Рэакцыя экспертаў на апублікаваныя пастановы ўрада, што рэгулююць выкананне дэкрэта пра дармаедства, — расслабон і заспакаенне. Кшталту: гэта згортванне неадэквату і рух назад. Бо дармаедаў страшаць толькі “поўнай” камуналкай, а камуналка неўзабаве будзе бездатацыйнай для ўсіх, то нічога страшнага. Але не трэба недаацэньваць бездань, у якую сітуацыя можа развярнуцца вось ад гэтага, сённяшняга, моманту.
Калі вызначальнай ёсць логіка, дык з часоў увядзення “падатку на дармаедства” ўсё зрабілася толькі горай. Бо да паслуг ЖКГ хутка могуць дадацца іншыя, пакуль не раскрытыя выдаткі — фармулёўкі ўсіх пастановаў больш чым цьмяныя, не верыце — паглядзіце самі. А вось пагроза накіравання ў ЛТП за “асацыяльны вобраз жыцця” — гэта нешта прынцыпова новае. Раней цана “выхаду” з ліку bad guys быў даволі нізкім, менш за 200 даляраў у год.
Зараз пры песімістычным сцэнары ўсё можа ператварыцца ва ўзаконенае рабаўладанне з абавязкам збіраць па палях камяні пад наглядам камісіі з дэпутатаў і БРСМ; (БРСМ — і “Белая Русь” — два прыклады “рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадскіх аб’яднанняў”, якія прыходзяць мне ў галаву). То цалкам зразумела, чаму на перыяд збору базы дадзеная каманда не ўздымаць паніку і ўдаваць, што дзяржава амаль асадзіла назад. Імаверна, паралельна з нарыхтоўкай індывідуальных нумароў небарак, якія трапілі ў “базу дармаедаў”, ідзе сканаванне грамадскай рэакцыі на прадмет “праглынуць — не праглынуць”.
То вазьму на сябе работу па пераліку лагічных пазлаў, што ўзнікаюць з новых пастановаў. Магчыма, некаму ва ўрадзе гэта дапаможа не вынаходзіць паўночнакарэйскі ровар і вярнуцца нарэшце да сусветнай практыкі.
- Чаму вы вырашылі, што людзі, якія не здолелі знайсці сабе сталай працы, прыдбалі папярэдне ў маёмасць жытло, камуналку на якое вы зараз задзераце? Ці аплата ацяплення стане поўнай не толькі для дармаедаў — уласнікаў кватэр, але і для дармаедаў, прапісаных на жылплошчы? Але кару мусіць несці толькі парушальнік грамадскіх норм, а не ягоныя родзічы. Так было з біблейскіх часоў.
- Як быць з дармаедамі, якія выехалі з райцэнтра, папрацавалі некалькі месяцаў на заводзе ў сталіцы, падпалі пад скарачэнне і здымаюць аднуху на апошнія грошы, спрабуючы працаўладкавацца? Якую “камуналку” вы сабраліся ім падвысіць? З якой хаты? Той, якую яны пакінулі ў райцэнтры? Ці той, дзе яны жывуць? Калі апошняе — дык а ў чым вінаватыя гаспадары?
- Разгледзім само паняцце “людзі, якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні эканомікі”. Беспрацоўныя проста не плацяць падаткаў. Дзяржаўныя службоўцы, якія распрацоўвалі гэтыя новыя паперы і азначэнні, — плацяць. Але падаткі, якія плацяць дзяржаўныя службоўцы, бяруцца з бюджэтных грошай, узятых з падаткаў іншых людзей. Як і заробкі бюджэтнікаў. Скараціўшы службоўца, адзінай працай якога ёсць кантроль над беспрацоўнымі ў камісіі, ты не толькі ствараеш беспрацоўнага, але і эканоміш выдаткі, ужо ўнесеныя тымі, хто фінансуе эканоміку. Перачытайце гэты пункт. Вам не падаецца, што ўся гэтая бадзяга з “людзьмі, што не ўдзельнічаюць у эканоміцы”, складаецца з гэткіх вось парадоксаў?
