Віктар Марціновіч разважае на budzma.by пра ўчорашнія падзеі ў Курапатах і магчымы рэванш савецкай мінуўшчыны
Так, з пункту гледжання паліттэхналогій, логікі і падрыхтоўкі да выбараў ніякага плёну “добраўпарадкаванне” Курапатаў бульдозерамі і трактарамі не мае. Сапраўды, цяпер уладзе трэба актыўна шукаць шляхі да нацыянальнага кампрамісу, “паяднання з народам” і г.д. Але тое, што адбылося 04.04, можна ўспрымаць зусім на іншым узроўні. Не як паліттэхналогію, а як рытуал. Рытуал, першапачаткова зладжаны не з рацыянальнымі, а з адваротнымі рацыянальнасці мэтамі.
Я глядзеў на тое, як на крыжы накідваюць петлі і выцягваюць іх з зямлі над могілкамі, і не мог забыць тую частку “Таемных відаў на гару Фудзі” Пялевіна, дзе тры алігархі, напалоханыя сваім выпадковым паглыбленнем у будысцкія інсайты, вырашылі парушаць усе будысцкія запаветы адразу, каб як найхутчэй пазбавіцца ад прасвятлення, якое моцна муляла.
Крыўдзіць мёртвых і яўна, з асуджэннем прадстаўнікоў хрысціянскіх канфесій, ісці супраць Бога — спрадвеку вельмі хуткі шлях выйсці за межы зразумелага свету і апынуцца ў прасторы, дзе ўсё крыху па-іншаму. Беларусь — тэрыторыя, на якой сышліся ў адвечнай спрэчцы не толькі Захад і Усход, тут вядуць бойку за мазгі мільёнаў хрысціянства і сацыялізм, Новы Запавет і Кодэкс Будаўніка Камунізму, Крыжовы шлях і Вайсковы Парад. Тут ужо секлі галовы цэрквам, тут ужо ўзрывалі храмы, і ў кожнай беларускай вёсачцы ёсць асобны аповед пра тое, якую кару панеслі дурні з сякерамі, што завіхаліся пад нябёсамі.
Але сталінізм — гэта таксама рэлігія, Прычым рэлігія магутная, мяркуючы па тым, як дагэтуль “не адпускае” тых-сіх яе заўзятараў. Нарэшце, каб узяць і ні за што пакласці ў зямлю мільёны, каб толькі ў Курапатах забіць тысячы ні ў чым не вінаватых, трэба быць моцным чараўніком. І такія масавыя чалавечыя ахвяры выклікаюць сур’ёзныя і працяглыя наступствы (азірніцеся навокал, мы ў іх жывём). Да нядаўняй пары Беларусь упэўнена схілялася на бок камуністычных багоў: паўсюдныя вуліцы Леніна і Энгельса, уся гэтая моўная нумералогія, з савецкімі абрэвіятурамі ў найменнях устаноў, помнікі катам у любым невялічкім райцэнтры, салюты, чырвоныя зоркі — вось гэта ўсё.
Але апошнія два-тры гады ў афіцыйным спектры пачало праглядаць нешта чалавечае. Нейкія такія, ведаеце, ваганні. Там помнік Леніну прыхаваюць. Моўчкі, каб не злаваць свае чырвоныя нябёсы. Тут акцыю ў гонар сталінскай перамогі “не разрышаць”. Святкаванне сотых угодак БНР ля Опернага, зноў жа. І на тонкім узроўні, калі апісваць гэта ўсё словамі Кастанеды ці Пялевіна, нешта, ведаеце, не пайшло. Заробкі падаюць. У Брэсце няспынныя пратэсты праз акумулятарны завод, Гомель жабруе, з Масквой “ніпаняткі”, каровы стаяць абасраныя, капыты — нячышчаныя. Быццам і таго бога, у кіцелі, з трубкай, прагнявілі, і гэтым багам, нармальным, чалавечым, не спадабаліся. Яно, безумоўна, даволі прадказальна, бо багі — не “Газпрам” і не любяць інструментальнага да сябе стаўлення. Калі ты ўжо сталініст, дык насі сваю форму і не аглядайся на БНР-100 ці іншыя дзікунствы “бандэраўцаў”. Але нешта тут было і Сізіфава, калі, перад тым як выправіцца ў пекла катаць свой каменьчык угару, той вырашыў пакрыўдзіцца на нябёсы і пасвысвятляць з імі стасункі. То быццам Сталін нам недаплачваў. І газ заўсёды мусіў быць па 80 даляраў за 1 тыс. куб. м проста па факце наяўнасці помніка Леніну ля Дома ўрада.
То — вы заўважылі, як рэзка пачаўся рэванш? Мне асабліва спадабалася, што валка крыжоў у Курапатах супала з перайменаваннем вуліцы Адама Міцкевіча (беларускага паэта) у Рэчыцы ў вуліцу Яўгена Міцкевіча (ганаровага чэкіста, працаўніка АГПУ-НКУС). На тонкім узроўні нас спрытненька вяртаюць назад, да узножжа чыгуннай статуі Сталіна, пад цень агромністых Сярпа і Молата, у надзеі на тое, што савецкія здані выцягнуць нас у гэты лёсавызначальны год.
У гэтай сітуацыі мне асабіста вельмі шкада палеглых у Курапатах: калі дапусціць, што жыццё істоты не канчаецца смерцю (вельмі імаверна) і што душа памерлага мае хаця б які імпэт да пражытага колісь лёсу (меней, але імаверна), як ім, нашым дзядам, продкам, назіраць за тым, што робіцца на народным мемарыяле? І ці хопіць у іх моцы за сябе пастаяць?
Завяршыць хацеў бы цытатай з аднаго беларускага рамана апошніх гадоў:
— Мёртвыя пакрыўджаны, — сказаў ён.
— Мёртвыя пакрыўджаны? — зноўку перапытаў я.
— Мёртвыя пакрыўджаны. Колькі гадоў ужо, колькі стагоддзяў тут сруць на магілы продкаў. Іх зневажаюць, іх, як яны кажуць, “ушчыльняюць”, будуючы на могілках жылыя кварталы. Іх крыўдзяць наўмысна, а мёртвыя бачаць, але трываюць. Бо мёртвыя пачынаюць гаварыць толькі ў самых выключных выпадках. І такі выключны выпадак настаў.