У гэтым ёсць нешта быліннае: заблакаваць два мільёны IP-адрасоў Amazon і Google, “пакласці” ў некаторых рэгіёнах Google Translate і Google Maps і пры гэтым не вырашыць праблемы са скасаваннем доступу да Telegram! Але працягваць з ім змагацца! Назіранне за гэтым багатырскім боем Іванушкі Дурнячка са Змеем Гарынычам — нешта, што дапамагае абвострана адчуваць адрозненні. Разумець сябе беларусам.
Так, у нас да халеры свайго абсурду, але ж ён — іншы.
Расія — краіна, дзе можна ў адзін дзень цалкам забараніць увесь далікатэсны імпарт, зрабіўшы недасяжнымі пармезан і хамон, і гэта праходзіць! Тут можна накласці забарону на “Баржомі” і грузінскае віно, якое любяць і п’юць масы, — і гэта зноўку канае! І толькі паэт Арлуша піша смешную песню.
У Беларусі нашмат менш маштабныя прыцісканні паўсядзённых звычак вядуць да енку, павольнага сабатажу і незаўважнага скасавання. Згадаць хаця б пра 75% адсоткаў беларускай музыкі на FM-станцыях: які вэрхал узняўся! А тут тысячам людзей блакуюць google.com — і нічога!
І так, прыгажосць тут яшчэ і ў пэўнай сіметрыі. У нас роўна ў той жа час Палата прадстаўнікоў прымала ў першым чытанні змяненні ў Закон пра СМІ, якія маюць мэтай “навесці парадак у інтэрнэце”. Амаль тое ж самае, што і маштабная бойка з Telegram! Але супастаўленне таго, як “душаць” у нас, і як тое ж робяць у суседзяў, дазваляе шмат што разумець пра адрозненні ў сутнасці сістэмаў.
У Беларусі дамінуе патэрналісцкі прагматызм. Ідэнтыфікацыя каментатараў мусіць зменшыць градус крытыкі пад артыкуламі пра дзяржаўную палітыку. І гэта зразумела, бо сія-тыя трэды каментароў на форумах буйных парталаў ужо пачынаюць выконваць сацыялагічную функцыю. Яны паказваюць, што насамрэч сотні плюсануўшых камент думаюць, напрыклад, пра чарговае зацісканне дармаедаў.
Гэта зразумела, лагічна але празмерна — і гэтая празмернасць шмат у чым характарызуе любыя забароны ў Беларусі. Напрыклад, навошта патрабаваць ад інтэрнэт-рэсурсаў, якія вырашылі пайсці на працэдуру “дабравольнай рэгістрацыі” (без якой супрацоўнікі тых рэсурсаў не будуць лічыцца журналістамі), абавязковага размяшчэння ў нежылым фондзе? Навошта выстаўляць кваліфікацыйныя патрабаванні да галоўных рэдактараў сайтаў, якія мусяць мець не менш за пяць гадоў вопыту работы на кіраўнічых пасадах у СМІ? Хіба пра гэта мусіць дбаць дзяржава? Хіба гэта не пытанне, якое належыць вырашаць уласніку?
Але гэта наш “буйны стыль”. Клопат, патэрналізм, ручное перабіранне бульбы. Паколькі краіна невялікая, гэта пасуе нашаму далягляду.
Што цікава, сістэма застаецца ўстойлівай і без заціскання каментатараў на форумах. І выглядае яна пры гэтым значна прыгажэй у вачах мясцовых лібералаў і заходніх дыпламатаў. І кадры, якія ведаюць, як “захоўваць парадак”, не пераходзячы да прыніжальнага sms-уліку ўсіх канапных мудрацоў, прысутнічаюць. Прайшлі ж зараз выбары ў мясцовыя саветы без забурэнняў. Ператварыўся ж Дзень Волі з асноўнай падзеі “гарачай вясны” ў музычны фестываль, адзіным ускладненнем якога сталіся зніклыя дроны.
Але без шыхтавання немагчыма. Кожны раз за 12-14 месяцаў да чарговай буйной электаральнай кампаніі пачынаецца прэвентыўнае прасаванне. Празмерны клопат. Празмерны ўлік. Празмерная цікаўнасць. Але паўтаруся: гэта ўсё хаця б лагічна. Гэта хаця б мае тлумачэнне.
Сутнасць таго, што адбываецца цяпер з Telegram у Расіі, а да гэтага адбывалася з пармезанам, грузінскімі рэстарацыямі і “Баржомі”, — поўная ірацыянальнасць. Чаму Telegram? Калі гэта нейкі “сіметрычны адказ на новыя амерыканскія санкцыі” (такія ўгашаныя версіі гучаць сям-там на патрыятычна настроеных сайтах) — дык чаму блакуецца сэрвіс, зроблены самым вядомым рускім пасля Пуціна? Чаму не “грохнуць” Facebook ці Wikipedia? Калі рэч у антытэрарыстычных захадах (а час ад часу агучаныя прычыны дзеянняў дзяржавы супадаюць з сапраўднымі!) — дык чаму б не пачаць з палявання на VPN і маляўнічай барацьбы з TOR — для якіх нават і закон ужо дзейнічае з 1 лістапада мінулага года? Калі 18 красавіка 12-ы цэнтр ФСБ пачаў рассылаць лісты пра “сапраўдныя прычыны блакавання Telegram”, якія, аказваецца, не ў тым, што Дураў адмовіўся выдаваць “ключы шыфравання”, а ў тым, што ён рыхтуецца стварыць “крыптавалюту”, дык гэты ліст выглядаў штучнай спробай рацыяналізаваць тое, у чым ratio адсутнічае цалкам. Маўляў, вы не дзівіцеся, мы не звар’яцелі, проста мы ведаем больш, чым вы, і наносім папераджальны ўдар.
Але збоку ўсе рускія паказальныя “поркі” апошняга часу выглядаюць так, быццам малалетні калектыў у дзіцячым садку абірае сабе аб’ект для нянавісці і пачынае зацята яго цкаваць. Гэта можа быць нацыя (так было з грузінамі, так цяпер адбываецца з украінцамі), гэта можа быць прадукт — напрыклад, “польскія яблыкі”, гэта можа быць сацыяльная актыўнасць, напрыклад, праца ў NGO, якія атрымліваюць статус “замежных агентаў”, гэта, аказваецца, можа быць нават інтэрнэт-месэнджар. Што далей? Ці дойдзе гэтае калектыўнае выкрыванне да астранамічных ці геалагічных аб’ектаў? Ці не будуць аб’яўленыя ворагам Расіі Месяц ці Уральскія горы?
Цікавае пры гэтым працяглае маўчанне Пуціна: ён заўсёды ў такіх выпадках пачынае гаварыць праз такую паўзу, што ствараецца адчуванне, нібыта ён сам шалее ад таго, што робіць наменклатура. У нас такія меры кіруюцца зверху ўніз, і ўсе добра ведаюць, хто іх прыдумляе і прапануе. У Расіі жаданне паваяваць з пармезанам — нават калі яно афармляецца простым указам Пуціна — заўсёды стварае ўражанне, што яно ідзе адразу адусюль. Ад бярозак. Ад журавоў у небе. Ад Мізулінай з Мілонавым. Ад апошняга ліберала на сайце ej.ru.
І гэткія маштабныя ўсплёскі ірацыянальнага — нешта, што не можа не насцярожваць найбліжэйшых суседзяў. З кім бярозкі вырашаць пазмагацца пасля таго, як перамогуць Дурава?
Віктар Марціновіч, “Будзьма беларусамі!”