Ядвігу Рай многія мінчане бачылі на леташніх маршах. На іх жанчына выходзіла з двума сцяжкамі ў руках: бел-чырвона-белым, чырвона-зялёным, а таксама з ружанцам. Калі Уладзімір Караткевіч пісаў, што кожны чалавек носіць сваё неба з сабою, то, перафразуючы класіка, датычна Ядвігі Іванаўны можна сказаць, што яна носіць з сабой свой Рай. І справа не толькі ў прозвішчы. Мы сустрэліся з ёй і даведаліся пра няпросты лёс і пра тое, як быць шчаслівымі.
«Ад беларускасці не адыходзіла»
На сустрэчу 75-гадовая спадарыня Ядвіга не прыходзіць — прыбягае, лёгка ўзляцеўшы на ўзгорак. Пакуль шукаем месца для гутаркі, жанчына распавядае пра скандынаўскую хаду і пра «словы-ключы» — суразмоўца здаўна цікавіцца ўнутраным светам чалавека і яго духоўным складнікам. Да маўлення жанчына ставіцца вельмі пільна: што гаворыш — тое і прыцягваецца ў тваё жыццё.
Увогуле, усіх захапленняў Ядвігі Рай, бадай, не пералічыць. Яна аб’ездзіла палову свету, пастаянна ўдзельнічае ў пілігрымках да хрысціянскіх святыняў, піша вершы, вядзе здаровы лад жыцця, паўсюль гаворыць па-беларуску і нават праводзіць заняткі па беларускай мове. Да пандэміі выкладала іх ва «Універсітэце залатога веку» і сацыяльным цэнтры, цяпер праводзіць навучанне анлайн — тэхналогіі для Ядвігі Іванаўны не чужыя.
На пытанне, як прыйшла да беларускасці, Ядвіга Іванаўна адказвае, што яна ад яе і не адыходзіла. І распавядае, што нарадзілася на Валожыншчыне ў сям’і, дзе заўжды шанавалі сваё.
— Людзі былі гаспадарамі свайго жыцця. Я — гаспадар, жыву, не грашу і да іншага чалавека стаўлюся таксама як да гаспадара — з павагай, — дзеліцца простымі ісцінамі суразмоўца.
Паводле першай адукацыі Ядвіга Іванаўна — бібліятэкар-бібліёграф, у свой час 10 гадоў адпрацавала ў «Ленінцы». Потым атрымала адукацыю патэнтазнаўцы і займалася гэтай справай. З маладосці спадарыня Ядвіга цікавілася псіхалогіяй, і цяпер шкадуе, што не атрымала трэцюю адукацыю — псіхалагічную.
— Калі нарадзілася першае дзіця, у 1965 годзе, я мужу прапаноўвала: давай ты — па-руску (у яго маці з Масквы), а я буду па-беларуску. Бо я адчувала, што гэта маё, думаю, кожны разумны чалавек гэта адчувае. Але ён такі, вайсковец, дарэчы, тады служыў у частцы 3214. І іх ужо тады вучылі любыя дзверы адчыняць нагой, — распавядае жанчына пра імкненне да беларускасці ў тыя далёкія часы.
Тым не менш чацвёра дзяцей Ядвігі Іванаўны добра засвоілі мовы — не толькі беларускую, але і некалькі замежных. Дый сама жанчына свабодна валодае рускай, польскай, чытае па-ўкраінску. Адзін з сыноў Ядвігі Рай, калі паступаў ва ўніверсітэт у 1989 годзе, іспыты здаваў па-беларуску. А малодшая дачка ўвогуле ведае пяць моваў.
«Беларусам трэба гэта пражыць»
— Я ведаю, чаму ў 1994 годзе Пазняк не перамог на выбарах. Я была на плошчы, калі ён з трыбуны сказаў: «На тым слупе будзем вешаць ярых камуністаў». У мяне ўнутры ўсё абарвалася. Я адчула, што гэта той момант, калі ён забіў цвік у нашу перамогу, — дзеліцца ўспамінамі жанчына.
