 
		
	 Былы кандыдат у прэзідэнты на выбарах-2010, палітык і паэт Уладзімір Някляеў выказаўся на тэму падпісанага Аляксандрам Лукашэнкам закона аб нацыянальнай бяспецы. 
— Кожным чарговым дэкрэтам, указам, законам рэжым спрабуе ўзаконіць беззаконне, якое пануе ў Беларусі і з'яўляецца асновай існавання рэжыму, — напісаў Уладзімір Някляеў на сваёй старонцы ў фэйсбуку. — Але нават сярод самых неверагодных дэкрэтаў і ўказаў закон «Аб змяненні законаў па пытаннях нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь» уражвае сваёй адыёзнасцю. Ён не выглядае законам мірнага часу — гэта закон часу ваеннага: расстрэл на месцы. Гэты «закон» дазваляе сілавікам страляць у каго заўгодна і дзе заўгодна, забіваць людзей, не несучы за тое ніякай адказнасці...
 
													
 
																								 
																								 
																								 
																								 
																								