Віктар Марціновіч: Іван Айвазоўскі і “рускае мора”

Да 31 жніўня ў Нацыянальным мастацкім музеі будзе працаваць выстава “Айвазоўскі і марыністы”. Час падсумаваць адчуванні ад марскіх пейзажаў, якімі я, як і ўсе, захапляўся ў школе і да якіх пачаў адчуваць усё большую абыякавасць па меры назапашвання ведаў пра гісторыю мастацтва.

Айвазоўскага можна было б не любіць за тое, што ён стаў невычэрпнай крыніцай натхнення для мастакоў, што гандлююць пісанымі алеем паштоўкамі па ўсім былым Саюзе. Цяжка ўявіць сабе вернісаж на турыстычнай таўкучцы ў любым буйным горадзе без хаця б адной версіі “Месяцовай дарожкі” Аванэса Айвазяна. Але пераймальнікі, гэтаксама як і ператварэнне ў мяшчанскую ікону, што трывае 150 гадоў, — не ягоная правіна. Ад гэтага, нарэшце, не можа быць застрахаваны ніводны буйны майстра. Нават Рафаэля можна пабачыць у гасцёўнях гандлярак касметыкай “Рыфлям”.

Айвазоўскага можна было б не любіць за тое, што ён абраў сваім асноўным матывам мора — а пісаць мора ў сярэдзіне XIX стагоддзя, калі людзі маглі вандраваць значна меней за сучаснікаў, было тым самым, што цяпер фатаграфаваць коцікаў. Яго да таго ж можна было б не любіць за тое, што нават мора ён не пісаў ці амаль не пісаў з натуры, выкладаючы не тое каб свае ўражанні ад яго (па ўражанні ідзіце да ладажскіх пейзажаў Куінджы), але красуючыся іх тэхнічнай схопленасцю. Рука, аднойчы намацаўшы дынаміку хваляў, бутэлечны колер вадзіцы, зноў і зноў узнаўляла пяць вечных сюжэтаў, якія Айвазоўскі аднойчы ўзяў у іншых.

Айвазоўскага можна было б не любіць за ўразлівую другаснасць, бо нават тэхніка была распрацаваная ў Еўропе за 50 гадоў да таго. І калі вяртацца да пераймальнікаў з вернісажаў, дык тое, што яны капіююць Амальфі, напісаны Айвазоўскім і не капіююць Амальфі, напісаны французамі і італьянцамі, кажа толькі пра іх дрэнную абазнанасць у жывапісе канца XVIII стагоддзя.

Але ўсё вышэйсказанае — ацэначныя ламентацыі, якія можна было б апусціць без выразнай шкоды да асноўнага выказвання, якое зберагаецца ў гэтым тэксце. Дзеля таго, каб патлумачыць сэнс культу Айвазоўскага, які цяпер паўстае ў Маскве (згадайма раскошную мінулагоднюю выставу, якая з помпай прайшла ў Траццякоўцы), трэба для пачатку разабрацца з школай, якой ён належаў.

Нават вельмі сур’ёзныя расійскія мастацтвазнаўцы адносяць Айвазоўскага да “рамантызму”, атрыбутуючы “рамантызму” з дапамогай купак чумацкіх сялян ды “малароскіх” вяскоўцаў, якія вытарашчваюцца на здаравенныя расійскія караблі, што лунаюць ля берагоў Крыма. Маўляў, у “іконы стылю”, у Гаспара Давіда Фрыдрыха, з сюжэтамі якога ў Айвазоўскага неяк падазрона шмат агульнага, таксама ёсць берагавыя фігуры, што задуменна глядзяць на караблі ў моры.

TASS_16727707-pic905-895x505-51061.jpg

Але хіба толькі я бачу тут велізарную розніцу? Фрыдрыхавы закаханыя, што сумуюць, гледзячы на пасажырскія каравелы, і чумакі Айвазоўскага, якія сузіраюць рускі “дванаццаціпушачны карабель” (сюжэт 1852 года). Дзе тут рамантызм? У пушках? У дэманстрацыі ваеннай моцы? Дзе прыкметы рамантызму, напрыклад, сэнсуальнасць, ці крананні чароўнасці? І мне вельмі цікава чытаць, як не апошнія людзі ў тэорыі выяўленчага мастацтва супрацьпастаўляюць Айвазоўскага рускай рэалістычнай школе. Як на мяне, дык усе гэтыя бутэлечныя хвалі, усе гэтыя ваенныя караблі ды крымскія “маларосы” і ёсць самым тлустым рэалізмам. “Але ж рускі рэалізм быў змрочны”, — паспрачаюцца са мной ведуны: ён пра прачак у цьмянай пары. Пра прыгнёт, пра цяжкую працу!