Але нягледзячы на тое, што ў незалежніцкім руху Ядвіга Рай ужо вельмі даўно, у яе ніколі не было расчаравання.
— Я ў свой час атрымала дар веры, калі, вяртаючыся з працы рана раніцай выйшла з падземнага пераходу і перада мной адкрыўся Божы свет. Я ўбачыла, што ў кожнай сцяблінцы ёсць жыццё, і ў гэта жыццё я павінна ўваходзіць танюсенькай іголачкай, каб не разбураць яго. Таму расчаравання ніколі не было, а быў сум. Вялікі сум быў у 2006 годзе, калі разагналі намётавае мястэчка — я сама насіла туды пакеты з цёплым, — а потым іх абылгалі… Не кажучы ўжо пра 2010 год. Але, значыць, беларусам трэба гэта пражыць.
Ядвіга Іванаўна перакананая: каб перамагчы, беларусам ні ў якім разе нельга адчуваць нянавісць да супрацьлеглага боку (патрабаваць справядлівасці — так, але не ненавідзець, бо нянавісць разбурае чалавека), а таксама захоўваць адзінства. Гэтая тэма — адна са скразных у яе творчасці.
— У мяне з леташняга жніўня было адчуванне адзінства. Таму я хадзіла з двума сцяжкамі. Бо я разумела: вялікая колькасць людзей прытрымліваецца гэтага (чырвона-зялёнага. — НЧ.) сімвала. Ну дык што я буду з імі ваяваць? Я не супраць іх. Я за іх, каб і ім была магчымасць адчуць сваю годнасць.
Таямніца творчасці
Вершы Ядвіга Рай пачала пісаць пасля 60-ці гадоў. Пакуль гадавала дзяцей, усё яе жыццё, фактычна з 1965 да 1983 года, было падпарадкаванае іх раскладу. А потым, калі дзеці выраслі, у яе з’явілася магчымасць звярнуць увагу на сябе і сваё ўнутранае жыццё. А яшчэ з 1988 года Ядвіга Іванаўна пачала чытаць Біблію, і гэта, безумоўна, адлюстравалася ў яе творчасці.
Суразмоўца спасылаецца на словы паэта Алеся Разанава, які зусім нядаўна адыйшоў у лепшы свет, што верш заўжды існуе, яго трэба толькі пачуць і перадаць. У гэтым і заключаецца таямніца творчасці.
Увогуле суразмоўца просіць, каб больш гучала не яна, а яе вершы, бо яны адлюстроўваюць яе душу. Вось, напрыклад, урывак з верша, напісанага летась на Дзяды, калі адбываўся марш у Курапаты, а пасля яго пачалося «сафары»:
Я — беларус, я годнасць маю,
Дзядоў сягоння ўспамінаю,
Іду на месца іх расстрэла.
У людзях памяць закіпела,
Пачуцці, думкі аж віруюць:
Чаму дагэтуль нас катуюць,
Страляюць, б'юць, ламаюць ногі —
Ні дня пражыць нам без трывогі?
Расплата, вечная расплата.
Чым, Беларусь, ты вінавата?
Чаму тваю зямельку, гоні
Нялюдскія ўжо топчуць ногі?
Бо так збіваць, калечыць нават
Не могуць людзі без падставы.
Што бачыць той, у балаклаве,
Схаваўшы твар свой ад расправы?..
Ядвіга Іванаўна перакананая: мы за свае жыцці шмат нашкодзілі, таму тыя нягоды, якія з намі адбываюцца, — гэта расплата. Найперш — за тое, што матэрыяльнае мы лічым больш важным за духоўнае і жадаем стаць вышэйшымі за кагосьці.
— Янка Купала ў «Тутэйшых» паказаў, да чаго нам трэба імкнуцца: да асветы і годнасці. Бо калі чалавек адчувае сваю годнасць, ён не будзе прыніжаць іншага. І падчас маршаў я бачыла побач тысячы людзей з пачуццём асабістай годнасці. Гэта было свята.
