Як не звар’яцець, чытаючы навіны

Алесь Кіркевіч на budzma.by пра набалелае: як захаваць раўнавагу і душэўны спакой у гэты няпросты час.

Год у нас і праўда ўдалы выдаўся. Спачатку пажары ў Аўстраліі і гібель мільярда жывёл. Потым каранавірус: спачатку недзе ў свеце, пасля — у кожным пад’ездзе: маскі, антысептыкі, труны, прывіды ў белых халатах. Далей — палітычныя «турбулентнасці»: мітынгі, пасадкі, суткі, ланцугі салідарнасці, АМАП. З высокіх трыбунаў — улюлюканне напалову з пагрозамі. Потым вада ў Менску засмярдзела...

Што далей? Што заўтра або ўжо сёння праз гадзіну? Як наогул браць тэлефон, каб рукі не дрыжалі? Бо рэфлекс браць свой «яблычак» у рукі і гартаць навіны ёсць, а вось рэфлексу фільтраваць змест і заставацца псіхалагічна ўстойлівым няма. У камплекце не было. Толькі навушнікі і зарадка.


«Сама патрэба атрымліваць навіны — прыкмета страху»

Згадваецца эсэ Эрнста Юнгера «Сыход у лес»:

«Паніка распаўсюджваецца па сетках з хуткасцю маланкі. Ужо сама патрэба атрымліваць навіны па некалькі разоў на дзень ёсць прыкметай страху; уражанне разганяецца і застывае на высокіх абаротах. Усе гэтыя антэны вялікіх гарадоў падобныя да ўздыбленых валасоў. Яны быццам выклікаюць дэманаў...»

У якасці даведкі: Юнгер пісаў гэта 70 гадоў таму, у 1951-м. Ніякага інтэрнэту, ніякіх смартфонаў і сацыяльных сетак не было. Газеты і радыё ў асноўным. Людзі чакалі чарговай вялікай вайны, чакалі навінаў з прымачоў, а стары франтавік Юнгер толькі ўсміхаўся. Ведаў, што іншы бок рашучасці — гэта флегматычны фаталізм: часам варта запаліць цыгарэтку і спакойна паглядзець у шэрае неба. Ведаў, што паніка і страх распаўсюджваюцца як зараза, цярпець гэтыя з’явы небяспечна.


02-476eea8d31dbbd16cd8b35f9d8237611.jpg

Эрнст Юнгер


У каго там «псіхоз»?

Штодня я назіраю новыя аватаркі ў сацыяльных сетках з лагатыпамі палітыкаў і кампаніяў. Штодня бачу гнеўныя смайлы і навіны пра затрыманні, суткі, суды, страшылкі з боку афіцыёзу. Штодня, калі выкідаю мяшкі са смеццем, бачу графіці «3%» на смеццевым кантэйнеры, а каля крамы — налепкі «Псіхо3%».

Не маю нічога супраць палітычна ангажаванай публікі і графіці (абы не на гістарычных будынках). Цікава проста, аўтары ставяць дыягназ «псіхоз» уладзе, сабе ці грамадству агулам? Апошні варыянт, мабыць, найбольш праўдападобны. Грамадства яшчэ ад стрэсу з каранавірусам не адышло, пасля палітычныя прыгоды, цяпер — планамернае і дзелавітае закручванне гаек. Паспрабуй тут не псіхануць!


Пражыць сваё жыццё ці жыццё краіны?

Тым не менш, калі вы не журналіст, не працуеце ў штабе нейкага кандыдата, не праваабаронца, але вам усё ж баліць за краіну, як намацаць аптымальную мяжу кантакту з грамадствам і светам, каб не з’ехаць з глузду? Не выходзіць з дому? Не чытаць навінаў зусім? З’ехаць на Браславы з сям’ёй, а тэлефон пакінуць у мінскай кватэры?

Зусім не абавязкова. Можна проста выпрацаваць імунітэт. Найперш, як на мяне, варта разабрацца, хочаце вы пражываць жыццё краіны ці ўсё ж сваё ўласнае. Гэта важна.

«Жыццё кароткае, Радзіма вечная!», «Жыве Беларусь! Жыве вечна!» — усё гэта цудоўна, ведаем, практыкуем. Але як бы нам ні хацелася, краіна не вечная. Нацыя не вечная. Тым больш не вечныя прэзідэнт і яго сістэма. А вось чалавек — вечны. Калі носіце крыжык на шыі, магчыма, вам прасцей зразумець.

Больш за тое, кожная ідэя — стварэнне чалавечага розуму. Нацыяналізм, камунізм, анархізм, дэмакратыя, лібералізм, гендарныя правы — усё, у што вы маглі паверыць і з чым маглі ідэнтыфікавацца. Не забывайце пра гэта. Пражыць свой уласны лёс, як мне падаецца, значна цікавей, чым пражыць лёс прафсаюзнай суполкі ў пэўнай краіне ў пэўны перыяд гісторыі.


Хто я, дзе я, для чаго ўсё гэта?..

Важна, як на мяне, рэгулярна адказваць самому сабе на пытанні: «Хто я?», «Дзе я?», «У якіх адносінах з рэчаіснасцю?», «Для чаго ўсё гэта?». Простая і дзейсная альтэрнатыва споведзі і сеансам у псіхааналітыка. Гігіена свядомасці. Хай увойдзе ў звычку, як чыстка зубоў. Так можна набыць імунітэт і ад грамадства, і ад навінаў, і ад таго, што табе навязваюць звонку.

У кожным разе рабіць варта тое, што ты хочаш. Прыняць рашэнне. Калі палітыка, выбары, ланцугі салідарнасці — тваё, то ідзі, удзельнічай. Псіхалагічна так будзе прасцей. Значна прасцей, чым сядзець за камп’ютарам, накручваць сябе, сваіх блізкіх і «фрэндаў» у фэйсбуку бясконцымі крыкамі: «Якія скаты!», «Як такое можа быць?!», «У гэтай краіне жыць нельга!».

Прынамсі, вопыт Рэвалюцыі годнасці ва Украіне паказвае: прасцей быць на Майдане, чым сачыць за падзеямі на Майдане праз анлайн-трансляцыі. Калі ты там — адчуванні іншыя. Спакой і ўпэўненасць. Калі ты дома за камп’ютарам, то знішчаеш сваю псіхіку значна больш. Нявыкарыстаная воля і гнеў будуць выпальваць мозг, не інакш.

Іншае рашэнне — гэта не ўдзельнічаць, займацца нечым сваім. Тут бяздзеянне — таксама дзеянне. Бо варыянт «я працую», «я будую дом», «я займаюся сям’ёй» — гэта таксама рашэнне. І таксама імунітэт, каб не рваць душу на шматкі. Калі навокал інфармацыйная пандэмія, то варта ізалявацца. Напрыклад, сысці ў лес. Неабавязкова ў той, з шышкамі і мурашамі. Можна ў той, які кожны з нас носіць з сабою.

Варта вызначыцца — і жыць далей.

Алесь Кіркевіч, budzma.by