Віктар Марціновіч: Нацыяналісты болей не патрэбныя

“Шчырая размова” — фармат, які адрозніваецца ад колішніх олдскульных прэс-канферэнцый прыкладна гэтаксама, як фудблогер адрозніваецца ад Лары Кінга.

У Расіі гэты фармат выкарыстоўваецца не для таго, каб Пуцін сказаў нешта істотнае, а менавіта для таго, каб ён нечага не сказаў. У моманты, калі казаць асабліва няма пра што, добрых навін няма. Сімуляцыя працуе ідэальна: калі на фоне процьмы балючых праблем запусціць у вялікую залу табар шчаслівых дзядзечак у пінжаках, якія ўнутрана свецяцца сваім дзяржаўным дабрабытам, нават два праблемныя пытанні ад “ворагаў” агульны настрой не зменяць. Тым болей калі рабіць гэта з размахам, з жывымі ўключэннямі з Мурманска, Калугі і Уладзівастока, з грамадзянамі, якія сікаюцца ад шчасця, што зараз скажуць нешта Уладзіміру Уладзіміравічу. Краіна прасякаецца адчуваннем дабрабыту і стабільнасці. Ва ўсякім разе тыя яе месцы, што знаходзяцца ў радыусе 3-х метраў ад уключаных тэлевізараў.

Папярэднія беларускія “размовы” цалкам укладаліся ў фармат: сутнасна журналістам не было пра што распавядаць пасля. Але гэтым разам праз сустрэчу быў распаўсюджаны яўны і просты мэсідж: згортванне беларусізацыі. На маю думку, гэтая тэза была не толькі асноўнай, але і адзінай выразна артыкуляванай. Беларускі ўніверсітэт не патрэбны, у Курапатах ляжаць, магчыма, ахвяры нацыстаў, рэстарацыя ў Курапатах не парушае закона, у ёй можна памянуць забітых, а “белыя крыжы” могуць прыбраць.

Але галоўнае — яўны і просты адказ на пытанне пра Дзень Волі. Арганізатары шырокага святкавання 100-годдзя БНР былі ўпэўненыя, што сабатаж правядзення свята ў гэтым годзе на стадыёне “Дынама” — вынік баязлівасці чыноўнікаў. Выявілася, рашэнне прынятае на самым версе. Лукашэнка сказаў: на Бангалор.

І не трэба падманвацца, як гэта паспелі зрабіць некаторыя аглядальнікі. Маўляў, прэзідэнт не сказаў “не”, ён сказаў “не цяпер”. Ён не меў на ўвазе, што ён супраць універсітэта, БНР і беларускай мовы, ён меў на ўвазе, што з гэтым не трэба спяшацца, а дзейнічаць варта ціхенька, павольна, крок за крокам. Дык вось, як на мяне, больш яўнай і грубай адмовы, чым у пятніцу, выказаць немагчыма. Вас не адклалі на паслязаўтра. Вас паслалі, прабачце, на Бангалор. У беларускай палітычнай культуры гэта адна з самых крыўдных форм указання на месца. Як заўважыў іншы аглядальнік, Лукашэнка, разважаючы пра Пазняка, мову і БНР, нарэшце паказаў сябе такім, якім мы ўсе яго добра ведаем, без грыму і прыдумак дарадцаў з еўрапейскага вектара.

Бангалору, які наступіў у Беларусі, ёсць два магчымыя тлумачэнні. Тлумачэнне першае: Аляксандр Рыгоравіч выдатна разумее, што, калі дапусціць шырокае святкаванне 101-годдзя БНР на стадыёне “Дынама” ў перадвыбарны год з нявырашанымі пытаннямі на знешнім кірунку, можа адбыцца якая-небудзь непрадугледжаная арганізатарамі неспадзяванка. Тут дастаткова тузіна раздзетых па пояс “нацыяналістаў”, якія на тэлекамеры пазігуюць і пакрычаць што-небудзь дрэннае пра славянскіх братоў. А пасля сядуць у тыя ж мікрааўтобусы, на якіх прыехалі тэлекамеры, і знікнуць у невядомым напрамку. І ўсё, глеба для ратавання братоў на тэрыторыі суседняй Беларусі створаная, можна рыхтаваць ваеннае ўмяшальніцтва.

Ды і наогул: Кісялёву і Незыгару мусіць быць вельмі прыемна, што “на Беларусі” “папрыціскалі” нарэшце “нацыяналістаў”. Ці не для таго ўсё рабілася?

Другая прычына можа быць выключна ўнутранай: у выбарчы год трэба прыбраць людзей з вуліц і заставіць забыцца пра тое, што плошчы і стадыёны ў прынцыпе прыдатныя для вялікіх грамадскіх акцый ці палітызаваных святаў. У сувязі з гэтым у 2019-м я вангую рэзкае абвастрэнне праблем з арганізацыяй канцэртаў на адкрытым паветры, усіх гэтых святаў ежы і добрай музыкі. Людзі мусяць сядзець дома і рыхтавацца да галасавання, няма чаго ім рабіць перад сцэнай у самым цэнтры горада, за тры крокі ад працоўнай рэзідэнцыі прэзідэнта, тым больш разагрэтымі алкаголем і басамі з калонак.

Збольшага ўсіх тых, хто шчыра тапіў за беларусізацыю, за нацыянальную адукацыю ўнутры краіны, за мову і культуру, чарговым разам скарысталі. Былі да часу — далі крыху свабоды. Прыйшліся не ў тэму — абазначылі маршрут на Бангалор. Што рабіць? Жыць далей.

Я ж упэўнены, што арганізатары святкавання БНР гэта рабілі не таму, што гэта можна. І агулам вельмі верна напісаў Зміцер Дашкевіч у сваім ФБ пра справы Божыя і справы людскія: “Трэба рабіць тое, што правільна і што ў тваёй моцы. Над тым жа, што не ў тваёй моцы, ёсць Каму чуваць”.

Віктар Марціновіч, “Будзьма беларусамі!”