Як дапамагчы сабе вярнуць усе фарбы жыцця: 5 крокаў

Фонавая трывога, пастаянная стома, разгубленасць могуць прывесці да таго, што жыццё губляе свой смак і яркія фарбы. Нічога не радуе, настрой на нулі, усё бачыцца ў негатыўным святле, няма ніякага жадання варушыцца, ісці наперад. У такім стане чалавек быццам і не жыве, а знаходзіцца ў стане эмацыйнага анабіёзу. У гэтым матэрыяле мы сабралі 5 практычных парад, як дапамагчы сабе вярнуць усе фарбы жыцця.


Крок 1

Ствараем свой уласны спіс жаданняў. Мы жывыя, пакуль мы чагосьці жадаем, да чагосьці імкнемся. Бярэм аркуш (а лепш — прыгожы нататнік) і запісваем свае жаданні. Важна! Жаданні мусяць быць уласна вашымі, не таму, што так трэба, не для сям’і ці кар’еры, толькі — для вас. Гэта можа быць нешта глабальнае, кшталту вандроўкі па ўсяму свету. Ці, наадварот, нешта зусім маленькае, значнае толькі для вас (напрыклад, з’есці шакаладку). Спіс мусіць утрымліваць не менш за 100 жаданняў. Магчыма, з першага разу такі спіс скласці не атрымаецца. У такім разе напішыце максімальную колькасць, на якую вы зараз здольныя і кожны дзень дадавайце па 5-7 новых жаданняў. Увесь працэс не мусіць занаяць больш за 7 дзён.

Калі спіс будзе гатовы, праглядзіце яго і вызначце, якія пункты вы можаце выканаць зараз, без асаблівых намаганняў. І адразу ж выконвайце іх! Калі «простае» будзе зроблена, пераходзьце да больш складаных жаданняў. Дайце сабе штодзень 10 — 15 хвілін, каб праглядаць гэты спіс, падумаць, як увасобіць тое, што яшчэ не зроблена, адзначыць здзейсненае. Ваш мозг пераключыцца з руціны на такую своеасаблівую гульню, выкананыя жаданні прынясуць асалоду і абудзяць станоўчыя эмоцыі. Сам спіс і разважанні над яго выкананнем паслужаць арыентырам для вашай дзейнасці, якая набудзе пэўны сэнс.


Крок 2

Выдыхніце. І проста ад гэтага моманту паспрабуйце пражыць 5 — 10 хвілін свядома. Гэта значыць: азірнуцца навокал і пабачыць усё, што побач, адзначыць колеры і адценні, формы кожнага прадмета ці аб’екта. Удыхнуць на поўныя грудзі і адчуць усе пахі, што на дадзены момант лунаюць вакол вас. Прыслухацца і адчуць сваё цела ў прасторы: на што вы абапіраецеся, якія адчуванні выклікае вопратка, што зараз на вас, адчуць дотыкі паветра і г.д. Выпіць шклянку вады ці пакаштаваць нейкую прысмаку і адчуць усе адценні смаку, тэмпературу, тэкстуру ежы на языку. Адразу такое зрабіць не вельмі проста. Але паўтарайце практыкаванне штодня і вы хутка навучыцеся пражываць свядома гэтыя 5 — 10 хвілін і адчуваць смак жыцця. Паступова прызвычайвайце сябе засяроджвацца і свядома пражываць звыклыя рэчы: не проста закідваць у сябе ежу, а адчуваць смак кожнага кавалачка; не проста крочыць на працу, а адчуваць сябе ў прасторы і г.д.


Крок 3

Увечары (альбо з самага ранку — за ўчора) адшукайце 10 людзей, якім вы можаце быць удзячныя за штосьці. Нават за самае незаўважнае і маленькае здарэнне. Напрыклад, вас прапусцілі наперад на ўваходзе альбо прытрымалі дзверы. Узгадвайце — за дзень такіх дробязей набярэцца шмат. Калі нічога не ўзгадваецца, падзякуйце бацькам за тое, што падарылі вам жыццё, сябрам — за тое, што побач, прадавачцы — за тое, што прадала вам смачную ежу ці карысную прыладу... Важна не проста ўзгадаць гэты момант, але і выказаць сваю падзяку — прагаварыць уголас, запісаць у дзённіку альбо хаця б у думках дакладна сфармуляваць сказ са словамі ўдзячнасці таму ці іншаму чалавеку. Калі падзяку выказалі, адшукваем у памяці 10 нагодаў для ўсмешкі. Гэта таксама можа быць нешта дробнае, што заўважылі толькі вы: смешнае кацяня на суседнім плоце ці дзіўнае спалучэнне колераў на рэкламным плакаце — усё, што заўгодна. Узгадвайце, шукайце. І ўсміхайцеся гэтым момантам яшчэ раз. Такое практыкаванне развівае назіральнасць і ўспрыманне станоўчых момантаў. На жаль, наш мозг прызвычаіўся больш рэагаваць і фіксаваць нешта негатыўнае, бо яно альбо патрабуе нейкіх абарончых дзеянняў, альбо выклікае больш хуткія і яркія эмоцыі злосці, крыўды і г.д. А ўвесь пазітыў (дробны, які не выклікае бурныя эмоцыі) мозг пакідае па-за сваёй ўвагай і атрымліваецца, быццам наша жыццё складаецца ў асноўным з негатыву. Хаця насамрэч гэта зусім не так.


Крок 4

Апранаем яркую рознакаляровую вопратку і прыгожыя аксесуары. Прыбіраем са свайго ўжытку чорныя, шэрыя, балотнага колеру рэчы. Каб падняць настрой і зрабіць сваё жыццё больш яркім, псіхолагі раяць папоўніць гардэроб жоўтымі, аранжавымі, чырвонымі, зялёнымі рэчамі. Калі ж вам хочацца больш лёгкасці, бесклапотнасці, дадавайце белыя і ружовыя колеры ў сваё жыццё.

Таксама варта зрабіць свой асяродак больш яркім: дадайце колераў — яркіх дробязей, кветак, карцін ці фотаздымкаў любімых мясцін ці цудоўных момантаў. Дадайце прыемных водараў: аромалямпы, свечы, жывыя кветкі — вам у дапамогу. Уключыце музыку альбо гукі прыроды.


Крок 5

Стварайце! У любой сферы: малюйце, пішыце вершы, спячыце пірог, пашыйце ласкутную коўдру, ляпіце з гліны — усё, да чаго ляжыць ці калісьці ляжала душа. Альбо засвойце нешта новае, чым ніколі не займаліся. Тут важны сам працэс стварэння чагосьці. Наш мозг, засяроджваючыся на ім, пачынае адзначаць новыя дэталі жыцця, вяртаючы яго смак і фарбы.

Заўжды будзьце на пазітыве — і хай ваша жыццё будзе яркім і насычаным!

Вікторыя Лебедзева, budzma.by