Хор, які выйшаў з філармоніі і пайшоў у народ, сёння ў дзіўным становішчы. Два ўдзельніка калектыву за кратамі, некаторыя маюць штрафы. Павел Гонца, мастацкі кіраўнік і дырыжор «Уніі», пагутарыў з намі пра жыццё хору за некалькі дзён да свайго суда. Марына, жонка затрыманага саліста Аляксандра Шыка, распавяла яго гісторыю.
«УНІЯ» – НАЦЫЯНАЛЬНЫ ЗДАБЫТАК БЕЛАРУСІ
Павел: У нашага хора наогул складаны лёс. «Унія» была заснавана ў 1990-м годзе і знішчаная рэжымам у 2001-м: улады спынілі фінансаванне. Але насамрэч дзіўна, што мы пратрымаліся так доўга. Затым «Унія» яшчэ збіралася, уключна да 2004-га, на энтузіязме. Але ва ўсіх былі сем’і, працы… Пазней была яшчэ адна спроба адрадзіць, але аб’ектыўна рэалізаваць яе было немагчыма, бо наш кіраўнік Кірыл Насаеў быў хворы.
Першы сігнал для нашага вяртання прагучаў, калі адбыўся першы стрэл у Беларусі. Мы сабраліся не праз грошы – так падказала сэрца. Але спадзяемся, што толькі гэтым усё не абмяжуецца. Мы верым, што гэта будзе дзяржаўны калектыў, які будзе прадстаўляць краіну паўсюль. Бо наш хор – гэта не проста калектыў, сфармірованы на хуткую руку, гэта нацыянальны здабытак Беларусі. Як Купалаўскі тэатр, як Музей Ваньковічаў. Мы выконваем любую музыку: ад кампазіцый VI стагоддзя да сучаснага джаза, музыку ўсіх краін, пластоў і жанраў.
Асабіста для мяне «Унія» – культавы хор. Я на ім у пэўным сэнсе гадаваўся, і не толькі я. У сцяпянскіх хлопцаў у 2006 і 2010 гадах гэтая музыка гучала ў плэерах. Яе ведалі ўсе: ад рабочых да бандытаў. Ведалі наш альбом «Лірыка змагання». Па сутнасці, гэта адзіны ў краіне харавы калектыў, чыя музыка пайшла ў народ. Не засталася ў сценах Філармоніі, а выйшла ў раёны, пайшла па заводах. Гэта музыка моцных і свабодных людзей.
Як адчувае сябе хор «Унія» цяпер? Як увесь беларускі народ: стаміўся і хоча жыць па-іншаму. Мы падтрымліваем забастоўку, таму ў Беларусі не выступаем. У Еўропе не выходзім на сцэну з-за каранавіруса. Таму і атрымліваецца, што пакуль канцэртнай дзейнасці ў нас няма. Але па інтэрнэце мы працягваем ладзіць праекты. Здымаем кліп. Пасля яго можна будзе ўбачыць у Канадзе, Лацінскай Амерыцы і шэрагу еўрапейскіх краін. Відэа будзе на кампазіцыю, у якой саліруе Аляксандр Шык – артыст з унікальным, неверагодна прыгожым тэмбрам. Наогул усе нашыя хіты запісаныя яго голасам, у тым ліку і «Пагоня».
АЛЯКСАНДР ШЫК – АРЫШТАВАНЫ ВЯДУЧЫ САЛІСТ «УНІІ»
Марына: Магчымасць папрацаваць у вядомым калектыве «Унія» у Сашы з’явілася ў 1995-ым годзе. Яму было гэта цікава, хаця хор наогул тады настолькі не цаніўся. Саша заўсёды вельмі радаваўся, калі адбываліся канцэрты, гастролі, часам спяваў дома. Цяпер, пасля таго, што адбылося ў краіне, заставацца абыякавымі было немагчыма. Яму нават з большым жаданнем, чым раней, хацелася зрабіць свой унёсак у пад’ём Новай Беларусі і адраджэнні нашага калектыву, таму мой муж у хор і вярнуўся. І цяпер, на жаль, побач з намі пакуль не прысутнічае. Мне перадалі, што мой муж там, за кратамі, у бадзёрым стане, яго часовая «пасадка» не тармазіць працэс. Наадварот, пераконвае, што мы на правільным шляху і што ўсё будзе добра.
