Віктар Марціновіч разважае пра рэзанансныя папраўкі ў законе аб прызыве.
Папярэдні сацыяльны кантракт паміж уладай і насельніцтвам укладаўся ў наступную формулу: калі табе нешта не падабаецца — валі на здароўечка за мяжу. Адкрытасць межаў і свабода выезду для ўсіх катэгорый грамадзян, якім душнавата ў Беларусі, была асноўным адрозненнем сённяшняй дзяржавы ад БССР. Адначасова гэта было гарантыяй ад сацыяльных забурэнняў і масавых пратэстаў. Бо самыя актыўныя, самыя адукаваныя замест імкнення змяніць нешта ўнутры краіны шукалі пагоды ў замежжы.
Скандальны законапраект аб службе ў войску — першы вядомы мне выпадак, калі гэты залаты прынцып перастаў працаваць. Цяпер за мяжу цябе проста не пусцяць.
Адукаваную, актыўную моладзь старанна вяртаюць на радзіму і неабачліва падштурхоўваюць да палітычнага ўдзелу. Бацькі гэтых дзяцей, раней занятыя збіраннем грошыкаў на ўтрыманне свайго дзіцяткі ў Еўразвязе, цяпер азіраюцца вакол і думаюць, якімі інструментамі сябе абараняць.
Гэта, дарэчы, цікава: бо інструментаў няма аніякіх. Як паказвае Брэст, ні петыцыі, ні грамадскае абмеркаванне, ні перамовы ў выканкамах ні да чаго не вядуць, пакуль не ўзнікне хаця б і невялікага, але трывалага грамадзянскага руху. Які гатовы адмабілізаваць людзей з "ВКантакта" ў рэал. І менавіта туды, у рэал, цяпер клічуць тых, каму ўжо вусна прыгразілі нявыездам.
Гэты злом сведчыць пра прынцыповае, фундаментальнае змяненне ў сістэме самаадчування беларускай улады. І такіх глабальных нюансаў у сітуацыі з “законам аб адтэрміноўках” можна прасачыць адразу некалькі.
Напрыклад: ранейшы сацыяльны кантракт прадугледжваў ухіленне грамадзян ад актыўнай зацікаўленасці выбарамі ў Палату прадстаўнікоў. Беларускі парламент бяспраўны, нічога не вырашае. Дык навошта вам цікавіцца тым, як мы яго фармуем? Мы проста зробім так, каб тыя рашэнні, якія прымае ППНС, не ўціскалі анікога, акрамя “свядомых” і іншых дысідэнтаў. Масавых пратэстаў пасля выбараў у ППНС на маёй памяці не здаралася, уся сацыяльная ўвага скіроўвалася на прэзідэнцкія электаральныя кампаніі.
Тут, за месяц да абвяшчэння парламенцкіх выбараў, наўмысна ствараецца прэцэдэнт, які значна падвышае грамадскую зацікаўленасць роляй парламента. Зразумела, што, спускаючы непапулярную меру ў “палатку”, АП імкнулася разгрузіць рэйтынг кіраўніка дзяржавы. Але прэзідэнцкія выбары — прынамсі па агучаным Лукашэнкам календары — праз год. А парламент трэба будзе фармаваць ужо проста цяпер. Дык як цяпер вярнуць у публічную сферу гэты папярэдні, такі ўтульны, фармат? “Закон аб адтэрміноўках” гарантуе, што сімпатыі да людзей, якія супраць яго змагаюцца, будуць велізарнымі.
І, паверце, словы пра тое, што, маўляў, без магістрантаў і дактарантаў мы не здолеем абараніць уласную незалежнасць, нікога з актыўнай часткі грамадства не ўпэўнілі: настроі тут роўна такія, што і былі.
“Закон аб атэрміноўках” — наўмысна ці не — пашырыў кола тых, хто разумее, што тут адбываецца насамрэч. Яшчэ зусім нядаўна людзей, знаёмых з усімі адметнасцямі існавання рэспублікі Беларусь, было вельмі няшмат: чальцы палітычных партый, журналісты недзяржаўных СМІ, буйныя бізнесоўцы, па якіх праходзіліся трактары беларускага правасуддзя. Цяпер створаная сітуацыя, калі абсалютна ўсе сем’і, у якіх ужо ёсць падлеткі прызыўнога ўзросту ці толькі нарадзіліся маленькія хлопчыкі, будучыя прызыўнікі, мусяць заглыбляцца ў мудрагелістыя нюансы існавання гэтай сістэмы, даведвацца пра тое, якім менавіта чынам і якімі людзьмі тут выпякаюцца законы, як яны ўваходзяць у сілу. Пры гэтым перспектыва выезду за мяжу па адукацыю блакаваная. То гэта абсалютна сітуацыя загнаных у куточак мышэй.
Карціна, калі адпушчаны працэдурай тэрмін падпісання “закона аб адтэрміноўках” выйшаў, але яго не спяшаюцца ні публікаваць, ні заяўляць аб скіраванні на дапрацоўку, — гэта зноўку нешта вельмі новае. Ёсць відавочная асцярога, ёсць адчуванне, што публікацыя спародзіць абурэнне нават у такім мёртвым палітычна месяцы, як ліпень. Але замест таго каб паставіць яго на паўзу на два перадвыбарчыя гады, улада проста маўчыць, цягне і спадзяецца, што цікаўнасць да тэмы не згасне. А цікаўнасць менавіта праз маўчанне пачынае расці. І тут незразумела: няўжо сапраўды цяпер у ваенным плане ўсё настолькі дрэнна, што мабілізацыя аспірантаў і дактарантаў не можа пачакаць спаду палітычнай актыўнасці?
Ці гэта тая самая страта пачуцця моманту, пра якую шмат хто з аналітыкаў кажа, назіраючы за разгортваннем падзей?
25 гадоў матывацыяй адсутнасці рэформ ва ўсіх сферах — ад медыцыны і ЖКГ да войска і рэгіёнаў — было нежаданне паўтарэння “шокавай тэрапіі”. Ініцыятывы, якія зноў і зноў узнікаюць у галовах кіраўнікоў праз імклівае змяншэнне рэсурсаў (матэрыяльных, людскіх — усіх!) — гэта менавіта тая “тэрапія” для насельніцтва. Шок ёсць. Рэформ няма. Дык, можа, усё ж лепей пачынаць рэформы?