"ЮР": авангардова-фолькавы альбом «Сямашкі ды Кумпаніі» апублікаваны ў Чэхіі

На чэскім нэт-лэйбле Signals From Arkaim выйшаў альбом імправізатарскае суполкі "Віктар Сямашка ды Кумпанія". Матэрыял быў зафіксаваны 5 гадоў таму падчас выступу ў музэі-майстэрні Заіра Азгура ў Менску. "Напраўду файны запіс, поўны энэргіі!", - адзначыў уладальнік лэйблу Jan Faix.


cover.png


У запісе, прынялі ўдзел 8 музыкаў, вядомыя зараз па розных гуртох незалежнае сцэны. У тым ліку Дзяніс Кудраўцаў (Sinie Gory), Эрык Арлоў-Шымкус (luty sakavik, ili-ili, Harotnica-mix), Фрыдрых Самотны (Masque Noir)... За фальклёрны складнік адказвалі Ірына Мазюк і Павал Сілівончык з гурту "Кудмень". "Для нас гэта па-свойму манумэнтальная праца, амаль сымфонія на скрыжаваньні этна, фры-джазу, эмбіэнту, якая сумяшчае традыцыйныя веснавыя сьпевы з экспэрымэнтальнай паэзіяй, акустыку ды электроніку, сольныя й калектыўныя імправізацыі", - кажа Віктар Сямашка.

Праграма ўмоўна падзеленая на 2 "бакі» Ю/Р па 5 трэкаў на кожным. Вокладкай рэлізу стала сёлетняе фота карэспандэнта France Presse Генадзя Шарыпкіна, зробленае на Віцебшчыне. Адвольна паслухаць і спампаваць альбом можна праз сайт лэйблу Signals From Arkaim.


https://signalsfromarkaim.blogspot.com/2020/06/sfa085-viktar-siamaska-dy-kumpanija-jur.html?m=1&fbclid=IwAR3UIjLkK7vXoRNiQw8OvGYGNrnaewEXqIXKV3GzSLlh6tPjpOJC8ODPc_E


VS&C°