Як “Бесагон” на Т-34 беларускі храм разбураў і па магілах святароў катаўся

Мікіта Міхалкоў сёння лічыцца адным з прапагандыстаў праваслаўных каштоўнасцяў: у сеціве поўна яго фота з патрыярхам, у храмах, у Афонскім манастыры і г.д. Нават свой відэаблог кінарэжысёр назваў “Бесагон” – у гонар свайго “нябеснага заступніка” Мікіты Бесагона…


02-zhoda.jpg

Міхалкоў атрымлівае ўзнагароду ад Сербскай праваслаўнай царквы


Але ў Міхайлаўскую царкву ў Зембіне, што пад Барысавым, Мікіту Сяргеевіча чамусьці не цягне. Дзіўна, бо тутэйшы храм Арханёла Міхаіла ён мае добра памятаць: менавіта тут падчас здымак фільма “Перекличка” запальвалася ягоная кіназорка ў далёкім 1964 годзе. Чаму ж так?

“Свята”, якое ператварылася ў кашмар

Фільм “Перекличка” – тыповая для тых часоў драма на ваенную тэматыку, знятая “Таджыкфільмам”. Дзве сюжэтныя лініі, танкіст і касманаўт, абодва героі, абодва з прозвішчам Барадзін. Здымалі кіно ў Барысаве ды Зембіне пад кіраўніцтвам маскоўскага рэжысёра Данііла Храбравіцкага. Танкіста акурат і граў Мікіта Міхалкоў.


03-slem.jpg

малады Мікіта Міхалкоў. Кадр з фільма “Перекличка”


Зразумела, для Зембіна прыбыццё здымачнай групы стала неверагоднай падзеяй – лічы святам. Вакол сталічных акцёраў зембінцы толькі што карагоды не вадзілі. Ажно да таго моманту, як пры канцы рэжысёр не пачаў здымаць сцэну танкавага тарану галоўным героем будынка той самай Зембінскай царквы.

Калі танк зламаў гармату – выкарысталі выбухоўку

Паводле сюжэту, такім чынам танкіст Барадзін-Міхалкоў помсціць за загінулага таварыша. Прычым тут будынак царквы зразумець цяжка. Мабыць, гэта проста эфектна: Т-34 трушчыць царкоўную сцяну, заязджае ў алтарную частку, пасля пад гусеніцамі махіны трушчацца крыжы ды магільныя агароджы… З размахам шырокай усходняй душы, так бы мовіць.

Падчас здымак узнік казус: танк уламіўся ў сцяну, старая цэгла выстаяла, а вось танкавы ствол паламаўся. Што рабіць? Выклікалі падрыўнікоў, сцяну ўзарвалі, а дзіру заклалі шчытамі і цэглай – каб падчас здымак танк увайшоў у храм “як нож у масла”. Рэжысёру было мала: трэба было па могілках пакатацца. Вядома, што максімальна блізка да царквы заўжды хавалі святароў – іх магілы і аказаліся пад шматтоннай махінай.



Жыхары Зембіна былі ў шоку: шмат хто з іх прымаў у царкве хрост, вянчаўся, праводзіў у апошні шлях сваіх блізкіх. Але, паводле ўспамінаў адной з жыхарак мястэчка, усе баяліся і слова сказаць: сталінскія часы мінулі не так даўно, людзі асцерагаліся пярэчыць сталічнай групе, якая, канечне, “ведае, што робіць”.

Царква перажыла пажар, рэвалюцыю, Сталіна, Гітлера…

Міхайлаўскую царкву пабудавалі ў пачатку ХХ ст. на месцы старой драўлянай, якая згарэла. Перад вайной храм функцыянаваў нерэгулярна: святароў перыядычна арыштоўвалі. Падчас вайны храм зноў запрацаваў: тут хрысцілі дзяцей, ладзілі вянчанні, службы. Немцы царкву не кранулі, а вось бальшавікі пасля 1944-га зрабілі з будынка склад.

Цікава, што і за Леніным, і пры Сталіне, і за Гітлерам храм стаяў. А вось націску савецкага кінематографа не вытрымаў: пасля здымак “Переклички” будынак пачаў паступова ператварацца ў руіну, каб прастаяць у такім стане ажно да пачатку ХХІ ст. Цяпер, дзякаваць Богу, храм адбудавалі: тут зноў ідуць службы, адноўленыя інтэр’еры, алтар, іканастас.


04-carkva.jpg

Міхайлаўская царква ў паваенны час пасля здымак фільма


Адказ “Бесагона” – маўчанне

На сайце прыхода “Праваслаўны Зембін” гісторыя са здымкамі згадваецца ў філасофскім ключы: маўляў, ёсць час раскідваць камяні, ёсць час збіраць. “Дагэтуль зембінскія старыя не могуць без слёз глядзець гэтую стужку…” – дадае настаяцель храма Архістратыга Міхаіла іерэй Андрэй Капульцэвіч.

А што Міхалкоў? Падчас аднаўлення храма да яго неаднаразова звярталіся: і святары, і журналісты. Маўляў, Мікіта Сяргеевіч, вы ж фінансуеце безліч дабрачынных праектаў, “радзееце за веру”, дык памажыце храму, які самі і нішчылі.

Адказу ад кінагуру так і не дачакаліся. Аднойчы толькі адпісаў нехта з каманды рэжысёра, маўляў, Міхалкоў вельмі заняты, а лісты з просьбамі пра грошы да яго прыходзяць 3-4 разы на тыдзень і ўжо вельмі надакучылі.

Алесь Кіркевіч, “Будзьма беларусамі!”