Эканамічнымі вымярэннямі існавання дзяржавы ёсць мытня і грошы, палітычным — аўтаномнае кіраўніцтва, культурным — у тым ліку наяўнасць нацыянальнай адукацыі. Тое, што адбываецца ў нашых універсітэтах, сёння роўнае рускаму рублю ў эканоміцы і пасадзе прызначанага Пуціным губернатара ў палітыцы. Вы не хочаце беларускамоўнага ўніверсітэта? А рускі рубель вы хочаце? А рускую паліцыю тут? Не? А можа, хочаце і не ўсведамляеце таго?
Што там закідаюць энтузіястам, якія мараць пра беларускі ўніверсітэт? Тое, што такі ўніверсітэт ператворыцца ў кубло беларускіх нацыяналістаў? А гнездаванне прыхільнікаў рускага свету ў адукацыі вас не засмучае? Не падаецца больш небяспечным? А як завецца краіна, у якой вы жывяце? СССР? Расія? Ці ўсё ж Рэспубліка Беларусь? І калі вы так ужо баіцеся, што “нацыяналісты” цэнтруюцца ў адным месцы, зрабіце ўсе ўніверсітэты беларускамоўнымі. Спачатку ў гуманітарцы. Потым цалкам. Гэта размяркуе “нацыяналістаў” па ўсёй сістэме адукацыі, а гнёзды і бярлогі вымушаныя будуць шукаць тыя, хто мовай за 25 гадоў незалежнасці так і не авалодаў.
Што яшчэ ёсць заганай беларускамоўнага ўніверсітэта? Тое, што мова нашая страшэнна адарваная ад народа? Што народ на ёй не гаворыць, таму вучыцца на ёй сваіх дзетак не аддасць? А аддадуць толькі “свядомыя” апазіцыянеры, якія атрымліваюць грошы на Захадзе? Скажыце, а як вярнуць беларускую мову людзям іншым, не апазіцыянерам? Без уключэння яе ў вышэйшую адукацыю? Ці мову не трэба вяртаць, а грамадзяне мусяць вечна стасавацца на мове навагодніх пасланняў Уладзіміра Пуціна? І калі так — дык чаму тыя пасланні прыбралі з тэлевізара?
Калі перайсці на мову варожасці, якой актыўна карыстаюцца хейтары беларускамоўнай адукацыі, іх асноўную памылку можна растлумачыць так: яны блытаюць “свядомых” і “змагароў”.
Калі яны кажуць “свядомыя”, яны маюць на ўвазе беларускамоўных грамадзян, заўзятых крытыкаў рэжыму, якія выходзяць на мітынгі і стараюцца парушыць нашую крохкую палітычную стабільнасць, прычым “за грошы Захаду”. Гэткі міфалагізаваны БНФ дваццацігадовай даўніны. Той прывід БНФ стаіць вахцёрам на ўваходзе ў беларускамоўны ўніверсітэт і пужае, пужае.
Карцінка не адпавядае рэчаіснасці. БНФ — сёння хіба не самая рахманая партыя: яна ўдзельнічае ў ініцыяваных уладай электаральных кампаніях і разам з ТБМ (дэпутатка ад ТБМ ёсць у парламенце) з’яўляецца на тэлебачанні і праводзіць мерапрыемствы па ўсёй Беларусі.
З “грашыма Захаду” таксама шмат цікавага: сёння я б не наважыўся бразгануць, што Еўропа фінансуе апазіцыю шырэй, чым супрацоўнічае з урадавымі ініцыятывамі ў галінах адукацыі, аховы здароўя і развіцця інфраструктуры. Ляскат пра “грошы Захаду” б’е найперш па беларуска-еўрапейскім міждзяржаўным супрацоўніцтве па каналах МЗС. Дык каго тут занесла? Раю крышачку зазіраць у стужкі навін перад тым, як уваходзіць у рытарычны транс.
Далей: само слова “свядомыя” абазначае людзей, якія ўсведамляюць сваю беларускасць. Людзей, якія працуюць на карысць Беларусі і служаць інтарэсам беларускай дзяржавы. Любы беларус без георгіеўскай стужкі ў машыне — “свядомы”. Любы беларускі чыноўнік — нават калі чытачы “НН” яго не любяць — па сваёй ролі “свядомы”. Дык колькі можна пужаць “свядомымі”, паважаныя таварышы русафілы?
Што да “змагароў”, дык ці былі беларускамоўнымі ўдзельнікі вясновых “дармаедскіх” пратэстаў? Паглядзіце стрымінгі: шмат вы там чуеце беларускай мовы? “Дармаеды” пратэставалі пераважна па-руску. Гэтай жа мовай пісаліся артыкулы аўтараў, якіх падазраюць у распальванні варожасці. Мова — болей не атрыбут “змагарства”, але толькі адна з падставаў, якой карыстаюцца незадаволеныя. На якой падставе беларускай мове — з’яве, якая значна старэйшая і за палітычны рэжым, і за новую беларускую дзяржаўнасць, — тут адмаўляецца ва ўваходзе ва ўніверсітэт?
І чаму гэта пасля таго, як Цэнтр беларускай мовы, літаратуры і культуры адкрыўся ў расійскім МДУ імя Ламаносава, неабходнасць масавага захавання, удасканалення і вывучэння мовы ў Беларусі — усё яшчэ тэма для спрэчак?
Без універсітэцкага выкладання на мове лексіка жыве адну генерацыю. З’яўляюцца адмыслоўцы, назапашваюць словы, удасканальваюць спецыяльную тэрміналогію, можа быць — пакідаюць пасля сябе падручнікі. Але потым адмыслоўцы паміраюць, а новыя энтузіясты ўсё пачынаюць з нуля: забываюць пра падручнікі, зноўку тораць дарожкі да ўжо знойдзенай аднойчы лексікі, зноўку ўкладаюць слоўнікі. Ніякай пераемнасці.
Цікава, што беларускія ўніверсітэты ў нашай гісторыі заўсёды паўставалі тады, калі ў беларусаў з’яўляўся хаця б караценькі перадых, хаця б маленькі глыток свабоды. Потым пачынала лютаваць каланіяльная адміністрацыя, і ўніверсітэты прыпынялі працу. І толькі цяпер мы бачым, як супраць беларускага ўніверсітэта выказваюцца не прышлыя, не чужынцы, а свае, беларусы. Сваім трэба тлумачыць, што нацыянальная адукацыя — не трасца, а шчасце. Бо сваіх жа палічылі “свядомымі” і спужаліся. Гэта аўтаксенафобія, самаварожасць, страх адбітку ў люстры.
Нас цяпер нават захопліваць не трэба: мы ўсё самі старанна падрыхтавалі. Кабінеты адкрытыя, крэслы нагрэтыя, “свядомыя” вычышчаныя, запрашаем назад, таварыш Мураўёў Міхаіл Мікалаевіч! З якой фармулёўкай будзем прыбіраць беларускую адукацыю? За нацыяналізм? Ці вернемся да “езуіцкіх уплываў”?
Віктар Марціновіч, “Будзьма беларусамі!”