Як Багдановіч «Вянок» рэкламаваў: знойдзены невядомы тэкст класіка

Калі жыццё і творчасць аднаго творцы — дамінанты напрамак вашых даследаванняў, зварот да іншых імён і тэм абавязкова будзе трымаць у полі зроку асноўны «аб’ект» увагі. Так сталася і з архіўнымі росшукамі аўтара гэтых радкоў.


11_49_belarus.jpg


На старонках сёлетняга «ЛіМа» было надрукавана некалькі артыкулаў, прысвечаных Альфонсу Петрашкевічу. У пачатку ХХ ст. — амаль канкурэнту Максіма Багдановіча, а потым незаслужана забытаму паэту. Этапнай працай стала выяўленне ўсіх яго мастацкіх тэкстаў на старонках газеты «Беларус» (1913— 1915), што выдавалася ў Вільні лацінскай графікай. Спакваля ў асобны сшытак пераносіліся паэтычныя, празаічныя творы, падпісаныя рознымі псеўданімамі, а таксама каларытныя допісы пра падзеі ў родным Крайску (Вілейскі павет) і яго ваколіцах.

Асаблівую ўвагу прыцягнула рубрыка на апошняй старонцы выдання — «Свая пошта». Тут змешчаны кароценькія адказы на запыты аўтараў, лаканічныя характарыстыкі дасланых рукапісаў. У дачыненні да А. Петрашкевіча нязмушана прасочваецца дынаміка яго творчага сталення, мастацкага ўдасканалення, імкненне да жанравай дыферэнцыяцыі. Такім чынам вымалёўваецца цэласная карціна ўзаемадачыненняў паэта з рэдакцыяй.

Нечакана ў «Сваёй пошце» (№ 10 ад 27 лютага 1914 г.) прамільгнула заўсёды чаканае імя: «Пану М. Багдановічу. Заданне Ваша вельмі арыгінальнае, аднак спаўняем». Інтрыга, што і казаць. Ці «той» гэта Багдановіч? Можа, проста аднафамілец. «Заданне», ды яшчэ «арыгінальнае»…

Звычайна рэдакцыя «Беларуса» вельмі мабільна рэагавала на запыты чытачоў і аўтараў. У скрупулёзна прагледжаным гэтым нумары газеты нічога адметнага не выявілася.
Гартаем наступны, здвоены № 11–12 ад 20 сакавіка. На першы погляд — нічога адпаведнага тэме. І раптам тэкст, які прытаіўся зусім не на сваім месцы, таму раней і не звярнуў на сябе ўвагу.

У рубрыцы «Што чуваць» традыцыйна змяшчаліся весткі з розных гарадоў Расійскай імперыі. Вось і тут: Вільня, Мінск, Беласток, Варшава, Новачаркаск... З Крэменчуга паведамлялі: «На беразе ракі Дняпра ў канцы лютага нашлі 4 гарматы з 17-га сталецця. Сталі капаць болей і знашлі яшчэ 20 гармат. Капаюць яшчэ».

І апошняя, зусім не адпаведная гэтай рубрыцы, інфармацыя: «Новая беларуская кніжка „Вянок“ — зборнік вершаў Максіма Багдановіча, між каторымі ёсць вершы М. Багдановіча, зразумелыя толькі для вучоных і начытаных людзей.

Кніжка мае 120 стр., каштуець 50 к. Глаўны склад у Беларускай кнігарні: Вільня, Завальная вул., № 7».

Справа ў тым, што тыднёвая каталіцкая газета «Беларус» пазіцыянавалася як выключна некамерцыйнае выданне. Не друкавала ніякай рэкламы, апроч паведамленняў на апошняй старонцы пра свае новыя выданні, а таксама некаторыя мінскія — «Лучынку» і «Саху». Таму і «заданне» Багдановіча выглядала «арыгінальным». Але, як не дзіўна, рэдакцыя пайшла насустрач паэту.

Максім Багдановіч раней праявіў клопат пра матэрыяльны бок выдавецкай справы. У лісце да рэдакцыі «Нашай Нівы» ў пачатку 1913 г. ён пісаў:

«Што да выдання кніжкі, дык бачу, што яно спыняецца галоўным чынам праз недахват грошы, але ніяк не прыдумаю, як Вам памагчы. Сам я не зарабляю, у бацькі прасіць, дык ён многа даць не можа, бо жыве ад 20-га да 20-га (дата выплаты заробку. — М. Т.), да таго ж і вінен шмат каму. Але вось што: калі я ачуняю, дык я паспрабую заняць пад кніжку ў розных сваіх знаёмых грошы. Значыцца, прадасца колькі сот экз. яе, вы мне надашлёце тыя грошы. Другое, Вы мне не шліце аўтарскіх экземпл., я іх куплю і куплю шмат. Калі Вам тыя займы здадуцца прыдатнымі, дык напішыце мне».

У словах М. Багдановіча мы хацелі б акцэнтаваць увагу на наступных момантах: 1) аўтар не сумняваўся ў пакупніцкім поспеху кнігі (збіраўся пазычаць грошы); 2) выдавецкая справа нашаніўцаў знаходзілася ў тагачасным прававым полі (прадугледжваліся аўтарскія асобнікі). Пра тое, як здабываліся грошы на «Вянок», падрабязна апісаў ва ўспамінах Вацлаў Ластоўскі.

Зробленая знаходка дазваляе гаварыць аб прэцэдэнце ў беларускай літаратуры пачатку ХХ ст. — аўтарскім маркетынгу. Максім Багдановіч, такім чынам, паўстае ў абсалютна невядомай іпастасі — прагматычнай, дзейснай. Перад намі не толькі рэкламны тэкст, але і сціслая аўтахарактарыстыка творчасці.

Можна весці гаворку аб запачаткаванні новага творча-біяграфічнага дыскурсу. У сілавое поле багдановічазнаўчых даследаванняў прыцягваецца не толькі выяўлены факт супрацоўніцтва паэта з віленскай каталіцкай газетай, але і новыя імёны (найперш рэдактар — Баляслаў Пачобка), якія гуртаваліся вакол тыднёвіка «Беларус». Магчыма, М. Багдановіч звяртаўся з падобнымі просьбамі ў іншыя газеты і часопісы, неабавязкова беларускія…

Уважліва перачытваючы беларускае перыядычнае выданне пачатку ХХ ст., гэтым разам паводле «паэта чыстай красы», ужо зусім па-іншаму чытаўся дэвіз газеты: «Шкада мне гэтага народу... бо не мае чаго есці (словы Хрыстуса)». Прыгадваліся словы з «Апокрыфа» М. Багдановіча: «...сказаў Хрыстос: так, жыццё гэтых людзей цяжкое, беднае і прыгнечанае. Чаму ж ты хочаш яшчэ пазбавіць іх красы»; «...добра быць коласам; але шчаслівы той, каму дадзена быць васільком. Бо нашто каласы, калі няма васількоў?»

Мікола Трус, «Звязда»