Ці будзе «адліга»? Палітолаг распавеў, чаго чакаць у 2022-м ад спадчыны 2021-га

Палітычныя прагнозы ў Беларусі — справа няўдзячная, а ў нашыя часы — няўдзячныя ўтрая. Сітуацыя змяняецца, і змяняецца яна імкліва. Таму мы вырашылі асабліва не варажыць, а адскокваць ад тых трэндаў, якія нам пакінуў у спадчыну 2021 год.

Пра гэтыя трэнды мы і пагутарылі з палітолагам Аляксандрам Класкоўскім. І, зразумела, мы ведаем, што першай буйной палітычнай кампаніяй года будзе рэферэндум па новым праекце Канстытуцыі. Гэта самая відавочная палітычная кампанія 2022 года.


Па ўладным сцэнары

Аляксандр Класкоўскі лічыць, што рэферэндум пройдзе «ў плюс-мінус вызначаны тэрмін, таму што гэта шмат анансавалася, шмат рэкламавалася, і Маскве, напэўна, абяцанні на гэты конт былі дадзеныя».

— Насамрэч для Лукашэнкі такой ужо пільнай патрэбы ў гэтым рэферэндуме, на мой погляд, няма. Моцна змянілася сітуацыя з тых часоў, калі ў жніўні-верасні правадыр беларускага палітычнага рэжыму быў шакаваны размахам і сілай пратэстаў. Тады сапраўды, напэўна, ён даў Крамлю нейкія абяцанні наконт транзіту ўлады. Але за той час ён збольшага, напэўна, пераканаў Уладзіміра Пуціна, што ўсё ўжо закатана ў асфальт, што сітуацыя пад каўпаком, пад кантролем, таму патрэбы ладзіць транзіт улады ў хуткасным рэжыме ўжо няма. І мы бачым па праекце Канстытуцыі, што Лукашэнка закладае туды тыя параметры, той дызайн, які будзе найзручнейшы для яго самога.

Палітолаг не прагназуе нейкіх нязручнасцяў і нечаканасцяў для ўлады ў правядзенні гэтага мерапрыемства.

— Хоць улады трошкі і нервуюцца, бо гэта, як-ніяк, усё ж электаральная кампанія, трэба пускаць народ на ўчасткі, трэба прытрымлівацца нейкіх дэкарацый… Хаця я дапускаю, што і гэтым разам кабіны для галасавання будуць без фіранак — скажуць, што гэта для прафілактыкі кавіду, каб вірусы там не збіраліся. Не здзіўлюся, калі там будуць стаяць амапаўцы з дручкамі… Тым не менш, я думаю, што план праціўнікаў рэжыму, каб людзі прыйшлі на ўчасткі і зрабілі бюлетэні несапраўднымі, не спрацуе моцна. Прынамсі, не настолькі, каб пахіснуць рэжым. Проста цяпер такі перыяд, што няма палітычнай мабілізацыі, у грамадстве пануюць іншыя настроі, чым былі ў жніўні 2020 года, гэта аб’ектыўная сітуацыя і тут ніякія штабы праціўнікаў Лукашэнкі вышэй за пояс не скочуць.

Таму, па вялікім рахунку, рэферэндум па Канстытуцыі пройдзе ў тым ключы, як хацеў бы Лукашэнка: і яўка, і вынікі абвесцяць такімі, да якіх улада звыкла.

— Ну і з праекту Канстытуцыі вынікае, што ніякай рэальнай змены палітычнага дызайну не будзе, таму што Лукашэнка вырашыў усё гэта расцягнуць, ён відавочна разлічвае ў сваім крэсле прабыць да канца кадэнцыі, да сярэдзіны 2025 года. І мы бачым, што бліжэйшая электаральная кампанія запланаваная на 2024 год — гаворка ідзе пра выбары ў парламент і мясцовыя Саветы. Так што ўлада, хоць і лічыць, што здушыла пратэст, усё ж пабойваецца электаральных кампаній.


А што пасля?

