Я гляджу на тое, як Аляксандр Рыгоравіч — чалавек, што пачынаў сваю палітычную кар’еру на супрацьстаянні нацыяналістам — кажа асцярожныя словы пра абарону незалежнасці і суверэнітэту, і не магу зразумець: як вось да гэтага дайшло? Як так здарылася, што менавіта Аляксандр Рыгоравіч, які шматкроць падкрэсліваў, што ён найбольш адданы сябра Расіі і больш прарускага чалавека ва ўсёй Беларусі не знайсці, зрабіўся апошняй надзеяй на далейшае існаванне беларускай дзяржавы?
Чаму так атрымалася, што на ягоным фоне прадстаўнікі БНФ — некалі самай моцнай незалежніцкай сілы, што аб’ядноўвала ўсіх прыхільнікаў адраджэння — выглядаюць няўцямнымі мямлямі? Яны ў найлепшым выпадку могуць паўтараць за прэзідэнтам, што “сыдуць у лясы” (прэзідэнт сказаў, што Беларусы пойдуць у лясы і хто, як не БНФ) — быццам там, у лясах, гэтыя заўсёднікі офісаў здолеюць пратрымацца хаця б тыдзень без электрычнага чайніка і пячэнек.
Прызнаем: нацыянальная ідэя сёння не мае соцень тысяч прыхільнікаў, як гэта было за часамі Пазняка. Прызнаем: старанная работа дзяржавы па дыскрэдытацыі і маргіналізацыі некалі галоўнай партыі краіны дала плён. І цяпер адзінай магчымай дэманстрацыяй таго, што ў Беларусі ёсць некалькі тысяч сімпатызантаў беларускай гісторыі, культуры і мовы, можа быць канцэрт на ўгодкі БНР (я б на месцы дзяржавы рабіў яго на плошчы Незалежнасці і даваў рэкламу па ўсіх тэлеканалах).
Калі гэта пачалося? Чорным часам для нацыянальнай ідэі стаўся ад’езд Пазняка. Але, відавочна, вінаваціць у заняпадзе БНФ чалавека, які абудзіў краіну і спарадзіў БНФ, не выпадае. Тым болей што Пазняка выціснулі з Беларусі вельмі недвухсэнсоўнымі пагрозамі жыццю. Прынцыповае тут тое, што было далей, а менавіта падзеі 1999 года, раскол і з’яўленне на чале БНФ “Адраджэнне” інтэлігентнага дзядзечкі Вінцука Вячоркі. Менавіта з тае пары арганізацыя, прыхільнікі якой некалі каталі міліцэйскія машыны па праспекце, ператварылася ў гісторыка-культурны клуб: “Чарнобыльскі шлях” у бок Бангалор, пячэнькі ў офісе, электрачайнік, рассылка факсаў па рэдакцыях, конныя выезды ў выходныя (бо мы ж арыстакратыя).
Тут можна сказаць, што папярэдняя схема, калі Фронтам кіравала каманда, што адпачкавалася ў КХП БНФ, таксама не была надта працаздольнай, бо яны таксама рассылалі факсы, пераказвалі словы Зянона. Але за гэтымі хаця б ззяў аўтарытэт чалавека, які расказаў нацыі пра Курапаты. Пазняк, з ягоным страшным позіркам, з яго не заўсёды адэкватнымі і зразумелымі заявамі, меў яўную харызму, у той час як Вячорка здольны быў адно патлумачыць журналістам па тэлефоне правільнае напісанне свайго прозвішча.
Зразумела, што за расколам і ўсім наступным відавочна стаялі старанныя ручкі спецыялістаў вузкага профілю, але — як мы бачым цяпер — прывялі яны краіну адно да сітуацыі, калі галоўнай незалежніцкай сілы проста не стала. І замест магутнага фронту, на які можна было б паківаць Маскве (можа, спужалася б), даводзіцца ладзіць пераказ ідэй фронту. Укладаючы гэтыя ідэі ў вусны палітыкаў, што з барацьбой за незалежнасць ніколі не асацыяваліся.
Мне вось цікава, афіцыйны Мінск ужо вядзе сакрэтныя перамовы з Пазняком? Калі не — дык самы час пачынаць. Бо выявілася, што палітычнае поле існуе па законах складанай экасістэмы. І калі вывесці адзін тып істот, усім астатнім раптоўна зробіцца горанька. І наша палянка можа існаваць з адным-адзіным гульцом ва ўмовах, калі прыязныя людзі ў абмен на абяцанне братэрства самі прыносяць пячэнькі і кіпень з электрачайніка. А вось калі пачынаецца рубілава і трэба “выходзіць шчыльнымі радамі” — збіраць у тыя “шчыльныя рады” няма каго.
То тэлефануйце Пазняку. Абяцайце яму месца сенатара, дом у Драздах і штотыднёвы эфір у “Вечаровым Перліне” (куды ён, дарэчы, падзеўся?). Інакш усе нашы замежныя партнёры хутка зразумеюць, што патрыётаў і адданых прыхільнікаў незалежнасці ў Беларусі засталося хіба што некалькі тысяч. І будуць патрабаваць аддаць ім не толькі наш рубель, але і мяжу, пашпарт і ўсё астатняе.
Віктар Марціновіч, “Будзьма беларусамі!”