- Чалавек, які зарабіў за год мільён даляраў і сплаціў з іх сто трыццаць тысяч падаходнага падатку, згодна з пастановамі можа не працаваць толькі адзін квартал. У “квартале, наступным за кварталам, у які адбылося звальненне”, ён дармаед, што “не ўдзельнічае ў эканоміцы”. Хаця па ўсіх раскладах ягоны “ўдзел у эканоміцы” роўны 100 гадам удзелу ў эканоміцы звычайнага грамадзяніна. То трэба было прадугледзець колькасныя папраўкі? Бо я ўяўляю сабе Біла Гейтса, які збірае па палях камяні ў кампаніі калінкавіцкіх алкаголікаў, і рукі мае чэшуцца напісаць пра гэта антыўтопію.
- Вернемся да “антысацыяльнага ладу жыцця”, за які камісіі з правераных таварышаў маюць, згодна з пастановай, права “прыняць рашэнне аб накіраванні дармаеда ў лячэбна-працоўны прафілакторый”. Поль Гаген вёў “антысацыяльны лад жыцця” (і не быў у творчым саюзе!) Дубоўка, Геніюш, Купала і нават Караткевіч пры зацятым, пыхлівым поглядзе на іх побыт маглі быць распазнаныя як элементы, схільныя да “антысацыяльнага жыцця”. Іх не “лячылі” толькі таму, што не знайшлося чальцоў БРСМ, дастаткова занепакоеных “антысацыяльнасцю” пайменаваных творцаў. Дык ці можна дэлегаваць такія звышчалавечыя паўнамоцтвы такім выпадковым людзям — з такімі няпэўнымі фармулёўкамі? У краіне ёсць Крымінальны кодэкс, які вызначае, за якія дакладна злачынствы і ў якім парадку свабоды чалавека мусяць абмяжоўвацца. Бо прымусовае лячэнне — гэта менавіта пра пакаранне абмежаваннем свабоды. Дык пры чым тут БРСМ?
- Як быць з таямніцай фінансавага жыцця, да якой цяпер атрымліваюць доступ не падаткавікі (ім і Бог сказаў ведаць, хто, дзе, на якія грошы працуе!) — але цалкам “цывільныя” дзядзі і цёці ў пінжаках?
- Пакет антыдармаедскіх мер не вядзе да стварэння новых працоўных месцаў. Колькі б ні пужалі народ новымі выдаткамі, калі ў раёне няма куды працаўладкавацца, работы болей не стане. Будзе болей толькі роспачы ад таго, як сплаціць за падаражалую хату.
- Дысбаланс паміж тымі, хто працуе, і тымі, хто сядзіць на падатковых выдатках, будзе аб’ектыўна толькі ўзрастаць па меры падвышэння сярэдняга ўзросту, выкліканага не найлепшай дэмаграфіяй. Хочаце выправіць гэты дысбаланс — заахвочвайце нараджальнасць ільготамі і выплатамі.
- Чым мусілі б займацца “антыдармаедскія” камісіі кшталту тых, якія ствараюцца згодна з пастановамі, — дык гэта не разглядам таго, хто знаходзіцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, а раздачай мікракрэдытаў на заснаванне новых бізнесаў. Прычым раздаваць тыя крэдыты варта было б не дармаедам, а прадпрымальнікам, якія маюць вартыя ўвагі бізнес-планы.
- Калі ў дзяржавы няма грошай на тое, каб несці цяжар сацыяльных выдаткаў на звычайным узроўні, лагічна было б зрабіць дзве рэчы на выбар: а) скараціць выдаткі б) спагнаць грошы з тых, у каго яны ёсць. Антыдармаедскае заканадаўства стварае дадатковую патрэбу ў новых выдатках на камісіі (калі не грашовых — дык выдаткаў па часе). Да таго ж яно шукае грошы там, дзе іх няма.
Віктар Марціновіч, “Будзьма беларусамі!”