Калі ўлада правядзе рэферэндум так, як ёй трэба, лагічна было б чакаць, што ў рэпрэсіях адбудзецца нейкая «адліга». Бо, калі ўлада атрымае ўсё, чаго яна хацела, дык ці варта працягваць ціск і далейшае раструшчванне ўсіх нязгодных? Між тым, такое развіццё падзей, паводле Класкоўскага, не вельмі верагоднае.

— Уладзе сапраўды лагічна было б прадаць вынікі гэтага рэферэндуму не толькі ўнутранай аўдыторыі, але і на Захадзе. І такія сігналы ўжо гучаць: маўляў, мы змяншаем паўнамоцтвы прэзідэнта, нейкіх вертыкальнікаў плануецца прызначаць са згоды парламента, ЦВК будзе абірацца Усебеларускім сходам. Але ўсё гэта змены дэкарацыйныя, бо той жа УНС стопрацэнтна будзе міжсабойчыкам наменклатуры, і ўсё роўна гэта замкнёнае кола: сістэма ўсё больш аддаліцца ад народа, бо УНС увогуле невядома па якой схеме абіраецца. Чыноўнікі самі сябе будуць прызначаць у гэты сход.

Канешне, па словах Класкоўскага, сапраўднай дэмакратызацыі не будзе, але «локшыну на вушы паспрабуюць павесіць», і, канешне, будзе спроба пад выглядам саступак прапаноўваць вызваленне нейкай часткі палітзняволеных.

— Але, мне здаецца, што, у адрозненне ад папярэдніх такіх цыклаў сварак і замірэння з Захадам, якія былі пасля выбараў у 2006 годзе ці 2010-м, цяпер абодвум бакам — і рэжыму, і Захаду, — цяжка «адкруціць назад». Лукашэнка і яго атачэнне разумеюць, што нейкай вялікай папулярнасці ў народзе яны вярнуць не здолеюць. Раней можна была гэта зрабіць за кошт папулісцкай рыторыкі, за кошт расійскай падтрымкі падкупляць частку электарату, і цяпер застаецца толькі рабіць стаўку на дручок.

Усё ж такі 2020 год паказаў, што вялікая частка грамадства ўжо перарасла гэтую ўладу, і гэты працэс незваротны. Канешне, некага пасадзілі ў турму, некага выціснулі ў эміграцыю, кагосьці запалохалі, але ў цэлым грамадства ўжо не прымусіш думаць у лаялісцкім духу. Там у і застаецца толькі здушваць яго, запалохваць і трымацца на рэпрэсіях і дручках.

Натуральна, выпускаць палітвязняў у значнай колькасці, прычым, выпускаць такіх праціўнікаў сістэмы як Севярынец, Статкевіч, Ціханоўскі, беларускае кіраўніцтва баіцца. А без гэтага няма прадмету для торгу з Захадам.

З іншага боку, Захад таксама паглыбіўся ў гэтую каляіну ўзмацнення санкцый, не вызнае Лукашэнку легітымным, і калі не будзе значных саступак з боку беларускага рэжыму, нелагічна гэтыя санкцыі скасоўваць.

Ну і плюс варта памятаць, што за спінной Лукашэнкі стаіць Масква, Крэмль, які пры ўсёй цяжкасці і неадназначнасці двухбаковых дачыненняў усё ж падтрымлівае Лукашэнку, яго жорсткі рэжым, таму будзе так ці інакш кампенсаваць уздзеянне гэтых заходніх санкцый. Таму эканоміка Беларусі ў 2022 годзе не абваліцца, і з гэтага пункту гледжання ў рэжыму ёсць пэўны запас трываласці.


Чаго чакаць ад «міжнароднай павесткі»?

Падтрымка з боку Масквы, якая, па словах палітолага, у Лукашэнкі цяпер ёсць, таксама можа «скончыцца. Напрыклад, цяпер Крэмль перамаўляецца з ЗША і НАТА пра «новую стабільнасць» у рэгіёне. Бяспека — гэта тое, што Захаду важна. Ці можа Беларусь выйграць ад гэтага працэсу? Аляксандр Класкоўскі ў гэтым моцна сумняецца.

