Кім з’яўляецца Вольга Бабкова? Пісьменніцай, якая ажывіла стары Менск праз апісанне вуліц, імёнаў і звычаяў? Ці, можа быць, яна адна з купалаўцаў, бо прысвяціла сем гадоў працы ў тэатры, а пасля разам з іншымі сышла з Купалаўскага? Ці яна ўсё ж такі архівістка, якая за асалоду прымае чытанне чарговага акту на старабеларускай мове?
Фота kupalauski.by
Дакладна ведаю, што асобу спадарыні Вольгі, якая 27 лютага адзначыла юбілей, немагчыма зразумець без напісаных ёю эсэ, адыгранай ролі тэатра і старых забудоў, па ценях якіх яна ходзіць…
— Спадарыня Вольга, чаму вы вырашылі звязаць жыццё з даследаваннем гісторыі?
— І гісторыя, і тэатр вывучаюць чалавека. Я не пайшла ў навуку, бо мяне цікавіць менавіта адчуванне чалавека ў свеце: ён нараджаецца, праходзіць пэўныя этапы, але напрыканцы ўсіх чакае адно і тое ж. І гэтае адно і тое ж — самая вялікая таямніца.
— Чым найбольш запомніўся тагачасны гістфак БДУ?
— Я вучылася на вечаровым факультэце, таму са мной побач былі людзі самых розных узростаў. Там я пазнаёмілася са сваім сябрам Фёдарам Крываносам, які цяпер — праваслаўны святар. Ён адкрыў для мяне дысідэнцкую літаратуру, якая на той час была забаронена. Аднойчы ён запрасіў мяне паехаць на Вялікдзень у Загорск (Сергіеў Пасад, — В.Ч.). Для мяне тады Вялікдзень — гэта было нешта прыгодніцкае і магічнае… Памятаю, што пад час вучобы над нашым менскім Аляксандраўскім скверам навісла страшэнная пагроза: там хацелі высекчы ўсе стогадовыя дрэвы. Калі я пачула пра гэта, то вырашыла, што калі прыедуць бульдозеры, я прыйду і лягу пад колы. Але, дзякуй Богу, гэтая ідэя пажыла ў шалёных галовах і знікла.
— Ці думалі, чым будзеце займацца пасля таго, як скончыце вучобу?
— Асабліва не думала. Спачатку я хацела быць мультыплікатарам, пасля — археолагам. Але выпадкова апынулася ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі, там і засталася працаваць. Цікава, што самыя важныя і значныя для мяне людзі знайшліся менавіта ў архіве. У дыпломнай працы я параўноўвала выгляд рэканструяваных помнікаў сталіцы: як яны выглядалі раней і іх актуальны стан.
— Ваша знітаванасць з Менскам — гэта вынік дыпломнай працы ці яна існавала яшчэ раней?
— Калі б яе не было, я б не абрала такую тэму дыпломнай працы. Я любіла горад на падсвядомым узроўні. Гэтаму спрыялі мае бацькі. Хоць яны нарадзіліся не ў Мінску, але яны вельмі любілі яго фатаграфаваць. Калі пазней я прасіла бацькоў згадаць нешта пра Мінск, яны ўзгадвалі проста неверагодныя дэталі! Напрыклад, у якой краме чым пахла, якія гукі даносіліся з лабараторыі Медыцынскага ўніверсітэта… Памятаю, як я, зусім маленькая, ішла з татам па старой, яшчэ не перабудаванай Нямізе…
Мінск для многіх пусты і халодны савецкі горад, але я хаджу па ценях старых забудоў. Проста нехта бачыць гэта, а нехта — не.
— Якім чынам з’явілася кніга, складзеная з вашых эсэ «…І цуды, і страхі»?