Пра яго момант затрымання магу распавесці толькі са слоў людзей, якія былі побач з ім. Я сама тады знаходзілася ў няволі, мяне затрымалі крыху раней, у пятніцу, 30 кастрычніка. Як і ўсіх, за выказванне грамадзянскай пазіцыі. Прыйшлі да мяне дадому і забралі. У панядзелак Саша паехаў высвятляць, калі ў мяне будзе суд. Там да яго падышлі, звярнуліся па прозвішчы, прадставіліся і таксама забралі. Мяне ў панядзелак выпусцілі, а яго пасадзілі.
Прычым, ведаеце, так брыдка… Міліцыя, якая была ў мяне на судзе, проста галосна смяялася, пакуль суддзя адышла абдумваць вердыкт... Я наогул не разумею, як гэта. У выніку мне прысудзілі штраф. Па знакамітым артыкуле 23.34.
А цяпер пагражаюць яшчэ і дзіця забраць. У нас з трое дзяцей. Двое – сваіх, трэці – прыёмны. Дык вось пасля таго вынясення вердыкту мяне выклікала начальства органаў апекі і папярэдзіла, што як толькі прыгавор уступіць у сілу, яно прыпыніць дамову са мной як з прыёмнай маці і на гэтай падставе забярэ 17-гадовага сына з сям’і. Радуе, што ён адэкватны хлопец, рэзка стаў дарослым за апошні час. І я разумею, што магу з ім абмеркаваць нашыя наступныя дзеянні. Мой адвакат кажа, што праваахоўнікі не могуць забраць сына па заканадаўстве. Але невядома, як усё будзе ў рэальнасці. І безумоўна, я буду аспрэчваць рашэнне па маёй справе.
САМЫ ЯСКРАВЫ МОМАНТ
Марына: Адзін з самых прыгожых эпізодаў у жыцці «Уніі», на мой погляд, адбыўся зусім нядаўна, калі на канцэрце ў Чырвоным касцёле артысты спявалі «Пагоню». Раптам усталі апошнія шэрагі, паднялі знак перамогі, і «хваля» пайшла наперад. Людзі настолькі актыўна падтрымлівалі яе, што кранала ледзь не да слёз...
Павел: А я памятаю, як аднойчы ў паходзе, дзе я быў, цалкам незнаёмыя людзі ўсе разам пачалі выконваць песні «Уніі».
ПОСТСКРЫПТУМ
Павел: Насамрэч «Унія» заўсёды была ў апазіцыі. Таму што яе ўзначальваў разумны чалавек, які ўмеў думаць. Менавіта з Кірыла Насаева адбылося маё асабістае знаёмства з хорам. Пасля яго сыходу наш хор імкнуўся адрадзіць Андрэй Хабібулін. Цяпер таксама ў нас нямала выбітных людзей, якія змагаюцца за нашую свабоду,.і кожны з іх мае вялікую значнасць для калектыва. «Унія» ж заўсёды была хорам салістаў.
Для старэйшага пакалення «Унія» – гэта больш вялікая рок-банда са сваімі гісторыямі, гэта мужчынскае братэрства. А цяпер мы, больш маладыя, адраджаем яго, і будзем рабіць усё магчымае, каб падтрымаць краіну ў барацьбе. Мы будзем выступаць. Не ў Беларусі, дык у Еўропе, не ў Еўропе, дык у Амерыцы, не ў Амерыцы, дык у Афрыцы. Калі не з жывымі канцэртамі — праз інтэрнэт. Скажу нават больш: нашая праца на бліжэйшыя 2 гады ў «Уніі» ужо распланаваная: канцэрты, запісы, кліпы… Будзем пашыраць наш акадэмічны фармат. І мы насамрэч адчуваем, што людзі чакаюць нашага вяртання.
Жыве Беларусь, Жыве «Унія»!