Бадай, адной з самых значных пісьменніцкіх юбілейных датаў адыходзячага 2021 года было 200-годдзе Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага. І прайшла яна калі не сціпла, дык малазаўважна. Прынамсі, у постсавецкай культурнай прасторы. Не блізкі сваімі маральнымі імператывамі для цяперашніх новаімперскіх ідэолагаў сусветны класік.
У пераважнай большасці юбілейнага «масіву» інфармацыі, прысвечанага класіку, былі развагі пра біяграфію ды нацыянальную прыналежнасць Фёдара Міхайлавіча.
Так, «Российская газета» гучна нагадала і пра беларускія сляды ў жыццяпісе пісьменніка.
«У некаторых жыццяпісах можна прачытаць пра тое, што класік, маўляў, нічога не казаў аб сваіх продках і ніколі не звяртаўся да генеалагічных аргументаў, — адзначыў у названым выданні Юрый Барысёнак (што паказальна: гісторык, які нарадзіўся ў Полацку). — У рэальнасці ён меў дастаткова дакладнае ўяўленне аб фамільных каранях».
Юрый Барысёнак найперш спаслаўся на сведчанні жонкі і дачкі Фёдара Дастаеўскага: «Удава пісьменніка Ганна Рыгораўна ў 1897 годзе пісала ў Мінскую губерню святару А. Кульчыцкаму: “Мой нябожчык муж Фёдар Міхайлавіч Дастаеўскі шмат разоў казаў мне, што яго род паходзіць з Літвы ад пінскага маршалка Дастаеўскага, абранага ў сейм у 1598 годзе. Пётр Дастаеўскі і яго нашчадкі жылі ў Дастоеве”. Згаданая ў такім кантэксце Літва абазначае тагачасную прыналежнасць гэтых мясцінаў Вялікаму Княству Літоўскаму. Дастоева ж, цяпер аграгарадок у Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці, здабыла еўрапейскую вядомасць пасля таго, як дачка класіка Любоў Фёдараўна Дастаеўская (1869—1926) у 1920-м выдала кнігу на нямецкай мове, першая частка якой менавалася “Паходжанне роду Дастаеўскіх”. “Продкі майго бацькі паходзілі з Мінскай губерні, дзе недалёка ад Пінска і дагэтуль існуе месца, якое называецца Дастоева, былы маёнтак бацькавай сям’і... Дастаеўскія былі шляхціцамі і належалі да “Герба Радвана”».
Знайшлося месца ў згаданым артыкуле ў «Российской газете» і палеміцы з польскімі даследчыкамі. Працытуем яшчэ: «І сам Дастаеўскі, і яго блізкія пасля яго смерці мелі далёка не самыя падрабязныя звесткі аб пачатковым этапе сямейнага радаводу. Гэта дазваляла паспрабаваць усумніцца ў тым, што карані Фёдара Міхайлавіча з той шляхты, што валодала Дастоева. Менавіта так і паступіў вядомы польскі журналіст, палітык і пісьменнік Станіслаў Цат-Мацкевіч (1896—1966) у сваёй яркай кнізе “Дастаеўскі”, выдадзенай у Польшчы ў 1957 годзе і перавыдадзенай у рускім перакладзе ў 2021-м намаганнямі Фонду “Расійска-польскі цэнтр дыялогу і згоды”. Польскі аўтар катэгарычна адмаўляўся быць у адной шляхецкай карпарацыі з чалавекам, якога ён лічыў выключна рускім класікам. Цат-Мацкевіч спрачаўся з Любоўю Дастаеўскай і запэўніваў: “…Дастаеўскі, які ненавідзіць каталіцызм і палякаў, звяртаецца да тых Дастаеўскіх герба Радвана, каб хоць крыху пазалаціць сабе калыску”. Паводле гэтай версіі атрымлівалася, што былі дзве розныя галіны Дастаеўскіх: тыя, што валодалі Дастоевам, былі шляхціцамі, а продкі класіка з Валыні і Падолля належалі да духавенства.
Сучасныя пошукі, у тым ліку і ў беларускіх архівах, здольныя пераканаўча разабрацца ў асаблівасцях радаводу класіка і абвергнуць здагадкі Цата-Мацкевіча».