— Я расчытвала ў архіве судовыя справы: маёмасныя спрэчкі, забойствы, абра́зы… Там знаходзіла дэталі, якія былі мне неверагодна цікавыя. Толькі ўявіце сабе, якія імёны былі ў людзей: Ян Зімапад, Васіль Клюйвада... Гэта ж цэлы свет! Я ішла на працу, дзе мяне чакалі неверагодныя адкрыцці і скарбы. Пасля зразумела, што нешта можна распавесці пра вяселле, дарогу, імёны… Эсэ я друкавала ў газеце «Наша Ніва». Аднойчы муж падаў некуды рукапісы, і яны перамаглі… У той час я ляжала ў шпіталі, таму ў мяне не было часу давесці іх да ладу. У выніку зусім хутка выйшла кніга «…І цуды, і страхі»…
— Ці знайшла кніга шырокае кола чытачоў? Ці яна «прайшлася» больш па тых, хто захапляецца гісторыяй?
— У мяне мэта была зацікавіць простых людзей неверагоднай палітрай Сярэднявечча. Навуковыя кнігі не ўсе чытаюць… Аднак я не падавала гэтыя эсэ як літаратуру. У мяне не было адмысловага стылю, пісала так, як уяўляла. Самае вялікае нараканне было з боку гісторыкаў: я не пакінула спасылкі на вопісы, з якіх брала матэрыял.
— Калі вы наогул пачалі пісаць?
— Мая творчасць пачалася тады, калі мы ў сям’і вырашылі размаўляць па-беларуску. Гэта быў крок штучны, безумоўна, бо ў мяне не было нікога ў вёсках. Але гэта быў наш пратэст супраць савецкасці і бальшавізму, які сядзеў у галовах людзей. Першае апавяданне было ў 2000 годзе. Не магу сказаць, што я мела шмат часу на творчасць. Але калі ў чалавеку ёсць памкненне пісаць, ён знойдзе на гэта і час, і магчымасці. Сваё першае апавяданне «Крумкач і Франка» я напісала, калі зламала нагу і месяц нікуды не выходзіла. Але як доўга я гэтае апавяданне насіла ў галаве! Асабліва атрымліваецца запісваць назіранні пад раніцу, калі раскладваеш сябе, як слаісты пірог. Я пішу рэдка, але штодня занатоўваю свае думкі. Шмат ужо набралася такіх назіранняў... Аднак, мушу прызнацца, што я занадта шчодра раскідваюся часам. Мне падаецца, мы самі ўзялі і падзялілі час на рысачкі. Лічбы — гэта не маё, я заўсёды ў іх блытаюся.
— Што пішаце цяпер?
— Запісваю назіранні. Павыбірала запісы са старых нататнікаў. Калі атрымліваецца нешта напісаць, гэта дорыць мне неверагодную радасць. А часам радуюся і з таго, што атрымалася нешта сфатаграфаваць.
— Чаму пасля столькіх гадоў працы вы раптоўна ў 2013 годзе сышлі з Нацыянальнага беларускага архіва працаваць у Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы? Надакучыла?
— Не, не надакучыла. З канца 90-х па 2013 год я працавала з дакументамі XVI—XVIII стагоддзяў. Навучылася чытаць старабеларускія і старапольскія тэксты… Мне захацелася нешта моцна змяніць. Калі доўга сядзіш на адным месцы, хочацца пабачыць іншыя далягляды. Я разумела, што ў мяне не такі ўзрост, калі можна ісці ў нейкія праекты. Але раптам патэлефанаваў Мікалай Пінігін і прапанаваў пасаду кіраўніка літаратурна-драматургічнай часткі. Гэтая прапанова дзіўным чынам адпавядала маёй празе да зменаў. З Мікалаем Мікалаевічам мы сустрэліся, паразмаўлялі, я сказала, што па жыцці я сацыяфоб. Я разумела, што я не ведаю спецыфікі працы, але мне хацелася паспрабаваць. Я зрабіла крок абсалютна для сябе нечаканы. Нехта мяне наогул не зразумеў. Але я не шкадавала аб такім рашэнні. Тэатр — гэта такая ж таямніца і гісторыя пра людзей.
— Адразу ўцягнуліся ў працу?
— Досыць павольна. Але для мяне там кожны дзень быў выклік. Мне часам званок складана зрабіць... А тут нам тэлефанавалі розныя драматургі, жанчынкі, якія былі перакананы, што іх тэма ў п’есе — самая важная. Адразу ж на мяне прыйшла скарга ў Міністэрства культуры, маўляў, я няветліва размаўляла з чалавекам...