Каб быць шчаслівым — трэба дзякаваць
Ядвіга Рай так перакананая ў тым, што за ўсё ў жыцці трэба расплачвацца, бо ведае гэта на ўласным досведзе. Яна нарадзіла і выгадавала чатырох дзяцей: двух сыноў і дзвюх дачок. Але двух яе сыноў не стала ў дарослым узросце. Адзін з іх загінуў у 2012 годзе, выйшаўшы дапамагаць незнаёмым людзям на дарозе.
— Я ведаю, чаму ён загінуў. Яго дзед кіраваў разбурэннем святыняў, — гаворыць жанчына.
Таму, перакананая яна, у кожнага чалавека павінна быць пакаянне — за тое, што ён не заўсёды меў рацыю. Іначай жыццё зноў і зноў будзе пасылаць выпрабаванні.
— Жыццёвы экзамен такі: цябе пакрыўдзілі — прабач, а калі табе нешта далі — старайся аддаць крышачку больш. Гэта закон балансу, які існуе ўсюды, у любых адносінах.
І на гэтую тэму ў Ядвігі Іванаўны таксама ёсць верш:
Цераз боль і пакуты
Нараджаецца нацыя.
На якім жа баку ты?
Дапамогу, спагаду —
Ці гатоў праявіць?
Каб прыйсці, без загаду
Салідарнымі быць?..
Ядвіга Іванаўна сама стараецца даць іншым тое, што можа. Так, яна ўзімку вязала шкарпэткі і адвозіла іх да ізалятараў на Акрэсціна, каб перадаць вязням. Некаторы час жанчына чытала ў папяровым «Новым Часе», калі ў палітвязняў дні народзінаў, і да святаў высылала ім са сваёй пенсіі грашовыя пераводы. Калі некаторых зняволеных пераводзілі ў калоніі і дасылаць грошы ім маглі толькі блізкія, Ядвіга Рай дапамагала блізкім. Цяпер жанчына працягвае пісаць лісты палітвязням і маліцца за іх. Па яе словах, сілы на гэта ўсё з’яўляюцца тады, калі не зацыкліваешся на сваёй бядзе, а дапамагаеш слабейшаму за сябе. Вось такое кола.
Цяпер Ядвіга Іванаўна працягвае вучыцца і пашыраць свае веды ў псіхалогіі, спрабуе сябе ў коўчынгу. Шлях да гэтага пралягаў не праз простую цікаўнасць, а праз чарговую сямейную трагедыю.
— Пасля смерці другога сына я зразумела, што мне цяжка будзе справіцца самой. І я паехала ў Маскву на сустрэчу, ёсць такі напрамак — духоўная інтэграцыёніка. Я працягваю гэтым займацца, у мяне ёсць набор метафарычных карт. Па іх можна раскласці практычна любую праблему, прычым гэта раблю не я, а сам чалавек. Трэба проста стварыць умовы і задаваць пэўныя пытанні.
Галоўнае крэда Ядвігі Іванаўны — радасць. Яна ўзнікае, калі чалавек адчувае ўдзячнасць. Суразмоўца нават дзеліцца такім практыкаваннем: летась некалькі месяцаў запар яна кожны дзень запісвала ў нататніку па старонцы падзякі.
— Я гэтаму навучылася, калі сын загінуў у 2012 годзе, хоць было вельмі цяжка. Але я навучылася дзякаваць сыну за тое, што ён 40 гадоў быў побач. Паступова аднавіла здароўе і пачала жыць і радавацца. Я адчуваю сябе шчаслівым чалавекам, хоць многа болю было ў жыцці. Каб быць шчаслівым, у першую чаргу трэба падзякаваць маме за тое, што яна вас нарадзіла і выхавала. Падзякаваць бацьку, за тое, што даў жыццё. А потым — падзякаваць самому сабе за тое, што я бачу, чую, адчуваю смак, жыву. А яшчэ важна мець давер — Богу, сабе і жыццю.
Дзіяна Серадзюк, novychas.by,
фота Дзмітрыя Дзмітрыева і Дзіяны Серадзюк