Ці ўратуе Беларусь “войска мёртвых”?

Алесь Кіркевіч разважае пра магчымыя абрысы будучыні, якіх ніхто не прапануе.

Усталяванне помніка Гедыміну ў Лідзе стала падзеяй нацыянальнага маштабу – сапраўды густоўны конны вершнік, за якога не сорамна ні перад сваімі, ні перад турыстамі, нацыянальныя сцягі ды “Пагоні”, усё гэта пад гукі дуды Алеся Мікуса – казка. Тое, пра што мы і марылі.

Прынамсі, так падзея выглядае ў фэйсбуку, калі вашыя фрэнды – больш ці меньш патрыятычна настроеная публіка. Папярэдне ўжо былі помнікі Усяславу Чарадзею, Альгерду, Давыду Гарадзенскаму, Льву Сапегу, Касцюшку, Мемарыял у Курапатах. Наперадзе, калі ўсё будзе добра, бронзавы Глеб Менскі ў сталіцы ды Міндоўг у Наваградку.

Калі паглядзець рэтраспектыўна, вачыма 5-10-гадовай даўніны, то тэндэнцыя сапраўды фантастычная. Тады пра такое ў Беларусі маглі адно марыць. З помнікам Касцюшку заставалася фоткацца ў Кракаве, з Гедымінам – у Вільні. Сумна і трошкі па-жабрацку. На радзіме ж навіна пра чарговы помнік выклікала лёгкія дрыжыкі… Што, зноў? Сімон Балівар? Новая кампазіцыя на ўгодкі міліцыі? Выцягнуты з нейкага завуголля і адрэстаўраваны бюст Дзяржынскага? Нават і ўзгадваць не хочацца.


“І камуністы цэлыя, і нацыяналісты сытыя”

Фактычна, улада пры спрыянні грамадскасці зараз робіць тое, чым павінна была займацца 25-30 гадоў таму, яшчэ на золку незалежнасці. Вядома ж, шмат якія рашэнні пра помнікі ці перайменаванні вуліц былі афіцыйна прынятыя на пачатку 1990-х, але так нічым і не скончыліся. Напрыклад, рашэнне пра помнік Каліноўскаму ў самым цэнтры Горадні было зацверджана, але не рэалізавана. Рашэнні пра перайменаванне вуліцы Сацыялістычнай ў Вітаўта Вялікага, а Бульвара Ленінскага Камсамолу – у Тарашкевіча – таксама прынятыя, але пра тое ніхто не памятае.

Ніякай дэкамунізацыі і рэальнага вяртання да сваёй гісторыі паміж 1991-м і 1994-м так і не было праведзена, хоць зараз тыя часы малююцца ледзве не як “залаты век беларушчыны”. Падручнікі – так. Помнікі ды вуліцы – не. Праўда ж. Зараз, падобна, дзяржава з нейкіх сваіх меркаванняў паміж шляхам нацыянальнай памяці ды неакамунізмам выбірае такую-сабе эклектыку: “І камуністы цэлыя, і нацыяналісты сытыя”. Усё, згодна логіцы бацькоў Вялікага Княства: навіны не ўводзіць, старога не чапаць.

Безумоўна, такое суіснаванне герояў розных пантэонаў – гэта цікавы эксперымент. Як у галовах беларусаў маюць сумяшчацца царскі гарадавы і Дзяржынскі, Сталыпін і Каліноўскі, Сувораў і Касцюшка – вялікая таямніца. Шматвектарнасць, “гібрыбная гісторыя”, максімальная талерантнасць – называйце, як хочаце. Бронзы ў нас на ўсіх хопіць. Скульптараў, таленавітых і не вельмі, таксама.


Спрэчкі пра 1640-я, а не пра 2050-я…

Пытанне, думаю, трошкі ў іншым. Нацыянальная спадчына, як і ўвесь комплекс нацыянальнай ідэнтычнасці, у нашым рэгіёне не ў апошнюю чаргу ўспрымаецца як фактар нацыянальнай бяспекі. Прынамсі, мае ўспрымацца. Так ёсць у Літве і Латвіі, ва Украіне, у Польшчы ды ў той жа Расіі. Адсыл да гісторыі – універсальны спосаб паказаць, хто тут легітымны гаспадар і за што, крый Божа, прыйдзецца змагацца з патэнцыйным ворагам. А яны, князі і рыцары і бліскучых даспехах – натхняць і дапамогуць. Як “войска мёртвых” (Dead Men of Dunharrow) ва “Уладары пярсцёнкаў” Толкіна, якое дапамагло адстаяць Мінас Цірыт, змагаючыся з ордамі Саўрона.

І гэта правільна. Але, ці дастаткова? Ці не занадта часта ў спрэчках і фантазіях пра мінулае, у спробах выклікаць на дапамогу гэтае самае “войска мёртвых”, мы цалкам губляем візію будучыні? Інтэлектуалы ў Беларусі б’юць ілбы над тым, як усё выглядала ў 1410-м, у 1660-х, у 1939-м, але толькі зрэдку кажуць пра 2020-я ды 2050-я… А што там? Як мае выглядаць Беларусь ХХІІ стагоддзя? Ці застануцца ў нас саюзнікі, апроч Dead Men of Dunharrow (для некага з пакутніцкім абліччам Каліноўскага, для некага – з сухарлявым тварам Бацькі Міная ці ўсмешкай Машэрава)?


СССР 2.0 ды суцэльная імгла

У сваёй кнізе “Расія ў імгле” Герберт Уэлс некалі пісаў пра таямніцу перамгі бальшавікоў. Сапраўды, а чаму? Царская ўлада падавалася гранітным маналітам, “залатапагонная армія” – асобным салідарным агранізмам, эсэры – топавымі рэвалюцыянерамі, у кожным кутку імперыі наспявалі свае нацыянальныя эліты… Дзе там месца бальшавікам? А яны прыйшлі ды ўсё забралі. Паводле Уэлса, бальшавікі далі людзям максімальна яскравае ўяўленне пра будучыню, у якое хацелася верыць. Роўнасць, братэрства, далоў кайданы, дзяўчаты спяваюць песці, хлебам пахне – прыгажосць. Вобраз новы, незаплямлены. Хочацца верыць, праўда ж?

Вяртаючыся да нашай сітуацыі, я ніяк не магу знайсці адказу – хто ў сучаснай Беларусі малюе ці наогул здольны намаляваць такі вобраз Беларусі будучыні? За кадравымі перастаноўкамі, эканамічнымі дэкрэтамі, чуткамі пра інтэграцыю ды бясконцымі спрэчкамі пра гісторыю яго наўпрост ня бачна. Беларусь будучыні выпадае з дыскусіі. Сённешні Крэмль будуе СССР 2.0, у якім хоча бачыць і нас, і ўкраінцаў, і яшчэ шмат каго. Гэта – моцны вобраз, здольны захапіць фантазію неафіта. А які наш контрвобраз? Яго пакуль не бачна. Імгла суцэльная.

Алесь Кіркевіч, budzma.by