— Ці балюча было сыходзілі з тэатра разам з іншымі «купалаўцамі» ў знак пратэсту супраць звальнення Паўла Латушкі?
— Мы зрабілі зварот супраць гвалту са сцэны Купалаўскага тэатра, калі яшчэ былі «купалаўцамі». Літаральна адразу ўсіх, хто стаяў на сцэне, загадалі звольніць. Але дырэктар сказаў, што звальняць нікога не будзе. Пасля прыехаў міністр культуры і са сцэны паведаміў, што дырэктара звальняюць, бо ў яго скончыўся кантракт… Я не разумею, навошта дарослым людзям хлусіць са сцэны? Тады мы падалі заявы на звальненне. Мы не думалі, што яны будуць падпісаны. У гэта было немагчыма паверыць. Мы абдымаліся і казалі адно аднаму, што гэта ўсё ненадоўга. Немагчыма знішчыць карабель са стогадовымі гісторыямі і традыцыямі! Самае сумнае, што я не бачу канца ўсяму гэтаму. Ідзе татальная зачыстка беларускага свету. Зачышчаюць па д’яблавым плане...
— Ёсць жыццё пасля звальнення з Купалаўскага тэатра?
— Я вярнулася працаваць у архіў на палову стаўкі. Але мае ўсе думкі толькі аб тым, што цяпер адбываецца ў краіне. Цяжка дыхаць, прытым не толькі ад каронавіруса, але і ад таго, напрыклад, што мая лепшая сяброўка, з якой я пазнаёмілася ў архіве (Юлія Слуцкая, — В.Ч.), цяпер на Валадарцы. А колькі яшчэ маіх прыяцеляў — недзе? Я заўсёды думала: як у 1942—1943 гадах, калі пачалося знішчэнне мінскага гета на Нямізе, увесь горад працягваў жыць сваім жыццём? Людзі хадзілі ў філармонію, якая адчынілася, у кіно… А побач цяклі рэкі крыві. Людзі не маглі не ведаць, што там адбывалася. Горад увесь прапітаны крывёю. Цяпер я іду міма Валадаркі, ведаючы, што там сядзіць мая сяброўка, але я прыходжу дадому, гатую вячэру, п’ю каву і нават магу ўсміхнуцца… Столькі пакутаў вакол, але мы прыцягваем жыць. Зразумела, жыць не гарманічным жыццём, не шчаслівым жыццём… Але жывём, хоць і дыхаць цяжка.
Фота kupalauski.by
— Ці далучыліся да працы Вольных купалаўцаў?
— Я вельмі сумую, што не магу прыйсці ў Купалаўскі тэатр, не магу сесці на адкідное крэсла… Але цяпер Купалаўская трупа рыхтуе вельмі цікавы спектакль. Я не буду раскрываць падрабязнасці, скажу толькі, што я спрычынілася да яго не толькі вычытваннем тэкстаў, але і тым, што перадала пару рэчаў для рэквізіту.
— У «Новым Часе» быў апублікаваны ваш ліст да Юліі Слуцкай. Магчыма, цяпер у Беларусі паўстае новы кірунак літаратуры — лісты за краты?
— Калі мы перакрочым гэты страшны час, я думаю, што сапраўды гэта стане асобным кірункам у літаратуры. Толькі б нам застацца чыстымі, каб выйсці ні душой не пашкоджанымі, ні целам. Я напісала Юлі 10 лістоў — яна не атрымала ніводнага. Пра гэта сказала яе дачушка, якая атрымлівае ад яе лісты. А мае 10 лістоў Юля не атрымала. Я пісала ёй па адным вершу… Можа, іх спалохалі вершы?
— Думаю, што вы ведаеце месцы ў Мінску, якія могуць надаць сілы?