Юрый Барысёнак спасылаецца на «Хронику рода Достоевских», выдадзеную ў 2013 годзе пад рэдакцыяй вядомага даследчыка творчасці класіка Ігара Волгіна (гэта больш за 1200-старонкавы фаліянт). Прыведзеныя там крыніцы паўтараюць ранейшыя звесткі і яшчэ раз даказваюць, што прозвішча «Дастаеўскі» з’явілася ў XVI стагоддзі менавіта ад назвы на сёння беларускага паселішча Дастоева, а першым Дастаеўскім стаў сын заснавальніка роду Данілы Іванавіча Рцішчэвіча Іван Данілавіч, якому Дастоева было падаравана 6 кастрычніка 1506 года. Да XVIII стагоддзя сям’я збяднела, Дастоева было страчана, але Дастаеўскія з беларускага Палесся і іх нашчадкі з Валыні — гэта адна сям’я, а не дзве розныя. Даследчыку з Мінска, дацэнту БДУ Дзмітрыю Башкіраву, які прыняў актыўны ўдзел у складанні хронікі роду Дастаеўскага, удалося ўстанавіць, што ў заснавальніка роду Данілы Іванавіча быў брат Рыгор Іванавіч Ірцішчэвіч Бруяка, а іх маці звалася Таццяна Іванаўна Рцішчавічавая. Дзмітрый Башкіраў мяркуе таксама, што Дастоева ў 1506 годзе магло быць не падорана, а была часткай спадчыны.
Зразумелыя і матывы, якія змусілі некаторых продкаў Фёдара Міхайлавіча перасяліцца з беларускага Палесся на Валынь і перайсці са шляхецкага ў духоўнае саслоўе.
Духоўная кар’ера, якую абралі прадзед Дастаеўскага Рыгор і яго дзед Андрэй (яны сталі ўніяцкімі святарамі), у цяжкія часы спрыяла захаванню і сацыяльнага дабрабыту. Страчанае ж дваранства пасля «далучэння» родных мясцін Дастаеўскіх у Расійскую Імперыю можна было выслужыць, што і здзейсніў бацька пісьменніка ў 1828 годзе.
Да ўласнага асвятлення генеалагічнага дрэва Фёдара Дастаеўскага ў яго юбілейны год далучылася і «Українська літературна газета». Пятро Кралюк, старшыня Вучонага савета Нацыянальнага ўніверсітэта «Астрожская акадэмія», апублікаваў у ёй артыкул «200-годдзе. Украінскія карані Фёдара Дастаеўскага…» (упершыню быў апублікаваны на сайце radiosvoboda.org у ліпені 2021 года).
Аўтар адзначае наступнае: «Калі казаць пра паходжанне рускага пісьменніка Фёдара Дастаеўскага (1821—1881), вядомага на Захадзе (дзе ён насамрэч рускі пісьменнік №1), то можна сустрэць меркаванне, што яго далёкія продкі паходзілі з Беларусі. Даніла, які заснаваў род Дастаеўскіх, належаў да татарскага роду Рцішчаў. Прыехаў з Масковіі ў Пінск. І тут у 1506 годзе ён авалодаў вёскай Дастоева. Ад назвы гэтай вёскі паходзіць назва роду Дастаеўскіх. Цяпер вёска ўваходзіць у склад Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці Беларусі. Аднак гэта не беларуская, а ўкраінская этнічная тэрыторыя (?! — Рэд.). Сам Дастоеў знаходзіцца недалёка ад цяперашняй мяжы Украіны і Беларусі. Аднак продкі Дастаеўскага жылі не столькі ў Дастоеве, колькі на Валыні, а дакладней на Ковельшчыне. У 70-я гады XVI стагоддзя тут жыў нейкі Феадор Дастаеўскі, які служыў пры князі Андрэі Курбскім. У 1664 годзе ў вёсцы Секун, што пад Ковелем, згадваецца яшчэ адзін прадстаўнік роду Дастаеўскіх. Ёсць некаторыя звесткі пра іераманаха Кіева-Пячэрскай лаўры Акіндзія Дастаеўскага, які жыў у XVII ст. “Калі мае продкі, — пісала дачка пісьменніка Любоў Дастаеўская (1869—1926), — пакінулі цёмныя лясы і балоты Літвы, іх, напэўна, асвяціла святло, кветкі і эліністычная паэзія Украіны; іх душы сагрэліся паўднёвым сонцам і выліліся ў вершы”. Любоў Дастаеўская, абапіраючыся на сямейныя паданні, расказвала, што адзін з яе продкаў у XVII стагоддзі напісаў “букалічную паэму”, якая, аднак, не захавалася. Аднак да нас дайшоў верш ад пачаеўскага “Багагласнік” (1790), у якім быў верш з подпісам Дастаеўскага. Гэты зборнік, выдадзены ў Пачаеўскім манастыры айцоў базыльянаў (у той час ён быў уніяцкім), з’яўляецца ўнікальным помнікам украінскай культуры. Гэта своеасаблівы вынік больш чым 200-гадовай традыцыі стварэння духоўных песень ва Украіне… У 1775 годзе Дастаеўскія вымушаны былі пакінуць Валынь... Затым прадзед Фёдара Дастаеўскага, Грыгорый Гамеравіч, пераехаў на Усходнюю Валынь, у Янушпаль, дзе стаў грэка-каталіцкім (уніяцкая тэрміналогія на той час) святаром. Два яго сыны таксама былі святарамі. Адзін з іх, Андрэй, дзед пісьменніка, у 1782—1820 гадах служыў у вёсцы Війтаўка на Падоллі. Яму давялося перайсці з уніі ў праваслаўе. У Війтаўцах святаром служыў і яго сын Леў. Яшчэ адзін сын, Міхаіл, бацька пісьменніка, рыхтаваўся да святарскай кар’еры, вучыўся ў Падольскай семінарыі ў Шаргарадзе. Адтуль яго як аднаго з лепшых студэнтаў накіравалі вучыцца ў Медыка-хірургічную акадэмію ў Маскву, дзе і ўладкаваўся. Фёдар Дастаеўскі нарадзіўся ў Маскве. Хаця бацька Фёдара Дастаеўскага быў у Маскве, ён сфармаваўся ва ўлонні традыцыйнай культуры ўкраінскага духавенства. І гэтую культуру, прынамсі часткова, ён перадаў сыну. Ці не адсюль глыбокая рэлігійнасць Фёдара Дастаеўскага, якая мела мала агульнага з рускай рэлігійнасцю, але якая ўпісваецца ў кантэкст рэлігійных традыцый Украіны XVI—XVIII стагоддзяў? Бо ў творчасці пісьменніка прыкметныя “ўкраінскія сляды”. Напрыклад, у першым творы Фёдара Дастаеўскага “Бедныя людзі” шмат украінскага. Гэта сардэчнае стаўленне да бедных, пакрыўджаных людзей... (? — Рэд.) У рамане таксама шмат украінізмаў. Так, герой рамана часта звяртаецца да гераіні твора “мая маленькая”. Ёсць нават слова — “гвалт”, якое ў рускай гаворцы не ўжываецца. Аднак яно прыйшло з нямецкай мовы праз польскую мову і шырока выкарыстоўвалася на Валыні. “Украінскія сляды” можна знайсці і ў іншых творах пісьменніка, асабліва ў творчасці ранняга перыяду. Канешне, няма сэнсу “забіраць” Фёдара Дастаеўскага з рускай літаратуры. Аднак нельга забываць, што ён міжволі ўвёў у гэтую літаратуру “частку Украіны”. Таму маем падставы ставіцца да гэтага пісьменніка як да свайго».
Канец цытаты…
Прыведзеныя «ўкраінізмы» Дастаеўскага ў беларускамоўнага чытача, безумоўна, выклікаюць усмешку, чаго не скажаш пра «не беларускую, а ўкраінскую этнічную тэрыторыю» ў адносінах да Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. І гэта — у публікацыях «Радыё Свабода» і дэмакратычнага літаратурнага выдання! У час анексіі Крыма, «этнічнай зачысткі» ўкраінскіх Данеччыны і Луганшчыны каментаваць агучанае Пятром Кралюком будзе залішнім…
Бо ў час выразання і перакопвання дзяржаўных (зямных) каранёў найбольш важнымі і значнымі застаюцца карані маральныя, духоўныя, і сярод іх асноўнага вязьма, іх канцэптуальна-ідэалагічнага наратыва застаецца галоўная ідэя творчасці Фёдара Дастаеўскага пра «вышэйшую гармонію», якая, паводле пісьменніка, «не вартая слязінкі хаця б аднаго толькі замардаванага дзіцяці». А ў нашыя дні — соцень слязінак дзяцей забітых абаронцаў Усходу Украіны ды соцень дзяцей, бацькі і маці якіх сядзяць у беларускіх турмах.
У нашай і згаданых суседніх дзяржавах галоўны пасыл Фёдара Дастаеўскага застаецца актуальным і «слязацечным»: нельга намагацца дасягнуць аніякіх, нават самых высокіх мэтаў за кошт пакутаў нявінных людзей.
А таму і пытанне аб этнічнай прыналежнасці далёкіх продкаў Дастаеўскага ў яго юбілейны год — далёка не першаснае.