Як Францішка Аляхновіча запрасілі ў «Поедем, поедим»

«Арт Сядзіба» паказала ў Мінску спектакль «Францішак. Сцэны з жыцця ды сноў» пра Францішка Аляхновіча.

Дзеянне адбываецца ў канцы 1926 года. Аматар творчасці драматурга, пісьменніка, паэта, публіцыста, журналіста, даследчыка пазнае ў спектаклі цытаты з успамінаў «У кіпцюрох ГПУ», «Замест аўтабіяграфіі» ды іншых тэкстаў Аляхновіча.

«Францішак» – ужо другі ўласны спектакль «Арт Сядзібы». Папярэдні, «Браніслаў», быў прысвечаны жыццю Тарашкевіча. Лёсы гэтых двух рупліўцаў на ніве беларушчыны не раз перакрыжоўваўся, што бачна ў адной з дзей «Францішка»: герой прыязджае ў Мінск падчас акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі, дзе абмяркоўваюць «Беларускую граматыку для школ» Тарашкевіча. Канферэнцыя, арганізаваная Інстытутам беларускай культуры, прайшла 14 – 21 лістапада 1926 года і стала апагеем беларусізацыі, пасля чаго пайшоў адкат нацыянальнаарыентаванай палітыкі.

Аляхновіч падтрымліваў Тарашкевіча ў Вільні перад ад’ездам у Мінск. Будучы віцэ-старшынём прапольскай Беларускай часовай рады, Аляхновіч не парываў з ёй, па яго ўспамінах, «толькі дзеля таго, каб дачакацца адпаведнага моманту, калі разам са сваім выхадам з “Рады” можна будзе зрабіць яе развал». Душой жа ён быў разам з Беларускай сялянска-работніцкай грамадой «атуманенага бальшавікамі ідэйнага беларуса» Браніслава Тарашкевіча. У эсэ «Як мы зрабіліся “палякамі”» Аляхновіч тлумачыць сітуацыю з беларушчынай у Вільні: «Тады <на пачатку ХХ стагоддзя> яшчэ не было ніякай гутаркі аб беларускім адраджэнні… Нашы хлопцы з народу гутарылі між сабой кепскай беларускай мовай, а ім здавалася… што іх мова – папсаваная “польская”… Прыналежнасць да якой-небудзь “нелегальнай” арганізацыі… мае для маладзёжы шмат прыцягваючай сілы, а выганяная зусюль пальшчына ў вачах моладзі мела блескі аўрэолі… Дзіця вёскі ці нашага прадмесця яшчэ не ведала, што гэта забароненая ў школе польская мова, да каторай яно раптам набрала ахвоты, таксама для яго чужая, як і мова ўрадавая, школьная, расейская… І так было да 1905 г. – да года першай расейскай рэвалюцыі і пачатку беларускага адраджэння… Нядаўныя “палякі” пачулі сябе сынамі свайго краю, пачулі сябе беларусамі, пачалі вяртацца да сваёй папсаванай польскім уплывам беларускай мовы, папраўляць яе, як калісь папраўлялі на лад польскі…»

Лёсы культурных дзеячаў перакрыжаваліся апошнім разам у 1933-м годзе, калі амаль праз сем год зняволення на Салаўках СССР абмяняў Аляхновіча на вязня польскай турмы Тарашкевіча.

У спектаклі «Арт Сядзібы» шмат адсылак да сучаснасці: пасля першага допыту супрацоўнікі ГПУ запрашаюць Францішка Аляхновіча раззнаёміцца ў нефармальных абставінах у рэстаран «Поедем, поедим» на 51-м кіламетры МКАД; у амбасадзе «адной еўрапейскай краіны» выступае па тэлевізары Ангела Меркель; ды і ў бясконцых «гэта не да нас, патэлефануйце ў іншы аддзел» складана не пазнаць сённяшнюю Беларусь. Радуе, што зала прасторы ОК16 падчас спектаклю была паўнюткай. Гледачы прыйшлі задарма па папярэднім запісе. Хочацца верыць, што і грошай на білеты не пашкадавалі б, калі б уваход быў платным.

Спектакль «Францішак» паказвае менш за два месяцы жыцця Аляхновіча. Прапануем некалькі цікавых фактаў з яго біяграфіі іншых перыядаў.

Быў віленскім беларусам і кепска вучыўся

Францішак Аляхновіч нарадзіўся ў Вільні 9 сакавіка 1883 года. У Віленскай гімназіі, па ўласных успамінах, вучыўся блага: «Яшчэ да трэцяга класу, пакуль меў рэпетытараў, – дык так-сяк, але ў чацвёртым і пятым класах ужо зусім дрэнна. Сыпаліся “двойкі” і “едзініцы”, запісвалі мяне ў “штрафны журнал” за “ўпартае невыкананне лекцыяў” – і, урэшце, праседзеўшы па два гады ў чацвёртым і пятым класах, я быў выкінуты з гімназіі за дрэнныя “ўспехі”». Бацька ўладкаваў Францішка ў хіміка-тэхналагічную школу, але і там юнак правучыўся нядоўга, толькі год. Урэшце рэшт у 1904 – 1907 гадах скончыў драматычную школу ў Варшаве.

Шукаў сябе ў розных прафесіях

Аляхновіч марыў пра сцэну, але быць акцёрам пэўны час жыццё не дазваляла. У 1907-м выступаў сезон з польскім вандроўным тэатрам, 12 лютага 1910-га на Першай беларускай вечарынцы ў Вільні паставіў на беларускі лад украінскую п’есу М. Крапіўніцкага «Па рэвізіі» і выканаў там адну з роляў, ды і потым часта граў у спектаклях, якія сам ставіў. Але даводзілася зарабляць на жыццё рэпарцёрскай працай у віленскіх выданнях, быць рэдактарам. У 1910-м Аляхновіч рэдагаваў польскамоўны гумарыстычны часопіс «Perkunas», у 1919-м – часопіс «Беларускае жыццё» (ужо па-беларуску), у 1921 – 1923 – газету «Беларускі звон», а ў 1942-м – тыднёвік «Беларускі голас» (пад нямецкай акупацыяй).