— Я вельмі люблю могілкі, асаблівым чынам люблю Кальварыю. Паказальна, што ў касцёле на Кальварыйскіх могілках я хавалася ад тых чорных людзей, якія разганялі беларусаў. Люблю і Вайсковыя могілкі, і Чыжоўскія. Люблю касцёл святога Язэпа, які знаходзіцца каля Ратушы. Некалі гэта было месца, дзе трымалі ў зняволенні паўстанцаў Каліноўскага. Я жыву каля стаўка Мухля, якому больш за сто гадоў. У нас расце шмат груш, таму наш раён я ўмоўна называю «Падгрушшам» — ён знаходзіцца недалёка ад «Грушаўкі». Наш раён вельмі зялёны, таму калі я хаджу па ім, мне добра. Але ўмоўна добра. Сёння нідзе не бывае добра. Мы знаходзімся ў нейкім коміксе, толькі трагічным і крывавым. Памятаю момант, калі мы з сям’ёй стаялі на рагу Гарадскога вала і бачылі, як у бок Мельнікайтэ ехалі крытыя брызентам грузавікі з салдатамі... І тады я ўсвядоміла, што яны едуць па тэрыторыі былога гета. У мяне адбылося абсалютнае накладанне гістарычных часоў, бо была жахлівая акцыя, калі грузавікі з нямецкімі салдатамі заязджалі ў гета дзеля расстрэлу людзей. І зноўку адбывалася тое ж самае. Яны ехалі, каб чыніць гвалт супраць свайго ж народу!..
— Спадарыня Вольга, чым займаюцца вашы дочкі?
— О, яны фантастычныя! Мая старэйшая дачка Ганна вельмі актыўны чалавек. Яна мудрая, лечыць мяне сваімі назіраннямі. Яна — адна са стваральніц брэнду жаночай вопраткі «Krasa». Багдана малодшая за Ганну на 10 гадоў. Яна скончыла кітаістыку ў БДУ, але ёй не захапілася. Нядаўна знайшла мажлівасць адвучыцца ў Ізраілі на праграміста. Зараз яна вывучае вышэйшую матэматыку на англійскай мове — і ёй неверагодна падабаецца! Імя Ганна я абрала пасля прачытання аднаго з апавяданняў Грына, дзе эпіграфам служыў выраз: «Я стаяў каля вакна і марыў аб Ганне». А імя Багдана «выйшла» з актавых кніг Вялікага Княства Літоўскага. У XVI—XVIII стагоддзях у Менску гэтае імя было надзвычай папулярнае.
— Як дзеці ставіліся да вашага моцнага захаплення гісторыяй Мінска?
— У нас у сям’і было неяк усё вельмі гарманічна. Яны пайшлі сваімі шляхамі, не сталі працягам бацькоў. Дочкі казалі, што іншымі і не змаглі б стаць. А цяпер я сама шмат чаму ад іх вучуся.
— І — на завяршэнне: ці чакаць нам цыкл эсэ пра тэатр?
— Магчыма, бо мне ёсць што згадаць. Напрыклад, як сябе паводзяць людзі, чым тэатр адрозніваецца ад архіва, якія эмоцыі віруюць… Паўсюль жа людзі! Мне падабаецца пісаць пра людзей, якіх я люблю. Калі ты пішаш, укладаючы эмоцыі, атрымліваецца жывы і цёплы тэкст.
Фота minsk-old-new.com
Я знайшла цікавы дакумент 1778 года, буду яго апісваць. Наш намеснік дырэктара па навуцы прапанаваў увесну правесці цікавы круглы стол па тэме ўспрымання смерці ў грамадстве. Што такое тэстамент, апошняя воля чалавека? Як мы цяпер да гэтага ставімся? Як такое стаўленне змянілася са стагоддзямі? Людзі адны і тыя ж, а стаўленне да смерці змяняецца. Тое, што «за мяжой» — абсалютна нам невядома. Аднак усё самае важнае мы носім у саміх сабе. Кожны чалавек — гэта сусвет. Чалавек жыве вельмі мала. І калі я думаю пра тое, колькі часу ён марнуе на спрэчкі і сваркі, то ў мяне ўсё перакручваецца... Як можна марнаваць такое кароткае і прыгожае жыццё на стварэнне ідэалогіі, якая забівае? Мы так мала жывём, каб траціць бяздарна свой час.