Калі б тэарэтык новых медыяў Леў Мановіч мог зазірнуць у гэтыя дні ў бачныя мне часткі Facebook, Twitter ды Instagram, ён зрабіў бы выснову, што ў Беларусі паролі ад акаўнтаў большасці карыстальнікаў захапілі баравікі, лісічкі і абабкі. Яны выйшлі ў сеціва і навастрыліся сэлфачыць сябе ў лесе і на кухні. Такой колькасці грыбоў, здаецца, няма нават у лесе.
І калі тое, што ў людзей ў тэлефонах і ноўтах, яшчэ не разышлося з тым, што ў іх у галовах і душах, дык мушу вам сказаць, што беларусы — нацыя ну ні разу не аграрная.
Бо як я ні пнуся, не магу прыпомніць хаця б адзін здымак велізарнага бурака з подпісам: “З майго агародчыка”. Гуркі, морква, цыбуля і нават памідоркі (такія складаныя ў вырошчванні!) трымаюцца неяк асобна ад новых медыяў і трапляюць у плынь толькі тады, калі нехта з беларусаў хоча пасмяяцца са Стывена Сігала. Я памятаю, як нядаўна галоўнай тэмай афіцыйнага піяру стала бульба, фіялетавыя мяхі з якой перакрочылі мяжу лічбавай рэальнасці толькі для таго, каб “Чай з малінавым варэннем” пасцябаўся з людзей, што меліся тую бульбу капаць перад тэлекамерамі. І вось мне складана ўявіць сабе чалавека, які бачыў бы ў капанні бульбы вялікую радасць. Нават для дачнікаў гэтая барацьба за ўласна вырашчаны ўраджай — крыніца стрэсу і стомы, не больш. І таму варыяцыі на тэму “Дажынак” у горадзе, якому споўнілася 950 гадоў, ладзяцца абсалютна дарэмна. Грукат ёсць, розгаласу няма.
А вось грыбочкі вабяць беларусаў бы добры шчупак — зацятага рыбака (і дзіва, што ўжо згаданыя афіцыйныя піяршчыкі таго пакуль не прачухалі). Гонар знятым у лесе баравіком лічыцца вышэйшым за гонар ад зарэзанай качкі ці застрэленага зайца. Не верыце — кіньце позірк у стужку на ўласным тэлефоне: ці шмат вы бачыце там паляўнічых трафеяў? І, абдумваючы гэты няхітры факт, складана не зрабіць некалькі высноваў пра нацыянальны характар і ягоную абумоўленасць камунікацыяй з лесам.
Часцяком кажуць, што беларусам неўласціва аб’ядноўвацца. Што, сутыкнуўшыся з любой праблемай, якая вымагае супольных і зладжаных дзеянняў, беларусы заўсёды разыходзяцца па дамах мацаваць уласны дабрабыт на асабісты капыл. І што менавіта так праяўляецца нейкая “хутарская сутнасць” нашага народа. Але ведаеце, ніякага “хутаранства” я тут не бачу. А што бачу — дык гэта звычкі спрактыкаваных грыбнікоў. Бо ў грыбы таксама грамадой не ходзяць. То бок ходзяць, але на ўваходзе ў лес разбягаюцца па сцежках і косяць паасобку.
Аптымальная сацыяльная дыстанцыя ў беларусаў — на аддаленасці ляснога гукання. Так, каб і куртка сярод ствалоў не мільгала, але і каб не застацца аднаму сярод нявызначанасці. Збор грыбоў — працэс, падчас якога амаль адразу ж страчваеш арыентацыю ў прасторы. Хапае адной сям’і баравікоў з наступным кружляннем вакол камлёў у імкненні ніводнага грыба не прапусціць. Калі лес незнаёмы, дзень хмарны і побач няма гучнай дарогі — будзеш блукаць.
Калі б у мяне запыталі пра вычарпальную метафару апошніх 30 гадоў развіцця беларускай дзяржаўнасці, я б прыгадаў менавіта гэтую карцінку: людзі, якія перагукаюцца ў вераснёўскім лесе, упэўненыя, што яны ладна дбаюць пра запаўненне сваіх кашоў ды ідуць збольшага наперад. Бо ўсе астатнія — таксама недзе побач, бо адгукаюцца. А столькі людзей не могуць жа памыляцца.
