У Літве ўжо даўно створаная і актыўна працуе арганізацыя “Глабальныя лідары Літвы”, якая аб’ядноўвае прафесіяналаў з розных сфер. Штогод арганізоўваюцца форумы, падчас якіх адбываецца абмен досведам, а выбітным літоўцам за ўнёсак у развіццё краіны прэзідэнт Літвы ўручае прэміі “Глабальная Літва”. Сярод намінантаў – прафесіяналы ў навуковай, культурнай і дзелавой сферы з усіх куткоў свету. Штогод ва ўрачыстасці бяруць удзел літоўцы болей чым з 20 краін.
Але форум не толькі для літоўцаў замежжа. Намінанты і лаўрэаты прэміі “Глабальная Літва” збіраюцца разам з лідарамі меркаванняў самой краіны (а гэта і бізнесоўцы, і палітыкі), каб абмеркаваць самыя надзённыя праблемы сваёй радзімы. Яны разам шукаюць ідэі і плануюць інавацыі, якія дапамогуць узмацніць літоўскую эканоміку, зрабіць краіну прывабнай для мясцовых і міжнародных інвестараў.
Штогод да правядзення мерапрыемства далучаецца шмат партнёраў з мясцовага бізнесу, медый, грамадскіх арганізацый і нават Нацыянальная бібліятэка Літвы. Форум з’яўляецца своеасаблівай платформай, дзе прафесіяналы замежжа і Літвы абменьваюцца вопытам, устанаўліваюць новыя сувязі. А сама арганізацыя “Глабальныя лідары Літвы” ўяўляе сабой сетку прафесіяналаў з усяго свету.
Традыцыйна мерапрыемства праходзіць узімку, калі шматлікія прадстаўнікі дыяспар наведваюць радзіму, каб правесці час са сваякамі. Арганізатары лічаць, што літоўская дыяспара мае каштоўны актыў для росквіту краіны і варта цаніць яе міжнародны досвед і веды. Таксама да ўдзелу запрашаюцца літоўскія даследчыкі з усяго свету, прадпрымальнікі, актывісты грамадскіх арганізацый, паспяховыя людзі з замежжа і Літвы і, вядома, прадстаўнікі ўрада краіны. Падчас мерапрыемства не толькі адбываюцца дыскусіі і семінары па пошуку практычных рашэнняў, але і распрацоўваюцца планы супольных дзеянняў.
Так, да прыкладу, важнай тэмай падчас семінара аднаго з форумаў было развіццё літоўскіх рэгіёнаў. У Літве, як і ў шмат якіх краінах, у тым ліку ў Беларусі, бізнес канцэнтруецца ў сталіцы ці вялікіх гарадах. Гэта і зразумела: большы спажывецкі рынак, шмат турыстаў. Правінцыі вельмі часта бракуе інвестыцый і новых ідэй. Праблема знайшла водгук сярод літоўскіх прадпрымальнікаў Нарвегіі, якія выказалі зацікаўленасць нават у вяртанні да сябе на малую радзіму, каб распачаць бізнес на базе накопленага вопыту.
Яшчэ адна тэма, якая хвалюе ўдзельнікаў сеткі літоўскіх глабальных лідараў, – як зрабіць з краіны ”Даліну аднарогаў”, альбо краіну стартапаў. Літоўскія кампаніі і прафесіяналы гатовыя праектаваць прадукты і паслугі з высокай сукупнай выгадай. А для гэтага трэба, каб ініцыятыва таксама ішла і знізу. Сярод прафесіяналаў, гатовых прысвяціць сябе гэтай тэме, – людзі, што дзесяцігоддзямі працавалі ў міжнародных IT-кампаніях, маюць вопыт працы ў цэнтральным банку Еўропы альбо навуковыя ступені па эканоміцы ў замежных інстытутах.
Яшчэ адна тэма, актуальная для нашых суседзяў, – інтэграванне літоўскай навукі ў сусветную. Каб дасягнуць гэтай мэты, краіна плануе прыцягнуць 50 міжнародных даследнікаў у Літву пры дапамозе сваёй дыяспары. Прычым плануецца, што гэта будуць навукоўцы з абсалютна розных сфер. Адпаведна, распрацоўваюцца шляхі для рэалізацыі гэтай праграмы навуковай інтэграцыі.
Форум завяршаецца ўручэннем узнагарод ад прэзідэнта краіны глабальным літоўцам, якія ўзмацняюць краіну сваімі справамі, ведамі і кантактамі.