Падчас Першай сусветнай вайны Аляхновіч, каб неяк пракарміць сям’ю, афармляў шыльды, малярнічаў, працаваў пажарным, кантралёрам электрасетак, выхавальнікам дзіцячага прытулку. У 1922-м у Коўне спяваў у кабарэ. У 1940-м, калі Саветы занялі Вільню, з’ехаў з горада і ўладкаваўся вартаўніком. Той перыяд ён апісаў ва ўспамінах «Страшны год».

Напісаў працяг да Купалаўскай «Паўлінкі»

Драматургічная творчасць Аляхновіча пачалася ў віленскай турме на Лукішках, у 1913-м. За краты ён трапіў праз тое, што ў рэдагаваным ім гумарыстычным часопісе «Perkunas» яшчэ ў 1910 годзе зз’явіўся артыкул, што нібыта «зневажаў нябесныя сілы». Першая п’еса Аляхновіча звалася «На Антокалі» і распавядала аб побыце віленчукоў. Ён насыціў яе народнымі песнямі і танцамі, працягваючы такім чынам традыцыю беларускага фальклорнага тэатру следам за «Сялянкай» Дуніна-Марцінкевіча. «Паўлінка» Янкі Купалы, надрукаваная ў 1913-м, знаходзілася ў тым жа «трэндзе». У 1921-м Аляхновіч напісаў да яе працяг, «п’еску ў адным акце з пенямі і скокамі “Заручыны Паўлінкі”».

Творчыя шляхі Аляхновіча і Купалы перакрыжаваліся яшчэ раз у жніўні 1922 года, калі абодва завяршылі камедыі: Мікіта Зносак з «Тутэйшых» Купалы дужа нагадвае Аляхновічаўскага Філімона Пупкіна з п’есы «Пан міністар».

Быў «нашаніўцам» без «Нашай Нівы»

Францішка Аляхновіча часта называлі нашаніўскім пісьменнікам і тэатральным дзеячам. На самай справе з газетай «Наша Ніва» ён мала сутыкаўся, але засвоіў яе ідэі. Калі першыя яго п’есы – на побытавую («На Антокалі», «На вёсцы», «Манька») і рэвалюцыйную («Калісь») тэматыку, то потым драматург усё больш піша па матывах літаратурных і фальклорных крыніц («Бутрым Няміра», «Базылішк», «У лясным гушчары», «Птушка шчасця»). Адраджэнскі цыкл творчасці Аляхновіча адкрывае аўтабіяграфічная п’еса «Няскончанная драма».

У 1925 годзе, выдаючы новую рэдакцыю п’есы «Манька» пад назвай «Дрыгва», Аляхновіч падняў адну з актуальных нашаніўскіх тэм – п’янства як багны, што засмоктвае людзей у багемна-бессэнсоўным існаванні.

Двойчы спрабаваў перасяліцца з Вільні ў Мінск

Першая спроба: чэрвень 1918 года – вясна 1919 года. З акупаванай немцамі Вільні пешкі накіроўваецца ў неакупаваны пакуль Мінск. Даходзіць за сем сутак, галодны, абарваны і ледзь не босы. Уладкаваўся на працу ў Першае таварыства беларускай драмы і камедыі Фларыяна Ждановіча, паставіў там сваю п’есу «Бутрым Няміра», сыграў у спектаклі галоўную ролю – і назаўтра прачнуўся агульнапрызнаным і знакамітым.

Спроба другая: восень 1919 года – лета 1920 года. Увесь гэты час доўжыцца сяброўства-суперніцтва Аляхновіча з Фларыянам Ждановічам. Яны то працуюць разам, то ствараюць кожны свой тэатральны калектыў. Ужо разышоўшыся канчаткова, творцы, тым не менш, ставяць п’есы адзін аднаго.

Распавёў свету пра рэпрэсіі раней за Салжаніцына

Дакументальная аповесць Аляхновіча «У кіпцюрох ГПУ» надрукавана ў 1937 годзе, перакладзена на сем моў, выйшла ў Еўропе і Амерыцы вялікімі тыражамі. Твор стаў ці не першым выданнем у свеце на гулагаўскую тэму. «Дык няма дзіва – піша Аляхновіч у творы «Замест аўтабіяграфіі – крыху ўспамінаў» – што, калі я ўлетку 1940 года раптам увечары пабачыў на вуліцах Вільні савецкія танкі, я ўцякаў, як вар’ят».

3 сакавіка 1944 г. Францішак Аляхновіч быў забіты невядомымі ў сваёй віленскай кватэры. Яго пахавалі на Евангелічных могілках, адкуль у 1989 годзе намаганнямі віленскіх беларусаў перапахавалі на могілках Росы, на Літаратурнай горцы.

Прэм’ера спектакля «Францішак. Сцэны з жыцця ды сноў» адбылася ў межах тыдня «Арт Сядзібе 7 гадоў», які праходзіў з 17 да 23 снежня. «Браніслаў» і «Францішак» – часткі трылогіі. Віншуем «Арт Сядзібу» з Днём народзінаў, зычым творчых поспехаў і чакаем завяршэнне трылогіі!

Для напісання тэксту была выкарыстана прадмова Анатоля Сабалеўскага да збора твораў Францішка Аляхновіча з серыі «Беларускі кнігазбор».

Алена Ляшкевіч, “Новы Час”