“Больш такой кнігі ў Беларусі няма нідзе! Заходзьце!” — пісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку пасля прэзентацыі выдання ў Міністэрстве замежных спраў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша. Асобнік перакладзенай на беларускую мову кнігі праўнучкі славутага земляка з Чылі Пас Дамейкі быў перададзены і ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі. А ў ім — аўтографы ўсіх, хто меў дачыненне да выхаду кнігі ў свет.
Памятнае мерапрыемства, прысвечанае 215-годдзю з дня нараджэння вядомага навукоўца, ураджэнца беларускай зямлі і нацыянальнага героя Чылі Ігната Дамейкі прайшло ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі. На ўрачыстасць прыехалі тры праўнукі і адзін прапраўнук навукоўца з Чылі, ЗША і Аўстраліі.
“Я нават і не марыла пра такое, — казала праўнучка Дамейкі, аўтарка кнігі “Ігнат Дамейка: з Мядзвядкі — у Санцьяга-дэ-Чылі” Пас Дамейка. — Вельмі дзякую, Беларусь! І гэта неверагоднае шчасце і гонар для майго прадзядулі, для нас усіх. Я вельмі рада, што кніга пра яго жыццё перакладзена на мову зямлі, адкуль ён паходзіць”.
У арыгінале кніга называецца “Ігнат Дамейка: жыццё ў эміграцыі”. Выйшла яна на іспанскай мове пятнаццаць год таму. На беларускую пераклала яе Вераніка Лебедзева, а выдадзена — пры дапамозе Міністэрстваў замежных спраў ды інфармацыі. Беларускі варыянт атрымаў назву “Ігнат Дамейка: з Мядзвядкі — у Санцьяга-дэ-Чылі”.
Па словах міністра замежных спраў Уладзіміра Макея, Ігнат Дамейка — адзін з самых вядомых сыноў Беларусі, якім мы ганарымся і які ўвасабляе сувязь беларускага народа з іншымі народамі свету. І менавіта дзякуючы такім людзям, як Ігнат Дамейка, быў закладзены падмурак нацыянальнай ідэнтычнасці, стала магчымым фарміраванне беларускай нацыі.
Недалёка ад Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ёсць вуліца Ігната Дамейкі. Ягоным імем названы вулканічны ланцуг гор у Андах. Белы мінерал Domeykit, выяўлены самім Дамейкам, фіялкавая кветка Viola domeykana і шмат чаго іншага названа ў яго гонар. І высока ў небе кружыцца малая планета Domeyko, адкрытая чылійскім астраномам Карлам Торэсам...
Сапраўды, наш зямляк быў на-дзелены шматгранным талентам: з лёгкасцю пераходзіў ад геалогіі да батанікі, ад эканомікі да літаратуры, ад геаграфіі да адукацыі...
Нарадзіўшыся ў маёнтку Мя-дзвядка (ці Нядзвядка) Наваградскага павета Мінскай губерні — цяпер гэта вёска Вялікая Мя-дзвядка ў Карэліцкім раёне Грозенскай вобласці — з Беларуссю былі звязаны першыя пятнаццаць гадоў яго жыцця. Дзяцінства, школа... Пасля таленавіты юнак паступіў у Віленскі ўніверсітэт. Удзельнічаў у паўстанні 1830-31 гадоў, пасля чаго пераехаў у Парыж. Лёс павярнуўся так, што стаўшы навукоўцам, ён трапіў у далёкую краіну Чылі, дзе пад час сваіх экспедыцый адкрыў карысныя выкапні, зрабіўшы яе багатай.
У Санцьяга Ігнат Дамейка стварыў новую сістэму вышэйшай адукацыі, дазволіў вучыцца жанчынам, на шастнаццаць гадоў стаў рэктарам ва ўніверсітэце. У той далёкай лацінаамерыканскай краіне яго лічаць нацыянальным героем. У Санцьяга стаіць помнік “Грандэ Эдукатору”, што значыць “Вялікаму Асветніку”. У яго гонар названы ўніверсітэт і нацыянальная бібліятэка; ёсць горад Пуэрта-Дамейка — недалёка ад Антафагасты, вуліцы ў Санцьяга-дэ-Чылі, Вальпараіса і яшчэ васьмі гарадах Чылі.
Старонкі беларускамоўнага выдання. Фота БелТА
Яго лацінаамерыканскі перыяд жыцця быў напоўнены напружанай працай, экспедыцыямі ў горы і пустыні, выкладаннем ва ўніверсітэце. Ён аўтар 130 навуковых прац. Па яго падручніках вучыліся многія пакаленні студэнтаў Чылі, Перу, Мексікі.
З’ехаўшы ў Чылі, Ігнат Дамейка неаднойчы вяртаўся ў Еўропу, працаваў у Францыі, Іспаніі, Польшчы, Літве... Вядома, што родныя мясціны — Мядзвядку, Мір, Навагрудак, Крошын (там ён пасадзіў дубок) — наведваў, калі яму было ўжо 82 гады. А ў хуткім часе зноў вярнуўся на радзіму і правёў там два з лішнім гады, ненадоўга зрэдку куды-небудзь выязджаючы. У сваім лісце сябру Адаму Міцкевічу ён пісаў: “Натуральна, перарадзіцца я нiколi не змагу і спадзяюся на Бога, што я — ці ў Кардыльерах, або ў Панар (Вільня) — усё роўна памру ліцвінам…”
У Чылі ж знайшоў Ігнат Дамейка каханне. “Яму было сорак сем гадоў, а ёй пятнаццаць, — расказвала Пас Дамейка. — Ён вельмі захапіўся Энрыкетай, яна ж закахалася ў блакітныя вочы Ігнаціа. Праз два месяцы яны ажаніліся. У іх было чацвёра дзяцей. Разам — яны былі шчаслівыя. Так быў закладзены пачатак нашай дынастыі”.
