Крызіс можа адзначыцца маштабным скарачэннем работнікаў у Расіі. Беларускія эксперты прагназуюць: працоўная міграцыя, якая раней вырашала праблемы беларускага рынку працы, моцна згорнецца.
Беспрацоўе ў Расіі дасягне 8% у выпадку другой хвалі эпідэміі і перавысіць 10% у выпадку зацяжнога крызісу, прагназуюць эканамісты Цэнтра макраэканамічнага аналізу і кароткатэрміновага прагназавання (ЦМАКП).
Пры зацяжной пандэміі механізмы адаптацыі вычарпаны, і «надыходзячы крызіс можа быць першым, калі пачнецца па-сапраўднаму маштабнае звальненне работнікаў», адзначаецца ў дакладзе.
Тры прагнозы занятасці ў Расіі
Эканамісты Цэнтра макраэканамічнага аналізу і кароткатэрміновага прагназавання ацанілі наступствы для занятасці ў залежнасці ад глыбіні крызісу.Пры аптымістычным сцэнары каранцін завершыцца ў чэрвені і прадпрыемствы умерана скароцяць супрацоўнікаў. Узровень беспрацоўя на піку складзе 5,3-5,6% (па дадзеных Расстата, па выніках 2019 года яна складала 4,6%).
Базавы сцэнар прадугледжвае паўторны каранцін з-за каронавіруса восенню-зімой. Беспрацоўе вырасце да 8-8,3% ў 2021 годзе і 7-7,3% у 2022-2023 гадах.
У песімістычны сцэнар закладзена, што пандэмія зацягнецца да першага квартала 2022 года. Гэта выкліча глыбокі шок сусветнай эканомікі з беспрэцэдэнтным падзеннем сусветнага ВУП на 5-5,2%. У такім выпадку беспрацоўе ў Расіі вырасце да «катастрафічных» 10,5-10,7%, прычым вастрыня праблемы, па прагнозах экспертаў, захаваецца нават у 2023 годзе з узроўнем у 9-9,5%.
Паводле апошніх звестак Мінпрацы Расіі, афіцыйная колькасць зарэгістраваных у цэнтрах занятасці беспрацоўных дасягнула за 2,1 млн чалавек.
«Гэта фантастычны рост, на 1,5 млн чалавек за два месяцы — гэта вельмі шмат», — пракаментаваў РБК прарэктар Фінансавага універсітэта пры ўрадзе Аляксандр Сафонаў.
Беларусы губляюць даходы і працу
У Беларусі ў маі рэзка вырасла колькасць людзей, якія жывуць у малых гарадах і кажуць, што ў іх знізіліся даходы. Гэта вынікае з дадзеных трэцяй хвалі сацыялагічнага даследавання, якое праводзяць BEROC і SATIO, каб зразумець, як пандэмія мяняе бюджэт хатніх гаспадарак, спажывецкія паводзіны і сітуацыю на рынку працы Беларусі.
— У гэтых людзей першапачаткова былі больш нізкія даходы, у малых гарадах цяжэй знайсці падпрацоўку, — патлумачыла падчас прэзентацыі вынікаў даследавання акадэмічны дырэктар BEROC Кацярына Барнукова.
Беларусы сталі губляць працу і даходы ў малых гарадах і прамысловасці
Таксама з вынікаў апытання высветлілася, што больш чым у паловы беларусаў ёсць грошы на месяц жыцця ці менш. Пры гэтым тых, хто зможа пражыць на зберажэнні паўгода і болей, толькі 7%.
Усё больш апытаных кажуць пра тое, што сутыкаюцца альбо з скарачэннем працоўных дзён, альбо з тым, што іх адпраўляюць у адпачынак за свой кошт.
У папярэднія крызісы многія жыхары невялікіх беларускіх гарадоў ратавалі фінансавае палажэнняў сваіх сем'яў тым, што ехалі на заробкі ў суседнія краіны, у тым ліку і ў Расію. Зараз, па ацэнцы экспертаў, рызыкі сацыяльнай нестабільнасці, растуць ужо не толькі за кошт новых выклікаў унутры краіны.
— Рызыкі не пойдуць на спад па адной простай прычыне: ва ўмовах пандэміі працоўная міграцыя, якая раней вырашала праблемы беларускага рынку працы, моцна згорнецца. Не думаю, што краіны зараз будуць з распасцёртымі абдымкамі чакаць беларускіх працоўных мігрантаў, ім сваіх беспрацоўных няма куды падзець. Напэўна ўскладніцца міграцыйная палітыка асноўных рэцыпіентаў нашай працоўнай сілы, і ўсходнія рэгіёны Беларусі не змогуць скарыстацца тымі магчымасцямі, якія былі раней, — прагназуе дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.
Беларусы ўжо сталі радзей выязджаць на заробкі за мяжу
У першым квартале гэтага года працаваць у іншыя краіны з'ехала 1455 чалавек, паведамляе дэпартамент па грамадзянству і міграцыі МУС. Гэта на 796 чалавек менш, чым у першым квартале 2019-га, і на 723 чалавекі менш, чым у першым квартале 2018 га. Больш за траціну ад агульнай колькасці беларускіх працоўных мігрантаў у першым квартале года з'ехалі ў Расею — 588 чалавек (у першым квартале мінулага года — 932 чалавекі).
На ацэнку расейскага МУС, у першым квартале гэтага года 31 тысяча беларусаў сталі на міграцыйны ўлік і ў якасці мэты прыезду назвалі працу. У такі ж перыяд мінулага года іх было 36 тысяч.
Паводле дадзеных выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак, праведзенага Белстатам, у першым квартале гэтага года за мяжой працавала 86,8 тысячы чалавек (за аналагічны перыяд мінулага года — 92,9 тысячы). З іх 71,1%, або 61,7 тысячы чалавек, знаходзіліся на заробках у Расіі.
novychas.by паводле zautra.by