— На мой погляд, ніякага замірэння з НАТА ў Масквы не будзе. У самым лепшым сэнсе можа быць трошкі знятая двухбаковая напружанасць. Масква гуляе мускуламі, але Крэмль не мае столькі пораху ў парахаўніцах, каб кідаць сапраўдны выклік Захаду. Кажучы жаргоннай мовай, гэта проста «кіданне пантоў». Проста граюць імперскія комплексы, Пуціну трэба дамагчыся, каб Байдэн з ім размаўляў на роўных, гэта проста мроя пра тое, каб вярнуць біпалярны свет і часы Савецкага Саюза, хаця патэнцыял Расіі ўжо далёка не той.

І гэта гульня надоўга: пакуль не зменіцца расійскі рэжым, ён будзе заставацца антызаходнім. Антызаходніцтва — гэта, як яны там кажуць, адна з «скрэпаў». Нейкая напружанасць можа зніжацца, але антызаходніцтва ўсё роўна будзе заставацца сцягам Крамля.

І ў гэтым сэнсе Лукашэнка вельмі для Масквы зручны. Найперш, як плацдарм: мы бачым, што Лукашэнка, падгульваючы Крамлю, псуе дачыненні з Украінай, падкрэсліваючы, што ён гатовы выступіць на баку Расіі, калі пачнецца нейкі ваенны канфлікт. Лукашэнка — і сам вялікі антызаходнік. Ён спаліў масты ў дачыненні з Захадам пасля 2020-га… Крамлю Лукашэнка выгадны, таму што можа агучваць тыя рэчы, якія Масква ад свайго імя лічыць агучваць залішнім.

Нягледзячы на тое, што Лукашэнка для Крамля стаў таксічным партнёрам і заўсёды быў вельмі слізкім партнёрам, ён зручны Маскве. У гэтай сітуацыі пераважвае тое, што трэба мець хаўрусніка, і жаданне мець на заходнім накірунку стратэгічны плацдарм.

Так што гіпотэзы і спадзевы на тое, што «раптам Пуцін дамовіцца з Байдэнам, каб прыбраць Лукашэнку», на мой погляд, прывідныя. Няма такой ступені даверу паміж гэтымі геапалітычнымі гульцамі, і хутчэй — ёсць небяспека, што Амерыка можа саступіць Беларусь у якасці нейкага размену ў гэтай геапалітычнай гульні.


«Шосты пакет»

Яшчэ адным трэндам, які пакінуў у спадчыну 2021 год, ёсць «шосты пакет еўрапейскіх санкцый», які, нібыта, знаходзіцца ў распрацоўцы ЕС. Казалі, што ў ім — некалькі дзясяткаў беларускіх кампаній і звыш за сотню асобаў, адказных за парушэнне правоў чалавека ў Сінявокай. Аднак ранейшая практыка паказала, што санкцыі ўводзяцца вельмі марудна, і вельмі кепска спрацоўваюць.

— Тут многае залежыць ад беларускага боку, — зазначае Класкоўскі. — Калі мы ўзгадаем 2021-шы, то, шчыра кажучы, беларускі рэжым сам нарываўся, ставячы пад удар бяспеку Еўрасаюза — я маю на ўвазе пасадку самалёта Ryanair і міграцыйны крызіс. Адна рэч, калі рэжым таўчэ па галаве сваіх грамадзян, і тады Брусэль ці Вашынгтон збольшага выказваюць занепакоенасць. Іншая — калі гвалтоўна саджаюць самалёт з грамадзянамі ЕС на борце, які ляціць з адной сталіцы краіны Еўрасаюза ў другую сталіцу краіны Еўрасаюза. Гэта закранае за жывое, і мы бачылі, што Брусэль, які звычайна непаваротлівы ў гэтым плане, чарговы пакет санкцый прыняў вельмі хутка.

Жорстка ЕС адказаў і на міграцыйны крызіс, — таму што гэта была небяспека для старой добрай Еўропы, якая звыкла да спакою ля сваіх межаў і не любіць такіх раздражняльнікаў.