Сёння ў свеце — больш за 200 нашчадкаў Ігната Дамейкі. Каля сотні з іх жывуць у Чылі, многія — у ЗША і Аўстраліі. Усе дзеці ды ўнукі Дамейкі, па словах яго праўнучкі, былі вельмі адукаванымі людзьмі. Бацька яе, напрыклад, Хуан Дамейка, быў дыпламатам. Шмат сярод іх архітэктараў, адвакатаў, лекараў, вучоных...
Гісторыю сваёй сям’і пятнаццаць год таму Пас Дамейка расказала ў кнізе “Ігнат Дамейка: жыццё ў эміграцыі”. У ёй аўтарка выкарыстоўвае дзённікі свайго знакамітага продка, яго перапіску з вядомымі асобамі XIX стагоддзя. Беларускае выданне “Ігнат Дамейка: з Мядзвядкі — у Санцьяга-дэ-Чылі” у хуткім часе можна будзе знайсці ў кнігарнях краіны, а таксама ў гарадскіх і сельскіх бібліятэках.
Сёлетні візіт у Беларусь для спадарыні Пас Дамейкі — ужо трэці па ліку. Упершыню пабывала яна на радзіме продкаў амаль дваццаць гадоў таму: ездзіла ў Вялікую Мядзвядку, была ў Міры, Навагрудку, Жыбартоўшчыне, былой сядзібе Дамейкаў. Другі раз прыязджала ў Беларусь у 2002 годзе, калі святкавалі 200-годдзе Ігната Дамейкі. Дарэчы, па ініцыятыве Беларусі той год быў абвешчаны ЮНЕСКА Годам Ігната Дамейкі.
Нашчадкі навукоўца правялі ў Беларусі некалькі дзён, пабывалі ў мясцінах, звязаных з імем іх славутага продка. Яны пакланіліся помніку прадзеду ў яго роднай вёсцы... Пасля, узяўшыся за рукі, доўга моўчкі стаялі на месцы былога дома ў Мядзвядцы, убіралі энергетыку тых мясцін, аддавалі даніну памяці свайму вялікаму продку...
Пас Дамейка прызнавалася: “Для мяне гэта родная зямля. Так, я нарадзілася ў Аргенціне, расла ў Чылі, а зараз жыву ў Аўстраліі, але з гэтай зямлёй у мяне нейкая энергетычная сувязь. Вядома, дзякуючы майму прадзеду Ігнату Дамейку. Нас вельмі ўсхвалявала тое, што тут мы можам дыхаць паветрам, якім ён дыхаў, чуць шолах лісця і гукі прыроды, якія ён слухаў і ад якіх атрымліваў асалоду. Мы адчуваем прысутнасць яго духу. Ён найлепшы для нас, самы цудоўны. Беражыце гэтую гісторыю!”
А прапраўнук Ігната Дамейкі, горны інжынер з Чылі Мігель Луіс Заўшкевіч, казаў: “Я ўпершыню ў Беларусі, але, думаю, яшчэ вярнуся сюды”.
Дарэчы, у Міністэрстве замежных спраў адкрылася выстава фатаграфій, архіўных дакументаў, а таксама друкаваных выданняў аб жыцці і прафесійнай дзейнасці славутага земляка Ігната Дамейкі.
Кацярына Мядзведская, “Голас Радзімы”
Ігнат Дамейка (31 ліпеня 1802, вёска Мядзвядка, Гродзенская вобласць — 23 студзеня 1889, Санцьяга, Чылі) — філамат, удзельнік паўстання 1830−1831 гадоў, беларускі, польскі і чылійскі навуковец-даследчык, геолаг, мінеролаг, рэктар Чылійскага ўніверсітэта, Нацыянальны герой Чылі.
У роднай вёсцы навукоўца Мядзвядка ўсталяваны памятны валун. У школе вёскі Крупава Лідскага раёна створаны музей, у якім сабрана болей за 500 экспанатаў. Ёсць там і кніга Дамейкі “Мае падарожжы”, выдадзеная пры жыцці навукоўца ў Вільні. Да 200-годдзя Ігната Дамейкі ў вёсцы была пасаджана алея ў яго гонар. У Карэлічах традыцыйна праходзяць чытанні, прысвечаныя жыццю і дзейнасці Ігната Дамейкі.
У 2002 годзе Нацыянальны банк Беларусі выпусціў памятную манету ў гонар славутага земляка.
Сёлета Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі выдадзены “Даведнік па мясцінах Дамейкі” (з нататкамі ад рукі самога навукоўца). Дарэчы, менавіта дзякуючы гэтаму маршруту, апісанаму ім самім у 1884 годзе, яго нашчадкі здзейснілі сваю вандроўку па Беларусі, так шмат ведаюць аб роднай зямлі.