Выстаўка «Станіслаў Манюшка. Падарожжа ў XIX стагоддзе» працуе ў Музеі тэатральнай і музычнай культуры. Яна прымеркаваная да 200-годдзя з дня нараджэння кампазітара (адзначаецца 5 мая).
У экспазіцыі музея (будынак якога памятае творцу) прадстаўлены прадметы інтэр’ера роднага фальварка Манюшкаў, што ў мястэчку Убель на Міншчыне. У зале музея былі рэканструяваныя тры куткі з выкарыстаннем антыкварных рэчаў-аналагаў мінулага стагоддзя паводле малюнкаў. Асаблівае месца адведзена копіям малюнкаў бацькі кампазітара Чэслава Манюшкі, партрэтам яго родных і блізкіх, замалёўкам мясцовых пейзажаў. Наведвальнікі музея могуць азнаёміцца з нотнымі зборнікамі, а таксама з афішамі і фотаздымкамі пастановак паводле твораў кампазітара на сучасных тэатральных падмостках. Дапаўняюць выстаўку карціны беларускіх мастакоў, створаныя да 200-годдзя таленавітага кампазітара.
— Нягледзячы на тое, што Станіслаў Манюшка ў юнацкім узросце пакінуў Мінск, родны горад і Міншчына ўсё роўна не адпускалі кампазітара, — падкрэслівае дырэктар Музея тэатральнай і музычнай культуры Зінаіда Кучар. — Тут адбыліся яго першыя тэатральна-музычныя пастаноўкі, а ў салонах мінскай інтэлігенцыі XIX стагоддзя гучала яго музыка, напоўненая каларытам беларускага фальклору. Я запрашаю кожнага ўбачыць нашу экспазіцыю, таму што яна атрымалася вельмі інфарматыўная.
Да адкрыцця выстаўкі ў музеі адбыўся круглы стол, дзе ўдзельнікі абмеркавалі пытанні адраджэння, захавання, вывучэння і трансляцыі гісторыка-культурнай спадчыны Станіслава Манюшкі ў Беларусі, Польшчы, Літве і іншых краінах. Гаворка ішла пра выкарыстанне спадчыны кампазітара ў мэтах развіцця міжнароднага культурнага супрацоўніцтва і асаблівасць арганізацыі культурных праграм, накіраваных на папулярызацыю імя і творчасці знакамітага земляка.
— Вельмі важна, што асоба Станіслава Манюшкі стала для нас культавай, — адзначыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Артур Міхальскі. — Прыемна, што ідзе культурны дыялог паміж нашымі краінамі пра прызнанне кампазітара. І сёння наша задача — зрабіць так, каб наступныя пакаленні ведалі імя знакамітага майстра і ганарыліся ім.
— Ёсць неабходнасць у адраджэнні архітэктурных помнікаў роду Манюшкаў і адкрыцці мемарыяльных месцаў, а таксама выданні зборнікаў твораў вялікага кампазітара, — падкрэсліў прафесар Беларускай акадэміі музыкі Віктар Скорабагатаў.
— Станіслаў Манюшка — адзін з самых знакамітых оперных кампазітараў XIX стагоддзя. Яшчэ пры жыцці яго называлі славянскім Шубертам. У яго музычнай скарбонцы — 309 твораў, і гэта значная лічба для славутых кампазітараў высокага ўзроўню. Станіслаў Манюшка ўвайшоў у гісторыю як родапачынальнік дзвюх нацыянальных опер. Яму належыць аўтарства першага беларускага («Ідылія») і першага польскага («Галька») оперных шэдэўраў.
Вікторыя Аскера, “Літаратура і Мастацтва”,
фота аўтара