Так што беларускія ўлады самі раскалупвалі беларускае пытанне, уздымалі яго наверх у парадку дня Еўропы. І не выключана, што такія авантурныя дзеянні працягнуцца і ў 2022 годзе. І тады Еўропа будзе рэагаваць новымі санкцыямі.

Але зноў жа, спадзеў часткі праціўнікаў Лукашэнкі, што за кошт санкцый можна зваліць рэжым — даволі прывідны. Найперш, санкцыі носяць даволі абмежаваны характар. Што тычыцца персанальных санкцый, — так, гэта для брусэльскіх чыноўнікаў найзручней: з аднаго боку, прадэманстравалі прынцыповасць, а з іншага боку гэта не наносіць удар па інтарэсах еўрапейскага бізнесу, а для саміх беларускіх чыноўнікаў — гэта камарыны піск. Чыноўнікаў і так не запрашаюць у Еўропу, а сілавікоў дык і ўвогуле туды не пускаюць. Ніякіх актываў у еўрапейскіх банках яны таксама даўно не трымаюць, таму для іх гэта не страшна.

Датычна санкцый эканамічных — мы бачым, і гэта паказвае скандал з перавалкай калію ў Літве, што палітычныя рашэнні — гэта адно, а бізнес-інтарэсы, — гэта другое, і яны могуць уваходзіць у супярэчнасць. Той жа аўстрыйскі капітал мае інтарэсы ў Беларусі… Нерэальна, каб Захад увёў такія тэрмаядзенрныя санкцыі, якія б умомант абвалілі беларускую эканоміку.

Так што санкцыі будуць раздражняць рэжым, выклікаць, як паказвае сацыялогія, неадназначную рэакцыю ў беларускага насельніцтва: нават у лагеры апанентаў рэжыму не ўсе ў захапленні ад санкцый.

І яшчэ раз паўтаруся — Масква не дасць абваліцца беларускай эканоміцы. Яна проста будзе выкарыстоўваць гэтую сітуацыю ўзмацнення санкцый, каб мацней прывязаць Беларусь да Расіі.

Так што з санкцыйнай палітыкай шмат пытанняў, і я думаю, што ў Еўропе таксама гэта разумеюць, і ўзважваюць усе «за» і «супраць». І тое меркаванне, што так можна загнаць Беларусь у абдымкі Расіі, таксама прысутнічае.

Нейкае ўзмацненне санкцый можа быць, таму што няма сімптомаў, што беларускі рэжым пойдзе на нейкія саступкі. Але значнага і крутога ўзмацнення санкцый, напэўна, не будзе, і яны не стануць тым чыннікам, які можа паўплываць на палітычны лёс Беларусі ў агляднай перспектыве. Рэжым мае запас трываласці, каб утрымацца на нагах.


Прагноз супраць прагнозаў

Пры гэтым Класкоўскі, безумоўна, адзначае ўсю няўдзячнасць палітычных прагнозаў у цяперашняй сітуацыі. Таму што свет аказаўся вельмі ўразлівы і не такі стабільны, як нам падавалася.

— Канешне, заўсёды варта казаць што ёсць «чорныя лебедзі», як цяпер кажуць, якія могуць прылятаць нечакана. Пару гадоў таму мы не ведалі што кавід настолькі перафарматуе нашае жыццё, дый пратэстаў 2020 года ніхто не прадракаў. Яшчэ ўвесну 2020 года мы чакалі сумнай палітычнай кампаніі, бо старая апазіцыя ўсё правальвала і сварылася вакол «адзінага кандыдата». І раптам атрымаўся такі нечаканы, драматычны і нават трагічны сюжэт.

Могуць быць нейкія непрадказальныя падзеі, непрадказальныя чыннікі, можа быць нейкі кумулятыўны эфект ад гэтых чыннікаў, які прывядзе да непрадказальных падзей. Але калі разглядаць сітуацыю па трэндах — дык атрымліваецца тое, пра што мы размаўлялі.

Сяргей Пульша, novychas.info