі. Карту ствараюць назіральнікі з розных краін. Убачыўшы ўпершыню ў новым годзе нейкую з птушак “Жывой вясны”, трэба занесці назіранне на сайт springalive.net.

Калі ў меню справа выбраць краіну, то на карце адлюструецца агульная колькасць назіранняў у кожнай вобласці. А калі выбраць Еўропу, можна пабачыць, як вясна займае розныя краіны кантынента. Чым больш назіранняў, тым больш насычаны колер вобласці або краіны на карце.


Якія птушкі абраныя вестунамі вясны ў 2021 годзе?

Вестунамі “Жывой вясны” абраныя сем птушак, якіх адносна лёгка пазнаць: белы бусел (белый аист), вясковая ластаўка (деревенская ласточка), чорны свіргуль (черный стриж), зязюля (кукушка), ластаўка-зямлянка (береговая ласточка), шчурка-пчалаедка (золотистая щурка) і вялікі зуёк (галстучник).

Апошнія два віды ўключаныя ў Чырвоную кнігу Беларусі.


02-Zolotistye-shhurki-foto-Aleksandry-Kudinovoj-800.jpg

Шчуркі-пчалаедкі. Фота Аляксандры Кудзінавай


03-Galstuchnik.jpg

Вялікі зуёк на Мінскім моры. Фота Іны Субоцінай


Пакуль птушкі збіраюцца адлятаць з Афрыкі на Радзіму або, як белыя буслы, ужо ў дарозе дадому, можна паспрабаваць намаляваць з дзеткамі птушак-вестуноў, каб яны добра іх запомнілі і пазналі, калі сустрэнуць у прыродзе.


Калі гэтыя птушкі прылятаюць у Беларусь?

Усе птушкі «Жывой вясны» – дальнія мігранты. Яны вяртаюцца вясной прыблізна ў адны і тыя ж тэрміны, бо не ведаюць, ці спрыяльнае тут для іх надвор’е.

Кліматычныя змены кепска ўплываюць на іх поспех размнажэння, таму што расліны (а значыць, і насякомыя) ранняй вясной развіваюцца раней і пік колькасці смачнай ежы многія птушаняты прапускаюць.

Ужо зусім хутка, у 10-х чыслах сакавіка, павінны прыляцець белыя буслы, таму сачыце ўважліва за небам, — раіць спецыялістка АПБ па экалагічнай асвеце Анастасія Пярко.У гэты ж час звычайна вяртаюцца ў краіну і вялікія зуйкі, у першай палове красавіка – вясковыя ластаўкі і зязюлі, у канцы красавіка і пачатку траўня – ластаўкі-зямлянкі і свіргулі, а ў канцы траўня – шчуркі-пчалаедкі”.

04-Lastochka-derevenskaya-foto-Subbotinoj-Inny-800.jpg

Вясковая ластаўка. Фота Іны Субоцінай


05-Kukushka-foto-Subbotinoj-Inny-800.jpg

Зязюля. Фота Іны Субоцінай


Як дадаваць назіранні?

Раскажы дзецям пра белых буслоў, ластавак і іншых вестуноў вясны, каб яны паведамілі вам, калі ўбачаць першую птушку. Павіншуй класнага чэмпіёна /чэмпіёнку, якія ўпершыню пабачылі бусла ці іншую птушку-вестуна.

Занясі гэтае назіранне зручным для сябе спосабам:

Зладзь экскурсію з дзеткамі да першага гнязда бусла, занятаму птушкамі ў вёсцы або горадзе сёлета, таксама ўнясі гэтае калектыўнае назіранне на сайт ці ў сацсеткі.

Прачытаць апісанне птушак і паслухаць іх галасы можна на сайце АПБ або ў мабільным вызначальніку Ptushki.

У межах кампаніі пройдуць конкурсы, экскурсіі на птушак, прэзентацыі, святы і гульні ў школах.


06-Beregovushka-Sergej-Marinich2-800.jpg

Ластаўка-зямлянка. Фота Сяргея Марыніча


07-Strizh-Sergej-Marinich-800.jpg

Свіргуль. Фота Сяргея Марыніча


Сустракай вясну разам з птушкамі!

Даведка: Кампанія «Жывая вясна» пачалася ў 2006 годзе як еўрапейскі праект BirdLife International. З 2009 года далучыліся краіны Цэнтральнай Азіі. З 2010 года «Жывая вясна» прыйшла ў Афрыку. Летась на сайт «Жывой вясны» паступіла 11669 назіранняў ад удзельнікаў з Еўропы, Цэнтральнай Азіі і Афрыкі. Дзякуючы актыўнаму ўдзелу беларусаў нашая краіна апынулася на 2-м месцы сярод 59 краін-удзельніц.

Кампанія «Жывая вясна» ажыццяўляецца дзякуючы падтрымцы HeidelbergCement.

Алеся Башарымава, „Ахова птушак Бацькаўшчыны“