Журы дзясятага юбілейнага сезону прэміі імя Ежы Гедройця назвала кнігі, якія сёлета складуць доўгі спіс.
На прэмію за найлепшую кнігу, напісаную на беларускай мове ў жанрах мастацкай і дакументальнай прозы і выдадзеную ў 2020 годзе, намінавалася 31 кніга. У доўгі спіс увайшлі 12 з іх:
Сяргей Абламейка. Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі. Мінск, Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2020
Сяргей Астраўцоў. Спадар Свабода. Мінск, Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2020
Сяргей Балахонаў. Бог кахання Марс. Мінск, Янушкевіч, 2020
Ева Вайтоўская. Гарэзлівы пацалунак. Мінск, Янушкевіч, 2020
Ева Вежнавец. Па што ідзеш, воўча? Мінск, Пфляўмбаўм/Выдавец Раман Цымбераў, 2020
Валеры Гапееў. І хай ніхто не пойдзе пакрыўджаным, або Грак і Монця Хрысцік. Мінск, Электронная кнігарня, 2020
Сяргей Календа. Акварыум. Гісторыя аднаго юнацтва. Мінск, Логвінаў, 2020
Артур Клінаў. Локісаў. Вільня, Логвінаў, 2020
Алесь Паплаўскі. Гульні з нулявымі сумамі. Мінск, Галіяфы, 2020
Юльяна Пятрэнка. Харунжы. Verbera Ventorum. Мінск, Кнігазбор, 2020
Таня Скарынкіна. Райцэнтр. Мінск, Пфляўмбаўм/Выдавец Раман Цымбераў, 2020
Андрэй Федарэнка. Жэтон на метро. Мінск, Мастацкая літаратура, 2020
Згодна са статутам Прэміі доўгі спіс (12 кніг) абіраўся сябрамі журы на пасяджэнні шляхам адкрытага галасавання (пасля абмеркавання) простай большасцю галасоў.
У склад журы сёлетняй прэміі Гедройця ўвайшлі: Наста Грышчук, літаратурны крытык; Сяргей Дубавец, журналіст, літаратар, крытык; Максім Жбанкоў, культуролаг, крытык, эсэіст; Анжэла Мельнікава, літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук, прафесар; Алесь Пашкевіч, літаратар, літаратуразнаўца.
Прэмія імя Ежы Гедройця ўручаецца з 2012 года за найлепшую кнігу ў жанры мастацкай i дакументальнай прозы і мае статус галоўнай незалежнай літаратурнай узнагароды Беларусі. Папярэднія пераможцы прэміі: Павал Касцюкевіч, «Зборная РБ па негалоўных відах спорту» (2012), Уладзімір Някляеў, «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» (2013), Ігар Бабкоў, «Хвілінка: Тры гісторыі» (2014), Віктар Казько, «Час збіраць косці» (2015), Макс Шчур, «Завяршыць гештальт» (2016), Зміцер Бартосік, «Быў у пана верабейка гаварушчы» (2017), Уладзімір Арлоў, «Танцы над горадам» (2018), Ілля Сін «Libido» (2019), Сяргей Дубавец «Тантамарэскі» (2020).
Арганізатарамі прэміі з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў, пры падтрымцы Амбасады Рэспублікі Польшча і Польскага Інстытута ў Мінску.
Сачыць за навінамі прэміі можна на яе старонцы ў Facebook і на сайтах арганізатараў, задаць пытанні можна, напісаўшы на адрас giedroyc.by@gmail.com.