Віктар Марціновіч: Гісторыя з адным невядомым

Ва ўсіх краінах і ва ўсе часы майстры, што прафесійна вырабляюць лялькі, лічыліся не толькі, скажам так, мастакамі. Гэта пачалося задоўга да з’яўлення культуры вуду. Напрыклад, Вілендорфская Венера, відавочна, рабілася зусім не як цацка для палеалітычнага дзіцяці. Бо палеалітычныя дзеткі, у адрозненне ад сучасных, маглі пагуляцца і з косткамі, выцягнутымі з вогнішча. 

У Гомелі я сустрэўся з Наталляй. 

Наталля мела цікаўнасць да літаратуры. 

На тым і пасябравалі. 

Наталля прапанавала зайсці ў бібліятэку імя Герцэна, пакінуць аўтограф у Музеі аўтографаў і “наведаць выставу”. 

Што такое “выставы” ў буйных і не вельмі беларускіх гарадах? У тым ліку ў Мінску? 

Пейзажы.

Партрэты.

Нацюр-цьху!-морты. 

Карацей, увага мая ўключылася толькі калі Наталля пачала распавядаць пра Марыну Скідан. 

І тут трэба крыху патлумачыць пра лялькі. 

У Беларусі вельмі моцная лялечная школа. 

Магчыма, адна з самых моцных у Еўропе. Як я ужо казаў, мы — краіна варажуноў. Я б на месцы Мінкульта кідаў падтрымліваць жывапіс і графіку, якія ў нас неблагія, але такія ж ёсць і ў суседзяў — ды ўсе рэсурсы перадаў бы на стварэнне лялечнага Хогватса.

Бо таго, што робіцца ў мінскім Лялечным тэатры, той рэпутацыі, якую маюць нашы лялечныя майстры, няма анідзе ў Еўропе. 

Як заўсёды, пра нашых лялечнікаў “звычайныя людзі” чуюць няшмат. Але нават да “публікі” такія імёны, як Мікалай Тарасюк, даходзяць. Нават у мінскім музеі сучаснага мастацтва выстава была, і я тады ўсім знаёмым раіў яе наведаць. 

Дык вось, лялькі вельмі адрозніваюцца па тым, як менавіта іх вырабляюць. Тарасюк, напрыклад, займаўся стварэннем “драўлянага люду”, ён, здаецца, новую Беларусь хацеў выразаць з дрэва і паказаць у смешных (і страшных!) кампазіцыях. Шмат якія майстры, напрыклад, калі ляльцы трэба зрабіць спадніцу, бяруць ужо гатовую тканіну і адразаюць ад яе патрэбны ўзор. 

Марына Скідан працуе інакш. 

То мне распавядае Наталля.

Расказ якой робіцца ўсё цікавейшым і цікавейшым. 

Марына Скідан ніколі не вучылася ў акадэміях. Яна адпрацавала палову жыцця ў канструктарскім бюро “Луч”, а потым раптам звольнілася. І пачала рабіць лялькі. Усё больш і больш іх ускладняючы. Кожная дэталь яе лялек менавіта ствараецца наноў. Тканіны расшываюцца дакладна пад фігурку, іх “не існуе ў нашым свеце”, яны — лялечныя. Кожная драбяза куецца, фарбуецца майстрам. “Цела” лялькі складаецца з пап’е-машэ. На выраб адной кампазіцыі ідзе прыкладна год. 

Нават больш, чым патрэбна чалавеку, каб вырабіць чалавека. 

І яшчэ дэталь, вельмі характэрная для знаўцаў: Марына амаль не фатаграфуецца, не з’яўляецца на публіцы. Я ведаю такіх людзей, але няшмат, няшмат.

Усе яе лялькі за велізарныя грошы расцягнутыя ў калекцыі ўсіх краінаў свету. Але іхных выяваў амаль не знайсці ў Гугле: Гугл на запыт “лялькі Марыны Скідан” падсоўвае “проста лялькі”, працы іншых майстроў. 

То не просты гэта чалавек, Марына Скідан.

Вельмі няпросты.

І выстава Марыны ў бібліятэцы, на якую мяне вяла Наталля, была зусім не выставай лялек, як вы маглі падумаць. 

Бо няма лялек Марыны Скідан у Беларусі. 

Наталля спынілася каля майстравіта зробленых графічных выяваў. Анонс выставы абяцаў “Таямніцы Кававага Майстра”. Тут былі дзівосныя істоты, смешныя чалавечкі, іхныя сябручкі — з ліку тых, што могуць хадзіць, але могуць і лётаць. Малюнкі забраныя глянцавым шклом, так што сфатаграфаваць мне ўдалося няшмат, хаця хацелася, вядома, падзяліцца з вамі (бо дзяліцца захапленнем ад мастацтва трэба заўсёды і як найшырэй — для гэтага яно і ствараецца). 

— Дзе Марына навучылася так цудоўна маляваць? — не вытрымаў я, памятаючы біяграфію лялечніцы.

— Гэта не яна малявала. — Наталля ўсміхнулася. — Гэта Кававы Майстар. 

Я ўчытаўся ў скупаватыя эксплікацыі, і да мяне пакрысе пачало даходзіць. 

Марына піла каву. 

Якую рабіла ў турцы. 

Пасля ўглядалася ў малюнак па ўскрайку кубачка ці па гарлавіне туркі і пазнавала там асобны сусвет. Фігуркі і сцэнкі, пакінутыя “Кававым Майстрам”. У існаванне якога ў мяне цяпер няма аніякіх падставаў не верыць. Марына перанесла іх на паперу, а Наталля зладзіла выставу. 

Гэта адна з самых незвычайных экспазіцый, на якой мне даводзілася быць у гэтым годзе, а быў я, паверце, шмат дзе. 

Я вельмі спадзяюся, што мінскія галерэі не прафукаюць магчымасць прывезці збор кававай варажбы і падзяліцца з публікай працамі Кававага Майстра. Усе патрэбныя кантакты знойдуцца ў бібліятэцы. 

Я дапіваю свой кубак чорнай сірыйскай з кардамонам і бачу ў малюнку гушчы ўсмешку: мабыць, я зрабіў нешта любае Кававаму Майстру.

Віктар Марціновіч, budzma.by