У грыбніку заўсёды ёсць нешта ад партызана — і гэта яшчэ адна якасць, якая робіць іх падобнымі да беларусаў. Ён гаворыць і рушыць ціха, за выняткам выпадкаў, калі прыйшоў час гукаць сваіх. Ты ніколі не ведаеш, ці цябе цяпер бачаць, ці чуюць, але будзь пэўны: таямніцы, якія ты распавядаў напаўголасу па тэлефоне, калі абіраў чарніцы, назаўтра будзе церці ўся вёска
Грыбнік ставіцца да лесу гэтаксама як беларус ставіцца да краіны: лес — тое, што адначасова належыць усім і не належыць нікому пэўнаму, бо большае за чалавека. У лесе шмат багаццяў, але з поўным кошыкам выйдзе толькі той, хто не лянуецца, не баіцца збіць ногі, не пужаецца камара. Паспрабуй забраць у беларуса лес так, як шмат у якіх месцах ужо фактычна забралі ваду, зрабіўшы спрадвечныя месцы рыбалкі платнымі і цалкам забараніўшы паўкрыжкі, якімі лавілі рыбу дзяды, — і беларус абурыцца так, што дэкрэт пра дармаедства падасца кветачкамі.
Як і ў любой дасканала распрацаванай забаўцы, у зборы грыбоў ёсць свае забабоны і хітрыкі. Ну, вось, напрыклад, кажуць, што беларусам неўласціва выхваляцца, і паходзіць гэта можа ад казання “пахваліўся грыбам — прыйшоў з лесу хібым”, то бок нават сабраўшы добрую калекцыю белых, ты мусіш казаць пра гэта сціпла. Грыбныя месцы трэба берагчы, а таму пытанне “дзе сабраў”, скіраванае да беларуса, ёсць ад пачатку пытаннем непрыстойным. І, з іншага боку, выходзячы з лесу, трэба абавязкова мець поўны кош, інакш іншыя грыбнікі падумаюць, што ты — “гультай”. Калі раптам недабраў — можна накідаць на ніз сыраежак, а зверху пакласці арыстакратычных белякоў. Сапраўдная Беларусь — яна недзе паміж гэтымі двума памкненнямі: “не хваліцца” і ў той жа час “не выглядаць лянотным”. Нават калі для гэтага патрабуецца махлярыць.
Узаемаадносіны з культурай збору грыбоў выпрацоўваюць своеасаблівую псіхічную методу. Бо калі ў лесе набліжаецца стары з кашом, поўным асавікоў, і кажа, што ў гэтай частцы лесу грыбоў ну зусім няма і табе трэба тэрмінова ад’ехаць пад Драчкава, — дык гэта можа азначаць толькі адно: хітраван хоча выправіць канкурэнта і браць грыб у адзіноце. А пад тым Драчкавам ты знойдзеш хіба што чарвівага масляка (а зараз паспрабуйце зразумець, ці чакаюць вас грыбы пад Драчкавам, з улікам таго, што аўтар тэксту — таксама зацяты грыбнік). Калі супаставіць гэта з колішнімі заявамі Нацбанка, што дэвальвацыі не будзе (і з усімі астатнімі буйнымі інфанагодамі апошняга часу), можна зразумець, што грыбная культура ў гэтай краіне — на кожным кроку.
Апантанасць зборам грыбоў лёгка магла б стаць нашай нацыянальнай ідэяй, бо ніхто з еўрапейцаў, акрамя блізкіх нам гістарычна палякаў і літоўцаў, не мае такой прагі да грыбярства. Збор грыбоў — занятак не толькі вясковы і не толькі гарадскі, не толькі бядацкі і не толькі шляхетны. Калі паглядзець на тачкі, рассованыя па ўзбочынах трас Мінскай вобласці, можна адназначна заключыць, што аб’ядноўвае паляванне на грыбы і багатых, і бедных. І вельмі складана знайсці яшчэ адно такое ж захапленне, у якім удзельнічалі б усе слаі.
То годзе празываць нас бульбашамі! Мы — грыбнікі. І тое гучыць горда!
Віктар Марціновіч, “Будзьма беларусамі!”