Дык я ўнясу папраўку: Айвазоўскі не быў хворым на экспрэсіянізм. Ён быў папярэднікам іншай рэалістычнай школы: сонечнай ды бадзёрай, якая звалася сацыялістычным рэалізмам. Нездарма ж ім з такой асалодай частавалі ў савецкіх падручніках! Караблі, сонца, пясочак, рыбакі, ваенны карабель на трэцім плане. Адзінае, чаго не хапала, — выяўленых буйным планам працоўных. Яны дадаліся — на падрыхтаваныя Айвазоўскім дэкарацыі — праз сто гадоў.

Што да ідэалогіі, дык яе ў “сацрэаліста” Айвазоўскага таксама да халеры. Пачытайце ягоную біяграфію і задайцеся пытаннем, чаму мастак, які пісаў марскую вадзіцу (чытай — коцікаў XIX стагоддзя), быў не толькі ўведзены ў Расійскае геаграфічнае таварыства, але і працаваў на пасадзе пры Галоўным штабе. Усё проста: Айвазоўскі ўслаўляў перамогі Расійскай імперыі на моры гэткім жа чынам, як Васіль Верашчагін канстытуяваў веліч рускай арміі на зямлі. Росквіт дару Айвазоўскага па часе супаў з выхадам рускіх імперскіх марскіх сіл на трэцяе месца ў свеце пасля французаў і брытанцаў.

  • tonuschiy-korabl-ayvazovskiy-1.jpg
  • devyatyy-val-ayvazovskiy-2.jpg
  • 330935-3.jpg

Першым ваенным параходам, будаўніцтву параходафрэгатаў, кругасветкам (іх за першую палову XIX стагоддзя рускімі было зроблена 40), засваенню Далёкага Усходу і ціхаакіянскага рэгіёну патрабаваўся свой летапісец. Айвазоўскі не папулярызаваў зброю так проста, як гэта рабіў, напрыклад, аўтар “Параду рускага флоту” Аляксей Багалюбаў, таксама прадстаўлены на выставе ў Мінску. Але Айвазоўскі казаў пра акіяны — і ў гэтай размове насельніку імперыі, наведніку галерэі, было чутно ўхваленне подзвігаў у тым ліку ў крымскай аперацыі.

То не будзем летуценнікамі: “сацрэаліста” Айвазоўскага трэба ставіць у адзін шэраг з адміралам Карнілавым і Нахімавым. І нездарма Мікалай Першы быў першым пакупніком “Дзявятага валу”. І — зноў жа — нездарма і не толькі праз стогадовы юбілей з народзінаў — адбылася масіўная выстава ў Траццякоўскай галерэі менавіта цяпер.

Пры ўсім вышэйсказаным я не хацеў бы выглядаць тут уджаленым у галаву выкрывальнікам, які спяшаецца вывесці на “чыстую ваду” (у выпадку з Айвазоўскім выраз гучыць шматсэнсоўна) мастацкі аўтарытэт, які для большасці выглядае непахісным. Гэта файна, што ў Дзяржаўным мастацкім музеі праходзяць розныя, у тым ліку прысвечаныя рускаму мастацтву XIX стагоддзя, выставы. Проста ідучы на гэтыя выставы, варта быць падрыхтаванымі распазнаць і адасобіць ідэйны складнік жывапісу ад эстэтычнага. Мора — прыгожая рэч. Коцікі — мілыя стварэнні. Вайна — дрэнна. Імперыялізм — атрута.

Калі вы прыйшлі ў Мастацкі, шчыра раю звярнуць увагу на цудоўную выставу “Горад. Архітэктура. Мы”, на якой, у прыватнасці, выстаўленыя акварэлі Анатоля Волкава, дзе Мінск 1960-х намаляваны так, што яго вельмі лёгка зблытаць з ЗША часоў Элвіса.

Горад, які бачны на карцінах 1920-х — 1980-х гадоў, ужо вельмі цяжка пазнаць, і выстава з’яўляецца бліскучым выказваннем на тэму няўчэпнасці мінскага часу.

Віктар Марціновіч, “Будзьма беларусамі!”