Паэт і грамадскі дзеяч выказаўся пра судовы працэс над Саюзам беларускіх пісьменнікаў.
— У рамках працэсу ліквідацыі Саюза беларускіх пісьменнікаў адбылося судовае пасяджэнне ў Вярхоўным судзе... — напісаў Уладзімір Някляеў на сваёй старонцы ў фэйсбуку. — Я сядзеў у судовай зале і ўспамінаў, як для таго, каб напісаць тэкст пра вар'ятню, угаварыў майго сябра, які працаваў у псіхдыспансеры, пасяліць мяне ў час ягонага дзяжурства ў адну з «палат №6».
І ў ёй аказаўся псіхічна хворы суддзя. Ён штодня прызначаў судовыя пасяджэнні з псіхамі, якія былі «пракурорамі», «адвакатамі», «падсуднымі», на дзіва пераканаўча для хворага вёў тыя пасяджэнні, і ўсё выглядала як у сапраўдным судзе, толькі было ўсё гэта ў дурдоме.
Дык вось: сёння ў БЕЛАРУСКІМ Вярхоўным судзе БЕЛАРУСКІ суддзя з БЕЛАРУСКІМ пракурорам і прадстаўніком БЕЛАРУСКАГА Міністэрства юстыцыі судзілі БЕЛАРУСКІ Саюз пісьменнікаў.
Я паспрабаваў сказаць (але мне не далі такой магчымасці), што гэта дурдом. Што без беларускіх літаратараў не было б ні беларускага Вярхоўнага суда, ні беларускіх суддзяў, ні беларускіх пракурораў!
Не было б самой БЕЛАРУСІ, бо ідэя беларускай дзяржаўнасці была ўпершыню выказаная менавіта ў беларускай літаратуры, і менавіта беларускімі літаратарамі ідэя гэтая была сфармуляваныя палітычна. І што ў сваім станаўленні як дзяржава Беларусь абапіралася на нацыянальную літаратуру, на літаратараў — больш ёй ад самага пачатку не было на што і не было на каго абаперціся.
І што сённяшняя беларуская літаратура, якую прадстаўляе цяперашні Саюз беларускіх пісьменнікаў, такое ж апірышча ўсяго нацыянальнага, беларускага… І за гэта яго знішчаць?! Праз тое, што ён не ў час падаў у Міністэрства юстыцыі нейкія паперкі?..
Калі гэта не дурдом, дык тады нешта горшае. Вайна, якая вядзецца ў Беларусі супраць усяго беларускага. І ў ёй, у гэтай вар'яцкай вайне час спыніцца. Бо калі не спынімся, замест беларускага Вярхоўнага суда будзе іншы суд. Бо калі не спынімся, знішчым не толькі Саюз беларускіх пісьменнікаў. Знішчым Беларусь як Айчыну. Знішчым саміх сябе.