Як адсвяткаваць Дзяды ў горадзе: чэк-ліст ад «Будзьма беларусамі!»

На пачатку лістапада беларусы па ўсім свеце адзначаюць Дзяды. Свята гэтае мае яшчэ дахрысціянскае паходжанне, звязанае з першабытным культам шанавання продкаў. Галоўнымі лічыліся восеньскія Дзяды, ці асяніны, якія ў розных мясцінах Беларусі спраўляліся ў розныя, хоць і блізкія даты.

Зараз у беларускім календары ёсць Дзень ушанавання памерлых – 2 лістапада – які адзначаецца беларускімі католікамі і таксама вядомы пад назвай Дзяды. У першыя гады незалежнай Беларусі гэты дзень нават быў выходным.

У праваслаўных Восеньскія ці Змітраўскія Дзяды святкаваліся ў першую суботу перад Змітрам, які адзначаецца 8 лістапада. Адпаведна ў гэтым годзе Змітраўскія Дзяды, якія адзначаюцца праваслаўнымі, прыпадаюць на 6 лістапада.

Калі менавіта сабрацца сям’ёй, каб успомніць добрым словам сваіх продкаў – вырашаць вам. А мы падкажам, як можна зрабіць гэта правільна ў сучасных умовах.

1. Па магчымасці схадзіце на могілкі да сваіх дзядоў, прыбярыце магілы, можна запаліць знічку і пакінуць цукерку ці печыва. Лічылася, што птушкі, якія з'ядаюць гэтыя ласункі, і ёсць душы продкаў, што прыляцелі з Выраю. Калі вашыя продкі пахаваныя далёка ад вас – наведайце пахаванні вядомых беларускіх дзеячоў, ім будзе прыемна. Інфармацыю пра пахаванні можна знайсці напрыклад, тут ці тут.

2. Прыбярыцеся ў хаце, схадзіце ў лазню ці прыміце ванну, павесьце чысты ручнік. Дзяды будуць дужа ўсцешаныя, што ў вашай хаце «парадачак ідзець».

3. Прыгатуйце святочны стол – так званую «Дзедаву вячэру». Продкаў трэба добра пачаставаць, іначай, як лічылася, яны нашлюць розныя няшчасці. Стравы могуць быць самыя розныя, але ёсць і абавязковыя, напрыклад, куцця, бліны, кісель. Напячыце разам з роднымі стос смачных блінцоў, зварыце куццю* з сытай. І не забудзьцеся паставіць на стол адмысловыя Дзедаўскую міску і Дзедаўскую чарку, куды кожны будзе адкладваць першую лыжку ежы і адліваць напоі, каб Дзяды не заставаліся галоднымі.

4. Перад пачаткам вячэры запаліце свечку і запрасіце Дзядоў да сябе. Можна разам з усімі сямейнікамі пазваць Дзядоў адмысловым запрашэннем:

Святыя дзяды завём вас,
Хадзіце да нас!
Ёсць тут усё, што Бог даў,
Што я для вас ахвяраваў,
Чым толькі хата багата.
Святыя дзяды! Просім вас,
Хадзіце, ляціце да нас.

5. У час вячэры разам успомніце сваіх продкаў добрым словам, раскажыце пра іх учынкі і парады. Лічылася, што яны сядзяць побач і усё чуюць. І канешне, ім будзе прыемна і радасна адчуваць, што нашчадкі іх памятаюць і любяць.

6. Пасля вячэры скажыце:

Святыя дзяды
Зляталісь сюды,
Есці — пад`елі,
Піць — напіліся,
Чэсць і слава вам!
Цяпер скажыце нам,
Чаго вам трэба?
А лепей:
Ляціце ў неба!

7. Не прыбірайце са стала пасля вячэры, каб Дзяды таксама маглі пачаставацца і ацаніць вашыя кулінарныя таленты.

8. Памятайце і шануйце сваіх Дзядоў, каб быць моцнымі і цвёрда стаяць на сваёй зямлі.

* Куцця – адмысловая памінальная страва, каша, якая звычайна варылася з ячных круп ці пшаніцы, у сучасных умовах можна выкарыстаць рыс ці пярлоўку. Куццю запраўлялі алеем ці сытай – вадой з мёдам, маглі дадаваць разынкі. Памінальная куцця, якую варылі з цэлых зярнят, была сімвалам вечнасці жыцця.

budzma.org